Памятаеце старую добрую казку пра Бураціну і прапанову не хаваць свае грошы, а закапаць іх на “полі цудаў у Краіне Дурняў”?
Прыкладна па такой схеме плануюць працаваць у Латвіі: дэпутат Андрыс Кулбергс унёс прапанову вярнуць назад “залаты” від на жыхарства. Раней гэту праграму прыпынілі, але дзеля выратавання бюджэту вырашылі пераглядзець і ўзнавіць. Сістэма простая: чалавек уносіць у спецыяльны дзяржаўны фонд 100 тысяч еўра ці 150 тысяч у альтэрнатыўныя фонды. І ўсё, калі ласка, шаноўныя, да нас у Латвію. Зразумела, што само жыхарства ў гэтай прыбалтыйскай краіне мала каму патрэбна, але ж яно дае магчымасць замацавацца ў Еўрасаюзе. Проста кажучы, чаму б і не “пагандляваць” членствам у ЕС – авось “пракоціць”. Сродкі масавай інфармацыі нашай суседкі называюць сціпла гэты праект набыцця дакументаў “інвестыцыямі ў эканоміку”. Але наколькі такія “залатыя” часовыя грамадзяне выратуюць фінансавы стан краіны, невядома.
Між тым, нагадваем, што раней Рыга забараніла на заканадаўчым узроўні грамадзянам Расіі і Беларусі набываць жыллё ў краіне. Узнікае пытанне: а калі з’явіцца нейкі гепатэтычны “рускі” з поўнай кішэняй грошай, які захоча “інвеставаць” і ў від на жыхарства і ў жыллё – як улады будуць вырашаць гэта пытанне? Што паставяць у цэнтр інтарэсаў – “інвестыцыі” ў бюджэт ці “нацыянальную бяспеку”, бо менавіта па апошняй прычыне забаронена набыццё нерухомасці?
Вось і атрымліваецца, што ўсе пытанні ў Латвіі вырашае ўсеўладны еўра: урад шукае “багаценькіх Бурацін”, якія “закапаюць” свае грошы на “багністым” фінансавым полі краіны. А ў якое балота “інвестыйныя сродкі” праваляцца ці ў чыю кішэню патрапяць далей – вялікі-вялікі сакрэт.

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о