Быць трэнерам – гэта прызванне!

0
1211

Работа супрацоўнікаў музея заключаецца ў зборы і сістэматызацыі гістарычных матэрыялаў, пошуку новых дакументаў, інфармацыі пра знакамітых землякоў, выяўленні новых імёнаў і пошуку незаслужана забытых асоб, што паўплывалі на гісторыю краю.

Петрыкаўская зямля багатая на таленавітых людзей. Першыя праявілі сябе ў навуцы, культуры, літаратуры, другія праславіліся тым, што вырошчвалі багатыя ўраджаі, дасягалі вытворчых вяршыняў на прадпрыемствах. Кожны з іх заслугоўвае падрабязнага апісання жыцця і дасягненняў.

Быць трэнерам – гэта прызванне!Але далёка не пра ўсіх знакамітых людзей нашага раёна сабраны дастаткова поўныя матэрыялы. Некаторыя нашыя землякі вядомыя нашчадкам па кароткіх звестках. І няхай некаторыя ўраджэнцы Петрыкаўшчыны не прэтэндуюць на агульнабеларускую вядомасць, але яны пакінулі добры след у гісторыі раёна і вельмі важна, каб памяць пра ўсіх выдатных петрыкаўчанах захавалася. Справядліва кажуць, што народ павінен ведаць сваіх герояў.

У раённай газеце часцяком з’яўляюцца матэрыялы пра высокія дасягненні спартсменаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Але далёка не ўсе чытачы задумваюцца, што за кожнай перамогай стаяць трэнеры-настаўнікі, захопленыя, вопытныя, гатовыя аддаць выхаванцам увесь свой вольны час, увесь свой талент, часцінку сябе.

У поўнай меры гэтыя словы датычацца да Сяргея Руты. Нарадзіўся Сяргей Аляксеевіч у горадзе Петрыкаве, вучыўся ў другой гарадской школе, дзе і пачаў наведваць секцыю па валейболе. Неўзабаве трэніроўкі далі свой плён: хлопец удзельнічаў у гульнях першынства раёна і вобласці. З таго часу спорт стаў для Сяргея вобразам жыцця.
– Сапраўдная захопленасць гэтым відам спорту з’явілася, калі я пачаў трэніравацца ў Сяргея Елькі – трэнера, які выхаваў цэлы шэраг выдатных валейбалістаў. Менавіта гэты цудоўны спецыяліст вучыў нас ніколі не здавацца, упарта ісці да сваёй мэты і працаваць на вынік. Іншы раз лаўлю сябе на думцы, калі б не ён, магчыма, я не стаў бы тым, кім я з’яўляюся сёння, – дзеліцца Сяргей Рута.

Скончыўшы школу ў 1983 г-дзе, юнак паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут. У студэнцкія гады трапіў у зборную БССР. З 1985 па 1987 гады выступаў у нямецкай “Бундэсэкстрай лізе” за клуб “Анхайт”. У той жа час служыў у Групе савецкіх войск у Германіі.

У 2003 годзе Сяргей Аляксеевіч пачаў кар’еру трэнера, а праз два гады быў запрошаны ў трэнерскі састаў жаночай каманды вышэйшай лігі “Жамчужына Палесся”. Клуб быў неаднаразовым прызёрам чэмпіянату і кубка краіны. У 2019 годзе ў якасці другога трэнера Сяргей Рута рыхтаваў жаночую нацыянальную каманду да ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы. Зараз мужчына рыхтуе каманду мала-дзёжнай секцыі валейбола ў горадзе Мазыры. Яго выхаванцы гуляюць у мужчынскай лізе, неаднаразова былі прызёрамі Еўрапейскіх турніраў у Польшчы, Чэхіі, Украіне.

На пытанне: “Колькі дзяцей вы выхавалі за сваю трэнерскую кар’еру?”, – суразмоўца адказвае: “Сярод маіх выхаванцаў: Дзяніс Дуброўскі, Максім Марціновіч, Канстанцін Прыкота, якія зараз бароняць спартыўны гонар Мазырскага НПЗ на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, Ян Запевахін навучаўся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, праглядаўся ў суперлігу ў валейбольную дружыну Белгарада, Дзмітрый Тартачны выступае за зборную МУС, Аляксей Капусцін выступае ў саставе каманды па пляжным валейболе на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Але гэта, вядома, не поўны спіс маіх выхаванцаў”.

Менавіта з дапамогай трэнера падрастаючае пакаленне валейбалістаў засвойвае навуку перамагаць і ніколі не здавацца, упарта ісці да мэты. Арганізатарскія здольнасці, прафесійныя адносіны да справы Сяргея Аляксеевіча спрыяюць выхаванню першакласных валейбалістаў у нашай краіне.

Згадзіцеся, самых шчырых слоў падзякі заслугоўваюць людзі, якія ўсё жыццё застаюцца вернымі сваёй любімай справе!

Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о