Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Нам мир завещено беречь”.
У гэтым годзе конкурс прысвечаны 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Мэта конкурсу – выхаванне ў падрастаючага пакалення паважлівага стаўлення да памяці абаронцаў Айчыны, да гераічных подзвігаў воінаў у час Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў.
Юныя мастакі раёна праз творчасць выказалі свае адносіны да гісторыі беларускага народа.

Члены журы з ліку прадстаўнікоў раённага Савета ветэранаў, педагогаў дзіцячай школы мастацтваў былі крануты тым, як глыбока нашы дзеці адчуваюць тэму подзвігу і памяці. Дзясяткі работ, яркія штрыхі пэндзлем і адна агульная думка: мір – гэта самая вялікая каштоўнасць, якую мы абавязаны захаваць.

Журы было няпроста выбраць лепшых, бо кожны малюнак ствараўся з душой. Так, ва ўзроставай катэгорыі 7-9 гадоў імі сталі: Паліна Дзербень з Макарыцкай базавай школы – узнагароджана дыпломам 1 ступені, Яраслаў Купчэня, СШ №2 г.Петрыкава – дыплом 2 ступені, Анастасія Моўка, Гімназія горада Петрыкава – дыплом 3 ступені.
Ва ўзроставай катэгорыі 10-12 гадоў: Ксенія Заліванская, Ляскавіцкая сярэдняя школа – дыплом 1 ступені, Браніслаў Берднік, СШ № 2 г.Петрыкава – дыплом 2 ступені, Аляксандра Дубініна таксама з другой гарадской школы – дыплом 3 ступені.
У катэгорыі 13-15 гадоў: Надзея Карпач, Камаровіцкая сярэдняя школа – дыплом 1 ступені, Паліна Пеньзякова, Петрыкаўская школа мастацтваў – дыплом 2 ступені, Аліса Пашкоўская, СШ №1 г.Петрыкава – таксама дыплом 2 ступені. Руслана Равуцкая, Колкаўская сярэдняя школа, – дыплом 3 ступені.

Старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Жукавец адзначыў:
– Калі глядзіш на гэтыя малюнкі, разумееш – сувязь пакаленняў непарыўная. Дзеці малююць не вайну, а яе пераадоленне, малююць радасць мірнага жыцця, якое ім завяшчалі.

Дзевяць работ нашых таленавітых юных мастакоў будуць прадстаўлены на абласным этапе конкурсу. Віншуем пераможцаў і дзякуем усім удзельнікам за цікавыя прадстаўленыя работы!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий