Пах ігліцы ў паветры і пераднавагодняя мітусня нагадваюць: прыйшоў час падводзіць рысу пад падзеямі адыходзячага 2025 года. Якім ён быў для нашага раёна? Што ўдалося зрабіць для камфорту людзей, як вырашаліся пытанні, якія гадамі лічыліся складанымі, і што сёння больш за ўсё хвалюе людзей, мы вядзем шчырую размову са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Верамеевым. Без пафасу і лішніх прыкрас – пра тое, чым жыве Петрыкаўшчына сёння.
– Аляксандр Аляксандравіч, апошнія дні снежня – час падвядзення вынікаў. З якімі паказчыкамі раён завяршае 2025 год?
– Ведаеце, вынікі года – гэта заўсёды баланс паміж тым, што запланавана, і тым, што рэалізавана па факце. Скажу так: год быў няпростым, але дзейсным. Так як мы з’яўляемся аграрным рэгіёнам, то пачну з гэтай галіны эканомікі раёна.
У сельскай гаспадарцы сёлета мы зрабілі сур’ёзны крок наперад: агульны намалот збожжавых, зернебабовых і рапсу перавысіў 37 тысяч тон і склаў 140% да мінулагодняга паказчыка – гэта лепшы вынік за апошнія 5 гадоў. Амаль на 130% вырасла ўраджайнасць зерня з аднаго гектара. Цешаць і паказчыкі ў жывёлагадоўлі: сярэдні надой ад каровы павялічыўся на 137%, дасягнуўшы, па выніках 11 месяцаў, адзнакі ў 4508 кілаграмаў. Што да сярэднесутачных прываг на дарошчванні і адкорме, то і тут плюсуем: паказчык па буйной рагатай жывёле – 105% да мінулагодняга ўзроўню, па свінням – 102,5%. Лідарамі года па асноўных вытворча-эканамічных паказчыках работы сталі прадпрыемствы “Палессе-Аграінвест”, “Чалюшчавічы” і “Агра-Ляскавічы”.
Сельгасарганізацыямі набываецца новая тэхніка, рамантуюцца і мадэрнізуюцца вытворчыя памяшканні, будуюцца новыя аб’екты. Так, на МТФ “Ляскавічы” ААТ “Агра-Ляскавічы” завяршаецца будаўніцтва малочна-даільнага блоку, двух кароўнікаў дойнага статку, іншых дапаможных памяшканняў і збудаванняў на амаль тысячу галоў дойнага статку. Працягваецца рэарганізацыя сельгасарганізацый.
– Жыхароў заўсёды хвалюе стан дарог і добраўпарадкаванне. Што сёлета ўдалося зрабіць у гэтым плане?
– 2025-ы прайшоў у краіне пад знакам Года добраўпарадкавання. На Петрыкаўшчыне таксама было рэалізавана шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне камфорту жыцця людзей і вырашэнне пытанняў, якія не адзін год хвалююць землякоў. У ліку першачарговых – стан дарог. Пачатая ў мінулым годзе работа па прывядзенні ў належны стан вулічна-дарожнай сеткі раёна сёлета была працягнута.
Вынікам актыўнага ўзаемадзеяння з ДРБУ-112 стаў рамонт шэрагу праблемных участкаў дарог раёна і вуліц райцэнтра. Новае асфальтавае пакрыццё з’явілася на вуліцах Вароўскага, Рабочай, Францыска Скарыны, Палескай, прыдамавых тэрыторыях вуліцы Каралёва і іншых.
Задзейнічаны дарожнікі былі і на будаўніцтве такіх аб’ектаў як стадыён КВП ДРАЦ “Пціч”, стадыёна “Капаткевічы”, МТФ “Ляскавічы”.
За гэты сезон па праграме “Добрыя дарогі” пабудаваны тры прыпыначныя пункты: у вёсках Брынёў, Баклань, аграгарадку Курыцічы – іх адсутнасць і неналежны стан выклікалі шмат нараканняў з боку землякоў. Пачулі – ухілілі.
Абноўлены былі аўтамабільныя дарогі Акцябрскі-Капцэвічы, Коржаўка-Залессе. Павярхоўная апрацоўка ажыццяўлялася на аўтамабільных дарогах Пціч-Петрыкаў-Жыткавічы. На сённяшні дзень з райцэнтра фактычна з усімі аграгарадкамі раёна наладжана транспартнае злучэнне годнай якасці.
Добрым падарункам ад дарожнікаў землякам у Год добраўпарадкавання стала будаўніцтва веласіпеднай дарожкі ў накірунку вёскі Макарычы – даволі ажыўленым веласіпедным шляху Петрыкаўшчыны.
Добра спрацавалі дарожнікі і па пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы – гэта важна для якаснай і бесперабойнай работы службы. Так, у бягучым годзе арганізацыяй набыты МАЗы 10- і 20-тоннікі, Амкадор-732 і Амкадор-342.
Вынікам раённых, абласных і рэспубліканскіх суботнікаў на Петрыкаўшчыне сталі прыведзеныя ў парадак месцы памяці, грамадскія могілкі, зоны адпачынку, высаджаныя алеі і паркавыя зоны, разбітыя кветнікі і новыя малыя архітэктурныя формы. Літаральна некалькі тыдняў таму сучасны аб’ект са светладыёднай падсветкай, набыты за сродкі, заробленыя намі на суботніку, упрыгожыў вуліцу Гагарына.
Без перабольшання, у гэтым пытанні за 2025 год зроблена нямала. З кожным годам Петрыкаўшчына становіцца ўсё больш прывабным месцам для жыцця, аднак у планах на будучы год задач яшчэ болей.
– Адной з дзейсных умоў замацавання спецыялістаў з’яўляецца вырашэнне жыллёвага пытання. Што ў гэтым плане ўжо зроблена і што плануецца?
– Дзякуючы падтрымцы ААТ “Беларуськалій”, на сённяшні дзень мы цалкам змаглі забяспечыць арэндным жыллём маладых спецыялістаў-медыкаў і такім чынам закрыць тэму ўкамплектаванасці ЦРБ кадрамі. Дапамагаюць яны нам і па іншых, запатрабаваных эканомікай раёна, спецыялістах. Да таго ж, зацікаўленыя ў кадрах кіраўнікі выходзяць на райвыканкам з хадайніцтвам і іх заяўкі, як правіла, задавальняюцца. Сапраўды, жыллёвае пытанне, разам з годнай работай, у прыярытэце ў нашых грамадзян.
Некалькі слоў хочацца сказаць пра сферу будаўніцтва. Аб’ём падрадных работ сёлета склаў больш за 143% да ўзроўню мінулага года пры прагнозным паказчыку ў 110%. Актыўна рамантаваўся жыллёвы фонд у райцэнтры, Капаткевічах, Мышанцы. Зусім хутка будзе завершана будаўніцтва шматкватэрных дамоў у райцэнтры і ў аграгарадку Ляскавічы. Больш за тое, ідзе грамадскае абмеркаванне па будаўніцтве яшчэ двух аналагічных аб’ектаў: па вуліцы Макаранкі ў райцэнтры і па вуліцы Аляксандры Глушко ў Ляскавічах.
– Чым вы, як кіраўнік раёна, па-сапраўднаму ганарыцеся па выніках года?
– Адыходзячы 2025 год быў для нашага раёна розным: напоўнены напружанай працай у палях, поспехамі на вытворчасці, радасцю наваселляў і добрымі зменамі ў абліччы нашых вёсак і райцэнтра. Я шчыра дзякую кожнаму жыхару раёна за цярпенне, за разуменне і, перш за ўсё, за ўклад у жыццё нашага агульнага дома. Мы разам будавалі дарогі, збіралі ўраджай, вырашалі на-дзённыя пытанні і рабілі наш раён лепшым.
Ганаруся нашымі людзьмі. Тым, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці і складанасці, мы захавалі стабільнасць і забяспечылі рост эканомікі. З 9-ці даведзеных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнам нявыкананы толькі адзін: зусім крыху мы недабралі па індэксе прамысловай вытворчасці.
Істотным чынам сёлета мы ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу ЦРБ.
Былі адкрыты станцыі абезжалезвання у Муляраўцы і Курыцічах, дзякучы чаму ў населеных пунктах вырашана праблема якасці пітной вады.
У перспектыве на 2026-2030 гады наш арыенцір – “моцныя рэгіёны”, дзе эканамічны рост служыць інструментам для павышэння якасці жыцця кожнага чалавека.
– Калі ўжо зайшла гаворка пра планы і перспектывы, можа, праанансуеце асноўныя з іх?
– Сапраўды, 2025 ужо праз некалькі гадзін стане гісторыяй, таму кіраўнічая вертыкаль раёна жыве ўжо планамі на 2026-ты.
А іх, паверце, нямала. І датычацца яны ўсіх сфер нашай жыццядзейнасці, пачынаючы ад дарожнай і жыллёва-камунальнай гаспадарак да павышэння якасці работы ўстаноў сацыяльнай сферы. У 2026-ым мы працягнем будаваць, рамантаваць, адкрываць новыя аб’екты, наводзіць парадак у нашым агульным доме.
Адкажу словамі Прэзідэнта, якія ён сказаў падчас другога пасяджэння VІІ Усебеларускага нороднага сходу: “Наперадзе ў нас шмат канкрэтных спраў”.
– Аляксандр Аляксандравіч, калі дазволіце – некалькі “навагодніх” пытанняў. Калі б у вас была магчымасць на адну навагоднюю ноч стаць нябачным і прайсціся па вуліцах нашага горада і раёна, куды б вы зазірнулі ў першую чаргу, каб адчуць сапраўдны дух свята?
– Ва ўстановы культуры, канешне. Работнікі гэтай сферы пераднавагоднімі і навагоднімі святочнымі днямі ствараюць чароўную казку для дзяцей і дарослых, за што ім шчыры дзякуй.
– Калі б наш раён трэба было параўнаць з навагоднім упрыгожаннем, то што б гэта было: надзейны шкляны шар з гісторыяй, яркая сучасная гірлянда ці вярхавіна-зорка, якая паказвае шлях?
– Бясспрэчна, наш раён мае слаўную гісторыю, якую ўсе мы старанна вывучаем і якой ганарымся, дзень сённяшні радуе нас поспехамі, але заўсёды варта імкнуцца да нечага новага – таму параўнаем Петрыкаўшчыну з вярхавінай-зоркай.
– Вынікі года для душы: якая падзея адыходзячага года, не звязаная з працай і паказчыкамі, прымусіла вас шчыра ўсміхнуцца або адчуць гонар?
– Ведаеце, калі пакінуць за дужкамі лічбы, тоны і працэнты, то па-сапраўднаму сэрца радуецца, калі глядзіш на наша маладое пакаленне. Для мяне, як для кіраўніка і чалавека, сёлета было нямала нагод для шчырага гонару за нашых дзяцей.
Калі яны прывозілі дыпломы з абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, міжнародных інтэлектуальных і творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, я адчуваў гонар не як чыноўнік за паказчыкі рэгіёну, а як яго жыхар. У такія моманты разумееш: мы працуем, каб у нашых таленавітых дзяцей былі ўмовы рэалізаваць сябе тут, дома. А іх поспехі – гэта наша лепшае ўкладанне, наша, без перабольшання, упэўненасць у заўтрашнім дні. А калі бачыш іх пылаючыя вочы на цырымоніі ўзнагароджання – разумееш, што год пражыты недарма.
– Трымаеце тэлефон пад рукою ў навагоднюю ноч на выпадак камунальных на-дзвычайных здарэнняў, ці дазваляеце сабе цалкам адключыцца ад працоўных чатаў?
– Канешне, трымаю пад рукою і шчыра жадаю ўсім службам, хто стаіць у навагоднюю ноч на варце нашага здароўя і спакою, змены без надзвычайных здарэнняў і складаных выклікаў (усміхаецца – заўв. аўт.)
– Што б вы цяперашні, з вышыні свайго вопыту, шапнулі сабе маладому напярэдадні 2026 года?
– Наперад, усё ў цябе атрымаецца. Памятай, што дарогу асіліць ідучы!
– Праверыць справаздачы ў 23:00 ці паглядзець “Іронію лёсу”?
– Наўрад ці здзіўлю вас сваім адказам: слухаць фонам “Іронію лёсу” і праглядаць справаздачы.
– Самы лепшы падарунак, які вы калі-небудзь атрымлівалі?
– Я ўпэўнены, што самы лепшы мяне яшчэ чакае (усміхаецца – заўв.аўт.) А калі сур’ёзна, то мне куды прыемней рабіць падарункі і бачыць усмешкі на тварах і шчаслівыя вочы адораных.
– Дзякуй, Аляксандр Аляксандравіч, за шчырую размову. Завяршыць інтэрв’ю прапаную традыцыйна – пажаданнямі жыхарам раёна.
– Паважаныя землякі, Новы год – гэта заўсёды надзея. І я хачу пажадаць, каб спадзяванні кожнага жыхара раёна абавязкова спраўдзіліся.
Няхай 2026-ы прынясе ў вашыя сем’і як мага больш падстаў для радасці. Няхай вашы дзеці цешаць вас поспехамі, а бацькі будуць сагрэтыя клопатам і ўвагай.
Я жадаю ўсім моцнага здароўя – гэта той падмурак, на якім будуецца ўсё астатняе. Жадаю душэўнага спакою і ўпэўненасці ў тым, што заўтрашні дзень будзе мірным і светлым. Няхай праца прыносіць задавальненне і дастатак, а кожны вечар каб вам хацелася вяртацца дадому, дзе вас любяць і чакаюць.
Беражыце адзін аднаго, шануйце кожнае імгненне, праве-дзенае побач з блізкімі. Няхай Калядныя святы напоўняць вашы сэрцы дабрынёй і верай у самае лепшае.
З Новым годам, паважаныя землякі! Шчасця вам і працвітання нашаму роднаму краю!
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.






Оставить комментарий