15 сакавіка ў Рэспубліцы Беларусь адзначалася адно з галоўных дзяржаўных святаў – Дзень Канстытуцыі.

Быць грамадзянінам  Рэспублікі Беларусь

Стала добрай традыцыяй менавіта ў гэты дзень у нашым раёне, як і па ўсёй рэспубліцы, праводзіць акцыю ГА “БРСМ” “Мы – грамадзяне Беларусі!” з уручэннем маладым жыхарам нашай краіны галоўнага дакумента кожнага грамадзяніна – пашпарта Рэспублікі Беларусь.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ў зале Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь 6 маладым петрыкаўчанам, сярод якіх – удзельнікі грамадскага жыцця горада і раёна, спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтваў, фестываляў і конкурсаў. У цырымоніі ўручэння прынялі ўдзел кіраўніцтва Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта, а таксама актыў грамадскіх арганізацый раёна.
З прывітальным словам да герояў урачыстасці звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка:
– Уручэнне пашпартаў школьнікам у Дзень Канстытуцыі стала на Петрыкаўшчыне добрай традыцыяй. Але сённяшні дзень асаблівы, бо менавіта сёння ўступае ў сілу абноўлены Асноўны закон. Гэта будзе новая старонка ў гісторыі нашай краіны і пісаць яе давядзецца вам. У вашых руках і будучыня ўсяго нашага грамадства, раёна. Памятайце, што пашпарт грамадзяніна не проста пацвярджае прыналежнасць асобы да канкрэтнай дзяржавы, але і з’яўляецца напамінам пра яго свяшчэнны абавязак – клопат пра дабрабыт і абарону сваёй Айчыны.
Ад маладых грамадзян Рэспублікі Беларусь выступіў вучань гімназіі Руслан Буракевіч:
– Сённяшняя ўрачыстасць для кожнага з нас – гэта вялікае шчасце і высокі гонар. Мы ведаем, што нашае жыццё, свабоды, правы надзейна абаронены, і гэтую абарону забяспечвае Асноўны закон дзяржавы – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Упэўнены, што гэты дзень для школьнікаў стане важным і запамінальным на ўсё жыццё. Віншуем маладых грамадзян краіны: Дар’ю Такун, Дзмітрыя Рамаскевіча, Аляксандру Рыбалка, Руслана Буракевіча, Ягора Чырыча, Аляксандру Бычкоўскую – з атрыманнем пашпарту грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о