Праца газавіка – гэта штодзённая адказнасць, патрабаванне дакладнасці, ведаў і, безумоўна, жалезнай вытрымкі.
Аварыйная брыгада – гэта “хуткая дапамога” газавай гаспадаркі. Тут працуюць людзі, для якіх слова “аператыўнасць” – не проста тэрмін, а прынцып жыцця.
У аварыйнай брыгадзе Петрыкаўскага РГЗ сёння нясуць службу 20 прафесіяналаў. Калектыў згуртаваны, правераны часам і складанымі сітуацыямі. У распараджэнні брыгады – сучаснае абсталяванне і два новыя спецыялізаваныя аўтамабілі, якія дазваляюць максімальна хутка дабрацца да любога кутка раёна.
Сярод тых, хто штодня стаіць на варце газавай бяспекі – Аляксандр Шпігановіч і Сяргей Джумангаліеў. Гэтыя людзі – сапраўдны гонар калектыву.
Аляксандр Шпігановіч, жыхар гарадскога пасёлка Капаткевічы, аддаў газавай службе больш за 25 гадоў. Аляксандр Генадзьевіч – вадзіцель, ад якога залежыць, наколькі хутка брыгада апынецца на месцы здарэння.
– З’яўленне паху газу ў кватэрах і жылых дамах, будынках арганізацый бытавога абслугоўвання насельніцтва, уцечка газу з вонкавых і ўнутраных газаправодаў – не ўвесь спіс паведамленняў, па якіх у абавязковым парадку мы выязджаем, – адзначае суразмоўца.
– Сэрца гаргазу – аварыйная служба. Мы адказваем за бяспеку.
Як і астатнія службы экстранай дапамогі, аварыйная гаргазу працуе кругласутачна. Прафесійнаму росту садзейнічаюць курсы павышэння кваліфікацыі, якія вадзіцель праходзіць раз у 3 гады, а экзамены здаюцца кожны год. Аўтамабіль, на якім працуе Аляксандр, абсталяваны ўсім неабходным для ліквідацыі розных наступстваў аварый.
Газавік адзначае, што за гады яго працы змянілася шмат. Палепшыліся ўмовы працы і матэрыяльна-тэхнічная база.
Яго калега, слесар пятага разраду Сяргей Джумангаліеў, жыхар райцэнтра, дадае, што сітуацыі бываюць розныя – ад планавых да аварыйных. Асаблівая ўвага – ліквідацыі наступстваў пашкоджанняў газаправода, якія могуць здарыцца з-за карозіі ці несанкцыянаваных зямельных работ . Яшчэ адзін сур’ёзны выклік – адключэнні і перапады ціску, што патрабуе імгненнай рэакцыі .
– Калі ў жылым памяшканні ці на вуліцы адчуваецца пах газу, людзі тэлефануюць на 104, дыспетчар прымае заяўку і накіроўвае брыгаду. Наша задача – выехаць і ўхіліць няспраўнасць. Таксама выязджаем і адключаем газавае абсталяванне ў выпадку пажару. Калі трэба, выконваем і планавыя працы – замену газавых пліт, лічыльнікаў, – распавядае Сяргей Джардэмгаліевіч. – Праца розных службаў узаемазвязана, галоўнае ў ёй – стабільнасць, каб абсталяванне працавала спраўна, за гэта мы і адказваем.
Пакуль мы размаўлялі, дыспетчарская прыняла чарговы выклік. Брыгада сабралася за лічаныя хвіліны – без лішніх слоў, без панікі, толькі дакладныя каманды і наладжаныя дзеянні. Вось яны, працоўныя будні службы “104”!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий