Вы едзеце на Захад, а трапляеце… на Усход або на Поўдзень, – ЕС перайшоў да ўзмацнення жорсткасці міграцыйнай палітыкі, якая, між іншым, прадугледжае арганізацыю лагераў для бежанцаў на тэрыторыях іншых краін. Вось такое “калі ласка” да прадстаўнікоў краін “трэцяга свету”, якія шукаюць паратунку на Захадзе. І гэта не дзесьці ў Амерыцы, а вось тут, у нашай старой “дэмакратычнай” Еўропе, якая заўсёды пільна сочыць за прынцыпамі гуманізму. Вось толькі, здаецца, іх усё меней і меней.
І зноў у зале Еўрапарламента гучныя апладысменты суправаджалі прыняцце законапраекту, які павінен вызваліць краіны ЕС ад цяжару ўтрымання на сваіх тэрыторыях мігрантаў-нелегалаў. Асноўная ідэя: перашкодзіць мігрантам трапіць у Еўропу або выслаць іх у трэція краіны, калі яны ўсё ж патрапілі сюды.
“Мы, еўрапейцы, будзем вырашаць, хто прыязджае ў Еўропу і пры якіх абставінах,” – гучна заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. “Мы наводзім парадак у Еўропе”, – ва ўнісон паўтарае ёй еўракамісар па ўнутраных справах і міграцыі Магнус Брунэр, адзін з галоўных ініцыятараў новага курсу.
Між тым, вопыт палітыкі “выдварэння” ўжо апрабаваны. Вялікабрытанія па дамоўленасці адпраўляла мігрантаў у Руанду. А Італія ўклала сотні мільёнаў у цэнтры для бежанцаў у Албаніі.
У выніку Лондан адмовіўся ад плана пасля шматгадовых судовых цяжбаў і вялікіх выдаткаў. А цэнтры ў Албаніі па тых жа прычынах папрацавалі толькі некалькі тыдняў.
Такім чынам, “воз і цяпер там”, але еўрапалітыкі закрываюць на гэта вочы і рыхтуюцца ўзваліць сацыяльныя выдаткі сваёй міграцыйнай палітыкі на іншыя краіны, на тэрыторыі якіх будуць створаны “цэнтры дэпартацыі”. А што там з захаваннем правоў чалавека – гэта пытанне, здаецца, еўрапарламентарыяў зусім не хвалюе.
Надзея СІГАЙ.







Оставить комментарий