Падчас уборачнай кампаніі ў сельгаспрадпрыемствах кожныя працоўныя рукі на ўліку. Асноўная задача – не толькі сабраць ураджай, але і захаваць яго. І тут на дапамогу аграрыям прыходзяць руплівыя рукі моладзі: за працу бяруцца байцы студэнцкіх атрадаў.
Адзін з ключавых этапаў уборачнай – сушка зерня. Да яго далучаюцца навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, члены студатрадаў. Рабяты пакуль не ведаюць усіх сакрэтаў галіны сельскай гаспадаркі, але ўжо разумеюць галоўнае: ураджай сам сябе не захавае. Адным з прыкладаў такой ініцыятывы стаў студэнцкі атрад “Саюз” імя Алены Сцяпанавай, які працуе на зерняскладзе СУП “Палессе-Аграінвест”. Рабяты ўносяць свой ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Байцы студатрада працуюць у дзве змены: у першай і другой палове дня. У абавязкі ўваходзіць уборка тэрыторыі, дапамога работнікам зернятоку ў зборы рэшткаў зерня пасля загрузкі вакол зернеачышчальнага апарата. Кіруюць працэсам камандзір атрада Андрэй Музыка і камісар Іван Пракапенка.
– Падчас уборачнай штодня паступаюць тоны зерня, – дзеліцца камандзір атрада. – Ні адна масавая ўборка зерневых культур не абыходзілася без удзелу моладзі. Працуючы ў камандзе, студатрадаўцы вучацца навыкам сельскагаспадарчай працы і спазнаюць, якім коштам дастаецца хлеб.
Праца рабят выклікае інтэрэс і з боку мясцовай улады. Так, у рамках праекту «Адзін дзень у атрадзе», зерняток наведаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Уладзіміравіч Пілер. Варта адзначыць, што ў перыяд з 1997 па 2002 год Віталій Уладзіміравіч займаў пасаду Першага сакратара раённага камітэта Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. У рамках сустрэчы прадстаўнік улады падзяліўся ўспамінамі аб сваім працоўным юнацтве, падрабязна спыніўся на асаблівасцях арганізацыі працы студэнцкіх атрадаў у той перыяд. Было праведзена параўнальнае абмеркаванне форм і метадаў дзейнасці маладзёжных фарміраванняў мінулых гадоў і сучаснасці.
Акрамя таго, Віталій Уладзіміравіч асвяціў ключавыя аспекты дэпутацкай дзейнасці, расказаў пра мэты і задачы, якія стаяць перад органамі мясцовага самакіравання, а таксама аб механізмах узаемадзеяння з насельніцтвам. Сустрэча прайшла ў канструктыўнай і дзелавой атмасферы, была насычана змястоўным дыялогам і сумеснай працай, што выклікала жывую цікавасць у моладзі.
Дарэчы, за перыяд летніх канікул у 12-ці студэнцкіх атрадах будзе задзейнічана 187 чалавек. Гэта навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна: СШ №1 і №2 г. Петрыкава, гарадской гімназіі, а таксама Ляскавіцкай, Мышанскай, Пціцкай, Курыціцкай, Бабуніцкай і Капаткевіцкай сярэдніх школ. Кожны атрад працуе зменамі па 10 рабочых дзён. За гэты час маладыя людзі паспяваюць не толькі зарабіць свае першыя грошы, але і навучыцца адказнасці і дысцыпліне.
Падчас гутаркі юнакі і дзяўчаты прызналіся, што не супраць і наступным летам запісацца ў склад студэнцкага атрада і папрацаваць на карысць.
Студатрадаўскі рух сёння – гэта не проста занятасць моладзі ў летні перыяд. Гэта школа жыцця, дзе выхоўваецца сапраўдны патрыятызм.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий