Падставай для сустрэчы з Марынай Белькавец паслужыў Дзень эканаміста, які адзначаецца сёння. Жанчына шаснаццаць гадоў працуе на пасадзе эканаміста ў Петрыкаўскім камунгасе, пяць з якіх – з прыстаўкай галоўны.

Згадзіцеся, адказваць за эканамічныя паказчыкі, рабіць разлікі і прагнозы на прадпрыемстве з такой шматпланавай дзейнасцю – справа не з лёгкіх і даручана магла быць толькі кампетэнтнаму, дальнабачнаму спецыялісту. Марына Мікалаеўна не толькі годна спраўляецца з даручанай справай, а з’яўляецца прыкладам працалюбства, мэтанакіраванасці, надзейнага пляча ў калектыве.

Жыццё з лічбамі і планамі

– Я імкнулася атрымаць гэту прафесію са школьных часоў. У сваёй роднай другой гарадской школе на трэцяй ступені навучання вучылася ў профільным класе з эканамічным ухілам. Педагогаў успамінаю з цеплынёй і ўдзячнасцю за атрыманыя веды і прывітую цікавасць да дакладных навук, – дзеліцца спецыяліст. – Хачу адзначыць, што мне ў жыцці на цудоўных настаўнікаў шанцуе. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі, калі прыйшла працаваць у галіну камунальнай гаспадаркі, мяне сустрэлі, прынялі і перадалі каштоўны вопыт старэйшыя калегі.

Суразмоўца з павагай і цеплынёй гаворыць пра калектыў, у якім працуе. Акрамя яе ў эканамічнай службе яшчэ пяць чалавек. Па яе словах, штодзённа адчувае пад-трымку ў справах, яны – каманда аднадумцаў і любыя даручэнні ім па плячы. Не хавае – звязаць сваё жыццё з бясконцымі вылічэннямі, аналізамі і шматзначнымі лічбамі – не проста. Але гэта яе выбар, і ад прафесіяналізму, залежаць, у пэўнай ступені, паспяховасць спраў у арганізацыі і клімат у калектыве.

Па словах кіраўніцтва, Марыя Мікалаеўна даручэнні выконвае якасна і ў тэрмін. З членамі калектыву – ветлівая і тактоўная. Гэтыя і іншыя дзелавыя і чалавечыя якасці сталі падставай для ўзнагароджання яе з нагоды прафе-сійнага свята ганаровай граматай райвыканкама.

Размова са спецыялістам ішла не толькі пра працу, а і пра жыццё асабістае. Шчырая ўсмешка з’яўлялася на яе твары, калі расказвала пра сваіх самых родных і дарагіх людзей: мужа і траіх дзяцей. Жыццё дорыць гераіні сапраўдныя моманты радасці: зносіны з бацькамі, набыты не так даўно статус бабулі, абдымкі дзяцей, сямейны адпачынак на рэчцы сярод прыгожых прыпяцкіх краявідаў. У такія моманты жанчына разумее, што ў жыцці ўсё гарманічна і выверана, амаль як у лічбах. Галоўнае – знайсці сваю формулу шчасця.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о