Чуць галасы колішніх паселішчаў

0
402

15 жніўня археолагі постсавецкай прасторы адзначаюць сваё прафесійнае свята. Людзі гэтай прафесіі – спецыялісты штучныя, што працуюць, у большасці сваёй, у Нацыянальнай акадэміі навук ці ў ВНУ, дзе існуюць гістарычныя факультэты. Але мае ў штаце свайго археолага і Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. З Аленай Байкоўскай мы і пагутарылі пра ўменне размаўляць з артэфактамі – маўклівымі сведкамі сівой даўніны.

Чуць галасы колішніх паселішчаўДзень археолага – свята, ахінутае таямніцай свайго паходжання. Археолагі – народ сціплы і пра афіцыйнае прызнанне прафесійнага дня не прасілі. Натуральна, у адной з экспедыцый з’явілася адзначаная дата (гэта, хутчэй за ўсё, адбылося ў міжваенны перыяд), а ўся археалагічная супольнасць СССР з цягам часу пераняла гэтую традыцыю святкавання 15 жніўня.

Чуць галасы колішніх паселішчаў
Нечаканая знаходка падвескі жаночага строю Роменскай культуры

Даволі скажонае ўяўленне пра археалогію маюць і простыя людзі. “Дзякуючы” заходнім прыгодніцкім фільмам гледачы ўспрымаюць археолагаў не як даследчыкаў, а, хутчэй, у якасці шукальнікаў скарбаў, што рабуюць пахаванні ў прошуках узбагачэння.
На справе ж праца на археалагічных аб’ектах выходзіць далёка за межы выяўлення і збору знаходак. Работа археолага – пастаянны пошук. Алене Байкоўскай даводзіцца маніторыць стан ужо вядомых помнікаў і выпраўляцца ў падарожжы, каб выявіць новыя археалагічныя аб’екты. Вядома, на месцы збіраецца так званы пад’ёмны матэрыял: знаходкі, якія трапляюцца на сцежках, у кратавінах ці каранях вываратняў. Закладваюцца невялікія раскопы – шурфы, каб канчаткова пераканацца, што выяўлены аб’ект мае культурны пласт, што абавязкова з’яўляецца пасля жыцця чалавека на пэўным месцы. Усе аб’екты пашпартызуюцца, трапляюць на археалагічныя карты, а археолагі абавязкова ствараюць тапаграфічны план кожнага паселішча ці месцаў пахаванняў.

З надыходам цёплага сезону распачынаюцца грунтоўныя палявыя даследаванні, якія традыцыйна называюцца раскопкамі.
Вядома, падобная работа, хоць і можа падавацца рамантычнай, але прадугледжвае пераадоленне шэрагу складанасцей, патрабуе звычкі. Іншы раз трэба праходзіць шмат кіламетраў там, дзе не праедзе нават уседарожнік, каб сярод балатоў патрапіць на паселішча. А з сабой трэба несці яшчэ і абсталяванне. І гэта далёка не поўны спіс выпрабаванняў, якія штодзень паўстаюць перад археолагамі. На пытанне: “Як вы трапілі ў прафесію?”, – Алена Арсенцьеўна згадвае:

Чуць галасы колішніх паселішчаў
Яшчэ адна знаходка з жаночага строю славян І тысячагоддзя нашай эры

– Мае бацькі былі родам з Беларусі, бацька – з Ельшчыны, маці – з Тураўшчыны, але па размеркаванні трапілі працаваць у Казахстан, дзе я нарадзілася, навучалася ў школе, пасля і ў ВНУ. Упершыню трапіла ў археалагічную экспедыцыю напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў 13-гадовым узросце. У той час як раз быў створаны аддзел археалогіі пры абласным музеі. Я штогод наведвала раскопкі на працягу 8-мі гадоў, дзе праводзіла амаль усё лета.

Потым было навучанне ў ВНУ, мы з бацькамі перабраліся ў Беларусь і два дзясяткі гадоў я археалогіяй не займалася. Лёс зноў звёў мяне з даследаваннямі старажытнасцей, можна сказаць, выпадкова: супрацоўніца Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Вольга Харытановіч, ведаючы маё захапленне маладосці, паказала мне некалькі знаходак, потым гэтыя рэчы былі перададзены археолагу Леаніду Калядзінскаму, той, у сваю чаргу, вырашыў пракансультавацца са спецыялістам па жалезным веку Ганнай Бяліцкай. Карацей кажучы, так лёс і звёў нас разам і некалькі гадоў мы даследавалі аб’ект. Я зноў пачала займацца археалогіяй і ў 2021 годзе ўладкавалася ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”: наш дырэктар, Юрый Апановіч, падтрымаў прапанову пра стварэнне штатнай адзінкі археолага і зараз прыродаахоўная ўстанова, хіба не адзіная ў Беларусі, мае свайго спецыяліста. На маю думку, гэта цалкам апраўдвае сябе, калі Нацыянальны парк бароніць не толькі прыроду, але і гісторыю, тым больш, што тут тэрыторыя амаль не падпадае пад уздзеянне антрапагеннага фактару, – заўважыла Алена Байкоўская.

Чуць галасы колішніх паселішчаў
Падобныя знаходкі трапляюцца ў даліне ракі Дунай

Палявыя даследаванні далі свой плён, ужо зараз на некаторых гарадзішчах выяўляюцца рэчы, якіх дагэтуль не знаходзілі на Беларусі, але падобныя знаходкі трапляюцца ў даліне ракі Дунай, на тэрыторыі сучаснай Румыніі – гаворка ідзе пра знойдзеную фібулу. Больш за тое, была пазбегнута блытаніна ў картаграфіі помнікаў даўніны. Папярэднія археолагі выявілі два гарадзішчы, а думалі, што знаходзяцца на адным і тым жа помніку.

У планах: завяршыць поўную археалагічную разведку тэрыторыі, распачатую спецыялістамі Акадэміі навук яшчэ ў 2010 годзе. Вядуцца раскопкі на адным з гарадзішчаў, а са сканчэннем цяпла распачнецца так званая камеральная работа над планамі, пашпартызацыя знаходак, асэнсаванне зробленага і напісанне справаздачы. Менавіта своечасова здадзеная справаздача дазваляе археолагу не толькі падвесці вынікі сваёй работы за год, але і атрымаць чарговы дазвол на будучыя даследаванні.
Мы жадаем Алене Байкоўскай моцнага здароўя, сонечнага надвор’я і, вядома, новых цікавых знаходак.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о