Сустрэча інфармацыйнай групы райвыканкама з працоўным калектывам ДУА “Сярэдняя школа №2 горада Петрыкава” прайшла на мінулым тыдні ў рамках адзінага дня інфармавання.

Сярод гасцей сустрэчы – намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец, начальнік аддзела спорту і турызму Таццяна Жукавец, галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Талецкі.
Асноўная тэма адзінага дня інфармавання была прысвечана знакавай даце ў гісторыі беларускага народа – 17 верасня 1939 года, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гэты дзень сёлета ўпершыню ў нашай краіне адзначылі як дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.

Дзень інфармавання ў другой гарадской школе
Святлана Сянько: “Калі мы адзіныя – нам не страшныя ніякія выпрабаванні”

Намеснік старшыні райвыканкама Святлага Сянько нагадала прысутным, што тэма адзінства беларускага народа атрымала развіццё падчас VI Усебеларускага народнага сходу. На вышэйшым узроўні была падтрымана прапанова дэлегатаў аб абвяшчэнні Дня народнага адзінства. Улічваючы, што 17 верасня 1939 года стала сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, Указам Прэзідэнта было заснавана гэта дзяржаўнае свята.
– З гісторыі вядома, што з 1921 года тэрыторыі Заходняй Беларусі называліся Паўночна-ўсходняй ускраінай польскай дзяржавы – ужо ў самім найменні прадзімае ідэя непрызнання права беларусаў на самавызначэнне. У Заходняй Беларусі праводзілася палітыка, накіраваная на знішчэнне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа. Выразна гэта выявілася ў адукацыйнай сферы: калі ў пачатку 1920-х гадоў функцыянавала 2 беларускія настаўніцкія семінарыі, 8 беларускіх гімназій і каля 400 пачатковых беларускіх школ, то ў 1938-1939 навучальным го-дзе не засталося ніводнай беларускай школы, а больш за 100 тысяч дзяцей не вучыліся, – адзначыла ў час выступлення Святлана Уладзіміраўна.

Дзень інфармавання ў другой гарадской школе
Удзельнікі сустрэчы – працоўны калектыў установы адукацыі

Намеснік старшыні райвыканкама спынілася на гістарычных фактах, якія мелі месца ў перыяд 1921-1939 гадоў, прааналізаваўшы іх уплыў на развіццё краіны і згуртаванне народа. Чырвонай ніткай было падкрэслена, што мы, беларусы, – адзіная нацыя, якая абрала свой шлях развіцця і цвёрда яго прытрымліваецца, што наша сіла ў адзінстве. Бо калі мы адзіныя – нам не страшныя ніякія выпрабаванні.
Акрамя гэтага былі разгледжаны пытанні захавання правоў і абавязкаў непаўналетніх, прафілактыкі наркаманіі і незаконнага абароту наркотыкаў, а таксама надзённая тэма вакцынацыі. Галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Талецкі праінфармаваў прысутных пра рост колькасці захворванняў і неабходнасць у сувязі з гэтым абараніць сябе пасродкам вакцынацыі. Паведаміў пра наяўнасць ва УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” у дастатковай колькасці расійскай вакцыны супраць каранавіруснай інфекцыі і пастаўках кітайскай, пра абавязковае выкананне масачнага рэжыму і сацыяльнага дыстанцыявання.
Сярод узнятых працоўным калектывам пытанняў – правядзенне рамонтных работ на школьным стадыёне. Тэма ўзята на кантроль. Пытанні бацькоўскай адказнасці за правапарушэнні непаўналетніх з прысутнымі разгледзела ўчастковы інспектар ІСН Алена Гурына.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о