ГАДУЕМ ПАТРЫЁТАЎ: Настаўнік, які вядзе за сабой

0
313

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь ва ўстановах, арганізацыях праходзяць тэматычныя сустрэчы, спаборніцтвы, дыялогавыя пляцоўкі.

Мэта мерапрыемстваў: нагадаць у чарговы раз сэнс слова “патрыятызм”, выпрацоўваць у сябе і навакольных якасці шчырага абаронцы інтарэсаў родных і блізкіх, сваёй зямлі. Вядома, выхаваць сапраўднага патрыёта справа не аднаго дня і агульная для ўсяго грамадства: краіне патрэбны здаровыя, мужныя, дысцыплінаваныя людзі, якія гатовыя вучыцца, працаваць на карысць роднай зямлі, а пры неабходнасці – стаць на яе абарону. Вялікая роля ў выкананні дадзенай задачы ўскладзена на ўстановы адукацыі. Мы завіталі ў Курыціцкую сярэднюю школу, дзе педагогі сваім прыкладам, працай, актыўнай грамадскай пазіцыяй вядуць за сабой моладзь, прывіваюць якасці сапраўднага беларуса.

ГАДУЕМ ПАТРЫЁТАЎ: Настаўнік, які вядзе за сабойКурыціцкая сярэдняя школа – годны прыклад установы, дзе належным чынам пастаўлена работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні становяцца ўдзельнікамі прэстыжных конкурсаў сярод моладзі краіны і па-за яе межамі ў дадзеным напрамку. Чаго толькі значыць удзел у рэспубліканскім праекце “Цягнік Памяці”. На гэтым тыдні ўстанова праявіла сябе ў праекце “ПН” “Слава герояў – у назвах вуліц”. Праглядваючы сацыяльныя сеткі ўстановы не застаецца незаўважаным як яскрава, глыбока і якасна праходзяць мерапрыемствы па выхаванні дзяцей.

ГАДУЕМ ПАТРЫЁТАЎ: Настаўнік, які вядзе за сабойВасілій Ганусевіч – адзін з педагогаў, які, напэўна, у большай ступені ўцягнуты ў працэс выхавання сваіх навучэнцаў. Пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, настаўніка гісторыі – патрабуе быць лідарам у такіх важных пытаннях.
– Першыя зерні ў выхаванні сапраўднага беларуса, будучага абаронцы Айчыны патрэбна “высейваць” у дзіцячым садку, пачатковай школе. Я часта бываю на мерапрыемствах з вучнямі 1 ступені навучання. Педагогі знаёмяць малых з багатай спадчынай. Распавядаюць, як важна любіць сваю краіну, вёску, дом. У сярэднім звяне мы вучым ганарыцца мінулым і сучаснасцю, адчуваць адказнасць, за тое, якім будзе наша далейшае жыццё. У старэйшых класах падлетак павінен асэнсаваць сваю ролю ў грамадстве, сябе як моцнага, надзейнага, упэўненага чалавека, – дзеліцца Васілій Урэставіч.

Педагог упэўнены, што важна вучыць дзяцей прыходзіць да высновы праз аналіз убачанага. – Прапаную паглядзець казку пра “Мальчиша-Кибальчиша”. На занятках дыскусіруем, ці выпадкова герой даў смяротны бой ворагу, што значыць даць “цвёрдае слова”? Праводзім паралель з подзвігам нашага юнага земляка Віці Сітніцы, які ў чатырнаццаць гадоў пайшоў абараняць малую Радзіму, – працягвае суразмоўца. – Са старшакласнікам абмяркоўваем больш сур’ёзныя карціны: “Бой с ценью”, “9 рота”, “Грозовые вората”. Важна, каб падлеткі не толькі глядзелі кінастужкі, а ўмелі бачыць важнае, не ўпускалі галоўнага.
Васілій Урэставіч дэманструе свае метадычныя, даследчыя напрацоўкі пра лёс землякоў часоў Вялікай Айчыннай, пасляваенныя Курыцічы. Усю даследчую дзейнасць педагог праводзіў і праводзіць разам з вучнямі. Суразмоўца ўпэўнены: каб любіць сваю краіну, трэба ведаць яе гісторыю, сучаснасць. Экскурсійная дзейнасць у яго дзейнасці – важная форма выхавання падрастаючага пакалення. Толькі за апошнія пяць гадоў настаўнік з вучнямі здзейснілі каля дваццаці выездаў: Гродна, Брэст, Мінск, Гомель – вучні школы пабывалі ў многіх памятных месцах краіны. Петрыкаўшчыну з яе вядомымі мясцінамі і малавядомымі для некаторых: настаўнік раскрыў мне, што на Петрыкаўшчыне ёсць свая “Лінія Сталіна”, доты часоў вайны – курыціцкія патрыёты з цікавасцю даследуюць.
Слухаць Васілія Урэставіча цікава. Яго аповед захапляе нават мяне, дарослага чалавека. Значыць, тыя формы і метады, якія абраў настаўнік – дзейсныя.
Напрыканцы сустрэчы запытала, як сучасная моладзь ставіцца да службы ў войску, на што настаўнік адказаў: “Большасць разумеюць дадзеную неабходнасць. А для тых, хто не разумее важнасці службы ў войску – ёсць настаўнік, які растлумачыць і ўпэўніць у правільнасці выбару”.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота з архіву школы.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о