Да прафесійнага свята работнікаў аграрнай галіны на Петрыкаўшчыне падведзены вынікі сельскагаспадарчага года, які прайшоў пад знакам плённай працы і дасягненняў. 2026 стаў сапраўдным пацвярджэннем адданасці выбранай справе кіраўнікоў, спецыялістаў, усіх работнікаў сельгаспрадпрыемстваў раёна.

У ліку лідараў раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый, ганаровае месца належыць ААТ “Агра-Ляскавічы”. Прадпрыемства адзначылася высокімі паказчыкамі, заняўшы 1-е месца па нарыхтоўцы травяных кармоў і 3-е па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.
– Безумоўна, нашы перамогі ў сёлетніх раённых спаборніцтвах у аграпрамысловым комплексе – вынік штодзённай, карпатлівай працы ўсіх работнікаў прадпрыемства. Гэта не проста выкананне планаў, а глыбокае разуменне тых задач, якія перад намі былі пастаўлены, усведамленне важнасці іх паспяховага выканання для дабрабыту раёна і краіны ў цэлым, – пачынае размову дырэктар ААТ “Агра-Ляскавічы” Юрый Кастранкоў.
Кіраўнік адзначыў, што асаблівая ўвага ў “Агра-Ляскавічах” надаецца нарыхтоўцы якасных кармоў, што з’яўляецца асновай для развіцця жывёлагадоўлі і павелічэння вытворчасці прадукцыі. У гэтым кантэксце, дзейнасць прадпрыемства, сведчыць аб упэўненым руху наперад. У бягучым годзе толькі на Петрыкаўскім участку (прадпрыемства ўключае і землі Жыткаўшчыны) былі дасягнуты значныя вынікі: нарыхтавана сена 1206 тон, сенажу – 7436 тон, сіласу – 17168 тон. Лічбы сведчаць аб сур’ёзным падыходзе да стварэння запасаў, што з’яўляецца гарантыяй забеспячэння патрэб жывёлы на працягу ўсяго года. Агульная колькасць нарыхтаванага дазволіла атрымаць 30,6 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. У гаспадарцы ўтрымліваецца больш за 3 тысячы галоў ската і можна з упэўненасцю сказаць, што жывёлы забяспечаны ўсім неабходным для здаровага росту і прадуктыўнасці.
Вынікі нарыхтоўкі кармоў непасрэдна адлюстроўваюцца на паказчыках вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Юрый Мікалаевіч адзначыў і пра дасягненні ў гэтым напрамку за перыяд са студзеня па кастрычнік бягучага года.
Валавая вытворчасць малака склала 5583 тоны, што на 115% больш, чым у мінулым годзе. Гэта значны рост, які сведчыць аб павышэнні эфектыўнасці працы і павелічэнні прадуктыўнасці статка.
Надой на адну карову дасягнуў 6417 кілаграмаў, што на 111% больш у параўнанні з 2025 годам. Такія паказчыкі з’яўляюцца адным з ключавых у ацэнцы працы малочнай фермы і гавораць аб паляпшэнні ўмоў утрымання, кармлення і селекцыйнай работы. Таварнасць малака склала больш за 92% – гэта доказ таму, што прадукцыі адпавядае стандартам якасці і прыдатная для рэалізацыі.
Юрый Мікалаевіч упэўнены, што вынікі ААТ «Агра-Ляскавічы» – гэта вынік сістэмнай працы, накіраванай на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, укараненне новых тэхналогій і стварэнне спрыяльных умоў для выканання сваіх абавязкаў.
– Безумоўна, прыведзенныя лічбы даюць падставы для гонару. Яны сведчаць аб прафесіяналізме калектыву, правільнай арганізацыі працы і эфектыўным выкарыстанні рэсурсаў, – адзначыў Юрый Кастранкоў, – аднак, заўсёды ёсць куды імкнуцца наперад.
“Шаноўныя калегі, аграрыі Петрыкаўшчыны! Віншую з прафесійным святам!
Наша штодзённая праца – аснова поспеху і стабільнасці землякоў, родных, блізкіх. Нават у складаных умовах мы павінны заставацца надзейнымі, працаваць на вынік і клапаціцца пра кожны гектар зямлі.
Жадаю здароўя, міру ў сем’ях і стабільных поспехаў у працы”.
Святлана СОБАЛЕВА.





