Алене Сухапаравай, настаўніцы па класе акардэона філіяла Петрыкаўскай школы мастацтваў у Мышанцы, прысвоена званне “Лепшы па прафесіі” з занясеннем на раённую Дошку гонару з фармуліроўкай: “За актыўную педагагічную дзейнасць і высокія вынікі па падрыхтоўцы навучэнцаў да творчых спаборніцтваў і асабісты ўклад у папулярызацыю і развіццё класа народных інструментаў”.

Першы, хто павінен  паказаць майстэрства – педагогАдзін з рэжысёраў сказаў: “Калі б чалавек мог выбіраць сабе прафесію, незалежна ад грашовых срокаў, яна была б адназначна звязана з мастацтвам”. Магчыма, знойдуцца тыя, хто паспрачаецца з рэжысёрам, але той, хто хоць раз адчуў моц творчасці, ніколі не засумняваецца ў праўдзівасці выказвання.
Алена Сухапарава прысвяціла сваё жыццё музыцы. У дзяцінстве паспрабавала іграць на акардэоне і ўжо не змагла спыніцца.

Скончыла музычную школу ў Мышанцы (там жа яна нарадзілася і вырасла), паступіла ў музычнае вучылішча ў Мазыры. Нягледзячы на частыя пераезды, выкладаць музыку яна ніколі не пераставала.
– Бацькі былі вайскоўцамі. Часта пераязджалі. Менавіта так яны апынуліся ў Мышанцы, хоць самі родам з Расіі, – пачала Алена Васільеўна. – Я была ў ліку першых выпускнікоў Мышанскай школы.
Што паўплывала на выбар прафесіі? Мой дзядуля быў дырыжорам ваеннага аркестра Забайкальскай акругі. Так што гены ў мяне дакладна музычныя. Пасля заканчэння Мазырскага музычнага вучылішча я вярнулася ў родную Мышанку і выкладала тут музыку два гады. Затым мужу, ён таксама ваенны, трэба было пераехаць па службе. Так я на 9 гадоў пакінула сваю маленькую радзіму.
Жылі і працавалі спачатку на Камчатцы, затым у Смаленскай вобласці. Я працягвала займацца тым жа – выкладаннем музыкі па класе акардэона.
Час праляцеў незаўважна. Лёс зноў вярнуў мяне ў Петрыкаўскі раён.
Так, агульны стаж маёй педагагічнай дзейнасці складае 40 гадоў.
Па жыцці я іду са словамі “Працуй добра – і цябе заўважаць”. Веру, што поспех вучня залежыць ад таго, як настаўнік зможа яго зацікавіць. Перакананая, што дзіця павінна бачыць музычнае выкананне ўжывую. І першы, хто павінен паказаць майстэрства – гэта педагог. Менавіта таму я люблю развівацца і пастаянна развучваць новыя кампазіцыі.
Выхаванцы Алены Васільеўны – прызёры конкурсаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

– Безумоўна, каранавірусны час многае змяніў, мы сталі менш кудысьці выязджаць, але ў анлайн-конкурсах прымаем самы актыўны ўдзел.
І ўсё ж я магу назваць конкурсы, якія мы змаглі наведаць. Гэта “Залатая нота Палесся” ў Жыткавічах, “Маленькі прынц” у Светлагорску, “Рускі партрэт у беларускім сузор’і” ў Жлобіне. Ніколі не прапускаем раённы конкурс “Вясёлыя ноткі”.
Стараемся вывозіць дзяцей на агляды-конкурсы ў Мазырскае музычнае вучылішча, каб вучні бачылі гарадскі ўзровень і імкнуліся да новых вяршыняў. Мы заўсёды актыўныя выканаўцы на розных канцэртах у мясцовым Доме культуры. Вучні павінны мець вялікі вопыт выступленняў на сцэне. У далейшым у іх знікне страх выступлення на публіцы.

Алена Сухапарава таксама з’яўляецца канцэртмайстрам дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Задорынкі”.
– Мне вельмі прыемна быць часткай такога яркага танцавальнага накірунку.
У вольны час наша гераіня захапляецца рукадзеллем. Па словах Алены Васільеўны, ёй дастаўляе вялікае задавальненне маляванне карцін бацікам, а калегі са школы мастацтваў заўсёды могуць пракансультаваць.
– Гэта вялікі гонар для мяне і для Мышанскай школы мастацтваў, што нашу працу адзначылі на злёце перадавікоў. Калегам хачу пажадаць натхнення, вучням – здароўя, а бацькам хачу выказаць словы падзякі за падтрымку.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о