Творчы розум – машына, якая працуе бесперапынна, якая ўвесь час падсілкоўваецца цікаўнасцю. Няма магчымасці паставіць на паўзу або адключыць яго. Гэта дазваляе бесперапынна шукаць новыя ідэі. Менавіта так лічыць наша сёняшняя гераіня – рамеснік Вольга Моўка.

Прыгажосць у стылі бохаЖанчына з дзяцінства была апантаная творчасцю. Ёй заўсёды падабалася штосьці ствараць сваімі рукамі: паштоўкі, упакоўкі, дрэўцы з бісера, падвескі. Далей дзіцячыя захапленні перараслі ў большае. Пасля заканчэння школы Вольга вырашыла стаць мадэльерам-канструктарам па швачнай справе. І паступіла на адпаведную спецыяльнасць у каледж, што ў Бабруйску. З цягам часу Вольга прыйшла да высновы, што адной прафесіі недастаткова. І асвоіла спецыяльнасць бухгалтара, а затым і педагога працоўнага навучання.

Некалькі гадоў працавала ў Петрыкаўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі педагогам-арганізатарам і педагогам дадатковай адукацыі.
– Пасля здарылася тое, пра што марыць амаль кожная жанчына: я сустрэла каханага. І сям’я стала на першае месца, – распавяла майстар. – У дэкрэтным адпачынку мне не сядзелася на месцы. Вельмі хацелася вярнуцца да рукадзелля. Калі ў нас нарадзілася другое дзіця, майму цярпенню прыйшоў канец – я зноў вярнулася да шыцця. Як толькі малодшае дзіця пайшло ў садок, вызначылася з будучай працай – гэта бу-дзе рамяство. У 2019 годзе афіцыйна аформіла дакументы, каб вырабляць брошкі і іх прадаваць.
Справядліва адзначыць, што мая маці і бабуля з дзяцінства былі прывучаны да шыцця. Навыкі родзічаў не абмінулі і мяне.

Спачатку брошкі вырабляла для сябровак. Затым сарафаннае радыё сыграла сваю ролю. Пайшлі заказы.
Што тычыцца тэхнікі, то звычайна брошкі вырабляюцца з металу, часта каштоўнага – золата або срэбра – і ўпрыгожваюцца камянямі або эмалевымі ўстаўкамі. Як правіла, брошку выкарыстоўваюць толькі ў якасці ўпрыгажэння, аднак яна можа несці і ўтылітарную функцыю – напрыклад, зашпількі.

Я навучылася працаваць у рознай тэхніцы, але аднойчы, блукаючы па інтэрнэце, знайшла стыль для брошак, які захапіў мяне і не адпусціў. Я вырашыла паспрабаваць вырабіць іх у стылі боха. І мне спадабалася.
Што гэта такое? Боха – абрэвіятура ад “Bohemian Homeless” – богемскі (багемны) валацуга. У самім слове заключаецца ўся філасофія – змешванне багемнага шыку і нядбайнасці валацугаў.
Стыль боха – унікальны і шматгранны. Ён прыцягвае погляд, вылучае з натоўпу любую жанчыну. Гісторыя гэтага стылю налічвае 200 гадоў.

Прыгажосць у стылі бохаУ вырабе брошкі ў стылі боха выкарыстоўваю некалькі фактур тканін, дэкаратыўныя элементы і ўсё, што трапляецца мне пад руку. Практычна ўсе свае вырабы я ўпрыгожваю крышталямі Swarovski, бляск якіх зачароўвае. Таксама некаторыя элементы я вырабляю пры дапамоге гель-лаку. Звычайна на адну мадэль у мяне сыходзіць два дні. Чым складаней дызайн – адпаведна патрэбна больш часу на яго выраб.
Шыкоўны стыль боха не мае ўзроставых абмежаванняў, ён выдатна падыдзе любой дзяўчыне, жанчыне, бабулі. Узрост зусім не іграе ніякай ролі!
Важны ваш стан душы, палёт фантазіі і імкненне насіць тое, што вам хочацца, нават калі іншыя зусім не разумеюць. Неардынарнасць шанавалася ва ўсе часы. Здолець вылучыцца з натоўпу, прыцягнуць увагу індывідуальнасцю – якасці, валодаць якімі марыць амаль кожная дзяўчына. І я імкнуся ўпрыгожыць кожную.

Такая праца дазваляе мне ўвесь час развівацца, шукаць новыя формы і элементы ўпрыгожвання. Вялікую дапамогу мне аказвае інтэрнэт.
Мяне можна знайсці ў сацыяльных сетках. У інстаграм я публікую ўсе свае працы. Глядзіце і натхняйцеся!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о