Напярэдадні Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці мы сустрэліся з чалавекам, чыя штодзённая праца забяспечвае цяпло і бяспеку ў дамах землякоў.

Наш суразмоўца – слесар па рамонце і абслугоўванні газарэгулятарнага абсталявання вонкавых газаправодаў Петрыкаўскага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ “Жыткавічыгаз” Андрэй Чыжык.
– Андрэй Мікалаевіч, ваша жыццёвая гісторыя даволі нетыповая для рабочай прафесіі. Уражвае, як крута змяніўся ваш шлях. Раскажыце пра сябе, калі ласка.
– Сапраўды, жыццё – рэч непрадказальная. Сам я карэнны петрыкаўчанін. Пасля школы паехаў вучыцца ў Смаленск, паспяхова скончыў гандлёвы інстытут. Доўгі час працаваў у сферы гандлю муніцыпальнага цэнтра, займаў кіраўнічую пасаду. Але ў 2009 годзе па сямейных абставінах вярнуўся на Петрыкаўшчыну. Тут трэба было пачынаць усё з чыстага ліста, і я пайшоў у службу газу. Вось ужо амаль 17 гадоў тут.
– Гандаль і газавая гаспадарка – зусім розныя сферы. Адчуваецца, што вы па-сапраўднаму палюбілі сваю новую справу і разумееце ўсю яе адказнасць. Што для вас самае галоўнае і цікавае ў прафесіі?
– Безумоўна. Ад нашай якаснай і бесперабойнай работы залежыць вельмі многае: і цяпло ў нашых дамах, і смачныя пахі з кухні. Цікава тое, што галіна не стаіць на месцы, тэхналогіі развіваюцца, а гэта патрабуе новых ведаў і навыкаў. Напрыклад, цяпер вельмі шмат чаго камп’ютарызавана. У рэжыме рэальнага часу нашы спецыялісты могуць адсочваць, дзе і якія брыгады працуюць. Каб ісці ў нагу з часам, мы кожныя тры гады ў абавязковым парадку праходзім спецыяльныя курсы павышэння кваліфікацыі.
– На што звяртаеце асаблівую ўвагу пры абслугоўванні вонкавых газаправодаў?
– Асаблівай увагі і кантролю патрабуюць ахоўныя зоны. Мы вельмі ўважліва сочым за дазволамі на правядзенне розных старонніх работ у гэтых зонах. Любое несанкцыянаванае ўмяшанне можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, таму бяспека – заўсёды на першым месцы.
– Праца ў вас адказная. А як вы адпачываеце, чым захапляецеся ў вольны час?
– Мой галоўны куток для душы – гэта дача. Я там і будаўнік, і вінаградар – гэта хобі з’явілася дзякуючы калезе і прыйшлося мне даспадобы. Сёлета “здыму” першы ўраджай. Гэтым летам не было, мабыць, ніводных выхадных, каб у нас на дачы не збіралася сям’я, родныя і блізкія. Для мяне гэта найлепшы адпачынак – калі ўсе разам, а я смажу для блізкіх мяса на вогнішчы.
– Кажуць, што шчаслівы чалавек – гэта той, хто з радасцю ідзе на працу і з такой жа радасцю вяртаецца дадому. Што для вас значыць дом і той утульны свет, які вы ствараеце разам з блізкімі?
– Гэта і ёсць сапраўднае шчасце, калі за табой – надзейны і цёплы тыл. Пра сваю сям’ю я магу гаварыць гадзінамі. Разам з жонкай Аленай Сцяпанаўнай мы гадуем 14-гадовага сына, ён сёлета пайшоў у дзявяты клас – адказны перыяд. Калі ты адчуваеш гармонію дома, падтрымку роднага чалавека, бачыш, як падрастае сын, то і на працы ўсё ладзіцца, і любыя складаныя задачы вырашаюцца лягчэй. На сваёй малой радзіме, у коле блізкіх я на сваім месцы.
– Сёння ў вас ёсць цудоўная магчымасць павіншаваць сваіх калег з прафесійным святам. Што б вы хацелі пажадаць тым, з кім штодня працуеце плячо ў плячо?
– Дарагія калегі і аднадумцы, ад усёй душы віншую вас з нашым прафесійным святам. Наша праца патрабуе максімальнай канцэнтрацыі, таму найперш жадаю ўсім нам стабільнай і безаварыйнай працы, каб тэхніка не падводзіла, а ўсе аб’екты працавалі як гадзіннік. Моцнага вам здароўя, прафесійнага росту, мірнага неба і дабрабыту. Няхай у вашых дамах заўсёды будзе цёпла, утульна і спакойна.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о