Снежная зіма наклала свой адбітак на ўспрыманне рэчаіснасці. Вось толькі ляжалі вялізарныя гурбы снегу, а ўжо над галовамі курлыкаюць і гергечуць першыя птушкі.
“Ужо вясна? Яшчэ так холадна, так рана, куды ж яны ляцяць?” – думаеш, гледзячы ім услед.
І вось, каб даведацца, ці не рана завіталі птушкі да нас, мы звярнуліся да арнітолага Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Паўла Пінчука. Ён займаецца вывучэннем птахаў ужо больш за 30 гадоў.

– Не, гэты год не вылучаецца раннім прылётам, хутчэй наадварот. Калі зіма цяплейшая, птушкі з’яўляюцца да нас напачатку лютага. Першыя крылатыя насельнікі ў гэтым годзе пачалі прылятаць з выраю ў Нацыянальны парк з пачаткам сакавіка. Адкрылі сезон жураўлі, кнігаўкі, жаўрукі і шэры гусь. Зараз ужо прыляцела звыш за 20 відаў. Птушкі спяшаюцца, у іх не так шмат часу, каб звіць гнёзды, вывесці птушанят і адляцець у вырай. Некаторыя віды праводзяць у нас толькі два месяцы, таму што пералёт даволі працяглы і далёкі. Іншыя, наадварот, могуць нават зімаваць у Беларусі, калі зіма цёплая і ёсць адкрытая вада. У гэтым зімовым сезоне, напрыклад, лебедзі, качкі і гусі адляталі ад нас вельмі позна – напачатку студзеня. Гэтыя вадаплаўныя маразоў не баяцца, калі ёсць вадаём без лёду і магчымасць харчавацца. І ляцяць на зімоўку яны не далёка, у краіны Еўропы, такі шлях шмат часу не займае.
Каб захаваць разнастайнасць і не знізіць колькасць папуляцыі, чалавек павінен дапамагчы птушкам. Лепшая дапамога – не перашка-джаць ім гнездавацца і гадаваць патомства. Змена абалонных лугоў, іх зарастанне хмызняковай расліннасцю, негатыўна адбіваюцца на колькасці птушынага асяроддзя. Паляўнічыя, рыбаловы, турысты таксама могуць турбаваць і пужаць птушак. Таму, калі вы заўважылі птушку, не спяшайцеся падыходзіць, фатаграфаваць, лепш назірайце здалёк, – паведаміў навуковец.

Мы пацікавіліся ў Паўла Уладзіміравіча пра чорнага бусла, які абраны птушкай 2026 года. Як паведаміў нам арнітолаг, – гэта птушка нашых мясцін. Калі ў Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі гэты від даволі рэдкі, то ў нас – часты насельнік, адзін са звыклых птахаў нашага рэгіёна. Шмат чорных буслоў гняздуецца і на тэрыторыі Нацыянальнага парку, тут для іх вельмі зручныя ўмовы.

У “Прыпяцкім” птушак ахоўваюць і вывучаюць. 25 гадоў тут працуе станцыя кальцавання птушак, старэйшая ў краіне. Кальцаванне – адно з навуковых мерапрыемстваў, якое дапамагае сачыць за крылатымі насельнікамі. Дарэчы, менавіта з дапамогай гэтага метаду навукоўцы нацыянальнага парку ўжо 21 год назіраюць за вялікім вераценнікам, дарэчы, сімвалам 2025 года. Кальцаванне гэтага птушынага “старажыла” праводзілася ў дарослым узросце, так што птушцы больш за 21 год.
– Калі птушкі на працягу дзесяцігоддзяў гняздуюцца ў адным месцы, значыць ім утульна і камфортна. І мы, людзі, павінны зрабіць усё, каб так адбывалася і ў далейшым, – дадаў напрыканцы размовы Павел Уладзіміравіч.
Надзея Сігай.
Фота Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”.






Оставить комментарий