Заўтра ў жыхароў нашай краіны будзе нагода ў чарговы раз сказаць словы павагі прадстаўнікам старэйшага пакалення. У Дзень пажылых людзей нашы погляды звернуты да самых мудрых суайчыннікаў – людзей “залатога” ўзросту, і мы з радасцю звяртаемся да родных вытокаў, сямейных каштоўнасцяў і бясцэннага вопыту старэйшых таварышаў. На Петрыкаўшчыне 7806 пажылых грамадзян, для якіх прадугле-джаны шырокі спектр дзяржаўнай і грамадскай падтрымкі. У апошнія гады прыцягненне людзей залатога ўзросту да паўнавартаснага жыцця ў грамадстве асабліва важна. Пажылыя людзі сваёй працай, самаахвярнасцю заслужылі права на годную старасць. Яна павінна быць напоўнена сэнсам і мець магчымасці для самарэалізацыі. Дзякуючы дзяржпраграмам “Сацыяльная абарона”, “Даступнае асяроддзе”, стратэгіі актыўнага даўгалецця жыццё людзей пенсійнага ўзросту набывае новыя фарбы. Рэалізацыя гэтага напрамку ў нашым горадзе, у асноўным, ускладзена на работнікаў аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэнню дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту Петрыкаўскага ТЦСАН. Напярэдадні свята я наведала аддзяленне, дзе пазнаёмілася з наведвальнікамі, многія з якіх захапілі сваім аптымізмам і працаздольнасцю. А на прыкладзе адной зямлячкі, валанцёра ўстановы, пераканалася, што ўзрост 60+ можа быць цікавым, актыўным і прыгожым.

У жанчын пра ўзрост не прынята пытацца. Але тое, што Наталля Абіякіна на свае гады не выглядае, мне было відавочным з першай хвіліны знаёмства. Падцягнутая, апранутая з “іголачкі”, на твары лёгкі макіяж, чуецца далікатны водар духоў. Акрамя ўсяго іншага – добразычлівая і ўпэўненая ў сабе. Інакш ёй нельга: яна часта бывае ў цэнтры ўвагі публікі, служыць прыкладам жыццялюбства і мудрасці. Жанчына – валанцёр. Па асабістай ініцыятыве распрацоўвае і ўкараняе ў жыццё псіхалагічныя трэнінгі з землякамі, такой жа ўзроставай катэгорыі як і яна.

– Па першай адукацыі я настаўнік рускай мовы і літаратуры. За сваё прафесійнае жыццё працавала ў хозгрупе, аддзеле кадраў аддзела адукацыі, настаўнікам, апошняе месца працы – Петрыкаўскае спецыяльнае прафесійнае вучылішча. Менавіта калі я пачала працаваць з дзяўчынкамі, якія трапілі ва ўстанову закрытага тыпу на “перавыхаванне”, мяне зацікавіла псіхалогія, – дзеліцца Наталля Мікалаеўна. – Мэтанакіравана атрымала другую вышэйшую адукацыю, звязаную з практычнай псіхалогіяй. Нягледзячы на загружанасць, знаходзіла час для вывучэння і ўкаранення на практыцы розных праектаў, стала прыцягваць да працы калег. Дні былі насычаныя сустрэчамі, конкурсамі, новымі планамі і пошукам шляхоў да іх рэалізацыі.

Трэнінгі ў тыя часы толькі пачалі ўваходзіць у практыку і распрацоўкі для ўжывання на занятках у групах нашай зямлячкі разышліся далёка за межы раёна. Ды і сама псіхолаг была ўдзельніцай семінараў, не прапускала магчымасці прадэманстрыраваць уменні і навыкі. Дарэчы, у другім выпуску міжнароднай энцыклапедыі “Лепшыя людзі 2012 года”, героі якой людзі, чыя дзейнасць з’яўляецца прыкладам для іншых суайчыннікаў, у рубрыцы “Радзімы слаўныя сыны і дочкі Беларусі” ўпісана і імя Наталлі Мікалаеўны. Гераіня не хавае: калі пайшла на заслужаны адпачынак і засталася без шэрагу абавязкаў, распісанага па гадзінах раскладу дня, звыклага кола зносін – з часам у яе жыццё прыйшла нейкая разгубленасць з-за незапатрабаваннасці. І тут падвярнуўся выпадак: аднойчы ў паштовай скрыні звярнула ўвагу на брашуру пра набор людзей пенсійнага ўзросту на заняткі ў аддзяленне дзённага знаходжання пры Петрыкаўскім ТЦСАН, якое адкрывалася ў Петрыкаве. Жанчына набрала ўказаны нумар і спытала: “Вам паслугі псіхолага патрэбныя?”. На іншым канцы провада адказалі: “Так”.

– Не буду хаваць – прыйшла ва ўстанову, каб закрыць пустэчу, якая ўтварылася, калі засталася адна ў чатырох сценах, рэалізаваць яшчэ наяўныя магчымасці. Тут я ўбачыла землякоў, якія шукалі зносін, жадалі загаіць душэўныя раны або знайсці занятак для вольнага часу. З’явілася жаданне дапамагчы людзям, надаць ім упэўненасці ў сабе, палепшыць настрой, пачуццё значнасці. І зноў звярнулася да псіхалогіі. Больш за пяць гадоў я прыходжу ў аддзяленне на добраахвотнай аснове і па ўзгадненні з кіраўніцтвам праводжу трэнінгі. Заняткі праходзяць прыкладна два разы ў месяц. Група – да пятнаццаці чалавек. Рыхтуюся вельмі старанна, прадумваю кожную дэталь, прапаную раздатачны матэрыял. – Як зараз памятаю першы праведены тут занятак: па маім меркаванні ён праваліўся па ўсіх пазіцыях. На сустрэчу прыйшло каля дваццаці пяці чалавек. Раздатачнага матэрыялу ў мяне не хапіла, усіх жадаючых не змагла ўцягнуць у працэс зносін, належнага ўздзеяння трэнінг не даў. З часам вызначыла аптымальны колькасны састаў групы, глыбей адчула людзей, вызначыла накірункі. Мы пачалі разам працаваць над хвалюючымі нас момантамі: наступленне адзіноты, зніжэнне жыццёвага тонусу, адносіны з дзецьмі і ўнукамі. Мы вучыліся зноў адчуваць сваю запатрабаванасць і значнасць.

З часам Наталля Мікалаеўна пашырыла тэматыку сустрэч. Пачалі адпрацоўваць навыкі ўпэўненых паводзін у грамадстве, трэніраваць памяць і ўвагу, навучацца прыёмам самадапамогі. Трэнінг доўжыцца 2-3 гадзіны. Але бываюць выключэнні. Сустрэча па тэме “Беларускія прысмакі” працягвалася каля пяці гадзін. Наведвальнікі аднесліся адказна і ўнеслі асабістую ініцыятыву: занятак перарос у пасядзелкі за прыгатаванымі стравамі нацыянальнай кухні. Напэўна, не трэба гаварыць, што многія наведвальнікі аддзялення за гады супрацоўніцтва сталі Наталлі Мікалаеўне сябрамі.

Са слоў маёй гераіні, ад валанцёрскай дзейнасці атрымлівае велізарнае задавальненне. У працэсе падрыхтоўкі заняткаў пашырае свой кругагляд, запаўняе вольны час, адчувае сваю запатрабаванасць. Не адмаўляе кіраўніцтву і ў дэманстрацыі свайго вопыту за межамі раёна. У 2021-м годзе са сваімі напрацоўкамі па практычнай псіхалогіі для заняткаў з узроставымі людзьмі прадстаўляла Петрыкаўшчыну на абласным конкурсе “Сярэбраны валанцёр Гомельшчыны”, дзе была ганаравана дыпломам II ступені.
– Карыстаючыся магчымасцю, віншую землякоў сталага ўзросту са святам. Жадаю здароўя, мірнага неба, гармоніі, душэўнага цяпла і спакою. Няхай кожнае імгненне вашага жыцця будзе напоўнена радаснымі падзеямі, пазітыўнымі думкамі, добрымі людзьмі. Жадаю, каб не змяншаліся сілы і цягавітасць, жаданні і мары.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о