Уборачная кампанія – адказны час для аграрнай галіны. І сярод дзясяткаў руплівых мужчынскіх рук, ёсць значны ўнёсак і прыгожай паловы чалавецтва. Наша гераіня, Святлана Бруяка, не механізатар і не памочнік камбайнера, яна – галоўны аграном БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”.

Сустрэліся мы са Святланай Мікалаеўнай на зернетаку гаспадаркі. Сонца ўжо хілілася да захаду, дзесьці ў гарадах, людзі, прыйшоўшы з работы, садзіліся вячэраць, а тут праца ішла поўным ходам. Вялікімі залатымі ўзгоркамі ўзнімалася зерне, МАЗы адзін за адным пад’язджалі і ссыпалі каштоўны груз, нарошчваючы вышыню збожжавых “гор”, гудзелі механізмы сушыльных машын. Гераіня, размаўляючы з намі, не перапыняла работы, дэманструючы, як працуе вільгацямер – адзін з галоўных інструментаў агранома. Жытнёвае зерне, здавалася, само бегла да руплівых жаночых рук і пераліваліся ўсімі адценнямі золата ў заходзячых промнях сонца.
– Працоўны дзень і мой, і намесніка па вытворчасці заканчваецца падчас уборачнай менавіта тут, на зернетаку. Наша агульная задача не толькі сабраць ураджай да апошняга зернетка, але і правільна высушыць яго, прыкрыць ад начной вільгаці. Ад таго, як мы спрацуем на працягу ўсяго цыклу – ад поля да зернятоку – залежыць вынік нашай працы. У гэтым годзе ўраджай радуе: зерне чыстае, сухое. Зараз убіраем азімае жыта, з 908-мі гектараў ужо ўбрана 413, ураджайнасць складае 30 цэнтнераў з гектара, – дзеліцца Святлана Мікалаеўна.
Працоўны дзень агранома пачынаецца ў полі: патрэбна аб’ехаць усе мяркуемые да ўборкі палеткі, вызначыць вільготнасць культур і направіць у час зернеўборачную тэхніку.
Між тым уборачная кампанія ніякім чынам не ўплывае на іншыя тэхналагічныя работы, у якіх задзейнічаны галоўны аграном: адначасова ідзе падрыхтоўка палёў да сяўбы азімага рапсу, ўборка саломы, нарыхтоўка кармоў, закладка траншэй.
Святлана Мікалаеўна плануе месцы і колькасць гектараў пад пэўную сельскагаспадарчую культуру, а таксама на якія палі і ў які час выйдзе тэхніка. Нават накірунак будучага ўраджаю – на зерне ці на сілас – таксама адносіцца да яе задач. Менавіта ў зоне яе адказнасці правільны разлік эфектыўнага выкарыстання земляў.
Святлана Бруяка з дзяцінства адчувала цікавасць да раслінаводства: любіла назіраць за раслінамі, яе хвалявала, што пасадзілі на суседнім полі і чым адрозніваюцца расліны паміж сабой. Таму пасля заканчэння школы яе шлях ляжаў у сельскагаспадарчы тэхнікум, а затым у Горкаўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Прыйшоўшы на працу ў саўгас “Чалюшчавічы” ў 1989 годзе, яна ўжо не збочвала з намечанага шляху. Пасля пераехала ў вёску Курыцічы, але пасады, якія яна займала, былі звязаны з аграрнай галіной і агранаміяй. Прайшоўшы вялікі працоўны шлях, Святлана Бруяка адзначае:
– Каб працаваць у сельскай гаспадарцы, патрэбна вельмі любіць сваю работу, любіць зямлю, бачыць, як яно расце, хвалявацца за вынік. Без гэтага нельга, бо працоўны дзень агранома не можа быць нарміраваны, гэта не ад званка да званка, гэта па клічу душы і сэрца.
Галоўны аграном – сваеасаблівы дырыжор кожнага сельгаспрадпрыемства, і ад таго, наколькі эфектыўна спрацуе “аграрны аркестр” БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”, залежыць менавіта ад сімпатычнай сціплай жанчыны Святланы Мікалаеўны, якая любіць сваю работу і адносіцца да яе адказна і з душой.

Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о