У памятны дзень 22 чэрвеня жыхары Гомельшчыны сабраліся на вячэрні мітынг і канцэрт-рэквіем у мемарыяльным комплексе “Ала”, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў у агні фашызму. Удзел у мерапрыемстве прыняла і дэлегацыя Петрыкаўскага раёна.
Людзі розных пакаленняў прыбылі на месца, дзе 14 студзеня 1944 года акупанты, адыходзячы, спалілі і расстралялі 1758 мірных жыхароў невялікай лясной вёсачкі. І сёння Ала – месца выключнага болю і смутку: зямля тут як быццам назаўжды апранула жалобу па загінуўшых. А як інакш растлумачыць той факт, што жыццё так і не вярнулася сюды. Гэты трагічны эпізод Вялікай Айчыннай вайны – у ліку самых зверскіх прыкладаў генацыду беларускага народа.
Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. Паводле яго слоў, не толькі Гомельская вобласць, але і ўся краіна ведае і памятае пра трагедыю ў Але:
– Жахлівыя дзеянні, якія ўчынілі фашысцкія акупанты, – гэта рана, якая і сёння крываточыць на сэрцы кожнага беларуса. Аднак у шэрагу краін, якія некалі адчулі на сабе ўвесь цяжар бота вермахта, метадычна сціраюць са свядомасці народа подзвіг савецкага салдата. Але мы ведаем, што нашы дзяды і прадзеды не проста разграмілі моцнага і, здавалася, непераможнага ворага. Яны падарылі нам будучыню, права на жыццё, свабоду і стварэнне. Мы схіляем галовы перад усімі загінуўшымі ў сутычцы з ворагам, перад пакаленнем савецкіх людзей, якія прынеслі перамогу і падарылі будучыню. Мы гэта ніколі не забудзем і не дазволім нікому забыцца.
– Гэта месца – пункт прыцягнення для кожнага з нас. Тут быццам застыў у вечнасці стогн і плач тых людзей, якія бязвінна пацярпелі ад рук нямецкіх акупантаў. Увесь гэты жах, боль і страх мы павінны адчуць усім сэрцам. Тады толькі мы па-сапраўднаму будзем стаяць на варце міру на нашай зямлі, – пазначыў нашаму карэспандэнту старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер.
Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да паклоннага крыжа і брацкай магілы савецкіх воінаў і мірных жыхароў, спаленых у вёсцы Ала.
Мерапрыемства завяршыў канцэрт-рэквіем. Моц жывога гуку, пранізлівыя сімфанічныя акорды і галасы выканаўцаў стварылі атмасферу, ад якой замірала сэрца. Гэтая грандыёзная музычная падзея аб’яднала тысячы людзей у адзіным патрыятычным парыве, стаўшы жывой малітвай аб загінуўшых і велічным гімнам непахіснай сіле чалавечага духу.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.







Оставить комментарий