На гэтым тыдні зіма канчаткова адступіла, здаўшы свае правы вясне. Паветра напоўнілася свежасцю, сонечныя прамяні сталі цяплейшымі і прырода пачала сваё абуджэнне. Разам з надвор’ем на новы лад жыцця перабудоўваюцца і жыхары Петрыкаўшчыны.
Што чакаюць ад гэтай пары года землякі – у нашым апытанні.

Алена РУДЗЬКО:
– У першую чаргу для мяне вясна звязана з духоўнымі святамі. Я чакаю Вялікдзень, Радуніцу, якія натхняюць, надаюць сіл. Наогул гэтая пара года багатая на падзеі, якія збіраюць разам сем’і і сяброў, дазваляючы правесці час у цёплай і радаснай атмасферы. Я гэта вельмі цаню.
Жыццё мае свае этапы. Калі дзеці ўжо выраслі, а ўнукі падрастаюць, надыходзіць час, калі можна надаць увагу таму, што раней заставалася на другім плане – свайму ўнутранаму свету і прыгажосці наваколля.
Я шчыра жадаю землякам, каб кожны гэтай вясной змог адпачыць ад клопатаў, аднавіць сілы і адчуць гармонію з навакольным светам.
Аксана ДОБАШ:
– Вясна 2026 года для мяне асаблівая: я планую аддаць у дзіцячы садок сваю малодшую дачушку і вярнуцца на працу. Гэта рашэнне, якое доўга абдумвалася, нясе з сабой шмат перажыванняў. Еве яшчэ няма двух гадоў, і думкі пра тое, як пройдзе адаптацыя, ці здолее дзяўчынка ўвесь дзень без бацькоў, не даюць спакою. Кожная маці разумее мае хваляванні. Я спадзяюся, што гэтыя вясновыя месяцы прынясуць для нашай сям’і толькі добрыя навіны.
Як шматдзетная маці, ведаю, наколькі важна падтрымка і добры настрой. Таму хачу пажадаць усім сем’ям Петрыкаўшчыны цудоўных вясновых дзён. Няхай гэтая пара прынясе ўсім радасць і прыемныя падзеі.
Андрэй АДАМЕНКА:
Вясна для мяне – гэта не проста змена надвор’я, гэта час, калі ўсё навокал набывае новыя фарбы. Гэтыя змены напаўняюць аптымізмам.
А яшчэ напаўняе радасцю той факт, што хутка мяне чакае выхад на заслужаны адпачынак. Згадзіцеся, гэта выдатная нагода для добрага настрою!
Я з нецярпеннем чакаю цёплых дзён, каб больш часу праводзіць на прыродзе, асабліва каля ракі. Гэта месца, дзе можна забыцца пра ўсе клопаты, аднавіць сілы. Хачу пажадаць землякам самага простага, але самага важнага – чалавечага шчасця. Шчасця ў яго самых розных праявах: у здароўі, у любові, у дабрабыце, у міры і спакоі.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.





Оставить комментарий