“Адчуваю сябе абсалютна шчаслівым”

0
903

“Адчуваю сябе  абсалютна шчаслівым”Часам за спакоем і натуральнай сціпласцю чалавека хаваецца цікавая біяграфія.
Наша сённяшняя гісторыя – адна з такіх. Сустрэча з Сяргеем Хрыпачом была багатая на эмоцыі

Сяргей Васільевіч, ураджэнец вёскі Смятанічы, быў трэцім, малодшым дзіцём у працоўнай шматдзетнай сям’і. Бацька працаваў механізатарам, таму ў цёплы сезон хлопчык праводзіў вольны час на палетках.

– У 8-м класе я вырашыў, што хачу займацца музыкай. Маці, вядома, хвалявалася: на заняткі трэба было дабірацца ў Петрыкаў, бацька ж падтрымаў маё захапленне. Так і пачаў я атрымліваць пачатковую музычную адукацыю: спачатку дабіраўся да Муляраўкі, потым ехаў на аўтобусе ў Петрыкаў і адпаведным чынам вяртаўся дадому. Памятаю, выпала неяк багата снегу. Тата на сваім гусенічным трактары расчысціў мне дарогу са Смятаніч аж да самай трасы. Я прыйшоў у Муляраўку, а аўтобус адмянілі з-за нядаўняй завірухі… Гэта быў адзіны раз, калі я прапусціў урок у музычнай школе, – з усмешкай узгадвае Сяргей.

Потым была вучоба ў Мазырскім музычным вучылішчы, пасля чаго адпрацоўка ў горадзе Хойнікі і паступленне ва Універсітэт культуры. У той жа час маладога чалавека заўважылі супрацоўнікі МНС і прапанавалі служыць выратавальнікам і паралельна граць у іх аркестры.
У гэты ж час адбылося знаёмства з дзяўчынай, якая неўзабаве стала для Сяргея Хрыпача надзейнай спадарожніцай па жыцці.

– Калі мы толькі стваралі сям’ю, мая любая Наталля Анатольеўна, якая таксама выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і, шчыра сказала, што жадае, каб у нас было чацвёра дзяцей. Трэба было будаваць дом і мы вырашылі перабрацца з Мазыра ў Петрыкаў. Гэта быў не лёгкі выбар, бо я ўжо сем гадоў адслужыў выратавальнікам, быў у званні прапаршчыка, але, разумееце, тут нашыя з жонкай карані, тут бацькі, родныя, што заўсёды дапамогуць і словам, і справай, ды і мы абавязкова дапаможам сваякам, – падзяліўся Сяргей Васільевіч.

Малады чалавек уладкаваўся ў мясцовую школу мастацтваў – вучыць дзяцей музыцы яму заўсёды падабалася. У пабудове ўласнага дома істотную падтрымку аказала дзяржава, дапамаглі працай і родныя. Не змяніла сям’я і сваёй галоўнай мары – зараз Сяргей і Наталля гадуюць чацвёра дзетак: старэйшая дачка Даша навучаецца ў 8-м класе, сын Мікіта – у 5-м, дачушка Мілана стала сёлета першаклашкай, а малодшай, Ульяне, у наступным месяцы споўніцца тры гадкі.

– Жаданне мець вялікую сям’ю закладзена ў нас з любай, пэўна, у падсвядомасці. Мы маем актыўныя стасункі з братамі і сёстрамі, заўсёды тэлефануем адзін аднаму і ведаеце, гэтыя простыя размовы надаюць сіл, дазваляюць адчуваць сябе ў жыцці больш упэўнена. Дзяцей выхоўваем адпаведным чынам: старэйшая дачка заўсёды нам дапамагала гадаваць малых, зараз Даша вырашыла загадзя рыхтавацца да паступлення ў медыцынскую ВНУ, час патрэбны на заняткі, але яе ролю ў дапамозе з Ульянай актыўна ўзяў на сябе Мікіта.

Увечары мы збіраемся за сталом, абмяркоўваем справы, падзеі, гэта абавязковая традыцыя. Разам прыбіраем дом, улетку – працуем на агародзе. У вольны час дзеці ладзяць для нас сапраўдныя канцэрты: Дар’я і Мікіта валодаюць музычнымі інструментамі, акрамя гэтага ў сцэнарыі вершы, гульні. Неяк, для сямейнага выступлення ў школе мастацтваў, мы разам развучылі і выканалі “Французскую тэму” Мішэля Леграна. Не забываемся мы і пра сямейныя прагулкі, – дзеліцца бацька.

Былі і цяжкасці на шляху сям’і Хрыпачоў. У гадавалым узросце ў малодшай дачушкі Ульяны была заўважана пухліна на нырцы. Патрэбна была аперацыя, потым курс хіміятэрапіі на працягу 9-ці месяцаў. “Дзякуй Богу, мы выйшлі ў рэмісію, паўнавартасна расцем і развіваемся. А тады свет для нас пэўным чынам змяніўся. Тое, што здавалася важным, адышло на другі план. Усе матэрыяльныя каштоўнасці, да якіх імкнецца звычайны чалавек, не мелі істотнага значэння перад здароўем дзіцяці. Але з самага пачатку мы зразумелі, што павінны быць цярплівымі і не маем права апускаць рукі. Хацелася б падзякаваць усім, хто падтрымаў нас у гэты няпросты момант”, – падзяліўся Сяргей Васільевіч.

Што да галоўнага прынцыпу ў сям’і, то тут мужчына адзначае: добразычлівую атмасферу стварае любоў, узаемаразуменне і падтрымка. “Павага ў сям’і, лічу, пачынаецца з усведамлення малога, як асобы. Я стаўлю кожнае дзіця з сабою на роўных, бо гэта людзі, якія няхай і не маюць жыццёвага вопыту, але не менш, а хутчэй за ўсё яшчэ больш за дарослых, чакаюць пяшчоты і цеплыні. У нас няма галоўных – усё роўныя і таму, пэўна, мы адзіныя”.

Наша гутарка скончылася пытаннем: “Вы шчаслівы?”, на што Сяргей адразу адказаў: “Абсалютна!”. Калі мы развітваліся, мужчына дадаў: “Магчыма, можна было б расказаць сваю гісторыю больш красамоўна, дадаць яркіх фарбаў, нешта прыдумаць… Але я распавёў пра жыццё як ёсць, шчыра і праўдзіва”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о