Нарыхтоўка зялёнай масы на зіму – справа, якая на першы погляд здаецца выключна прэрагатывай механізатара і агранома. Аднак, за якасцю гэтага важнага корму для жывёлы пільна сочыць яшчэ адна служба, без якой не абысціся, – ветэрынарная. Менавіта спецыялісты ветэрынарнай станцыі адказваюць за тое, каб сіласныя ямы былі закладзены правільна, а сам корм быў бяспечным і пажыўным.
За такой справай каля сіласных ям малочнатаварнага комплексу аграгарадка Камаровічы ААТ «Навасёлкі» мы засталі вядучага ветэрынарнага ўрача аддзела таксікалогіі і біяхіміі Анастасію Саладоўнікаву.
– Сянаж – гэта адзін з найбольш распаўсюджаных і эканамічна выгадных спосабаў захоўвання кармоў для жывёлы. Ён дазваляе ўтрымаць пажыўныя рэчывы зялёнай масы, асабліва ў перыяд, калі свежыя кармы недаступныя. Аднак, няправільная тэхналогія закладкі можа прывесці да шэрагу негатыўных наступстваў, – дзеліцца Анастасія Ігараўна. – Таму работнікі райветстанцыі не толькі кантралююць працэс закладкі сенажу, але і яго далейшае захоўванне. Мы выязджаем на месцы і праводзім рэгулярныя праверкі, выкарыстоўваючы спецыяльныя прыборы для вызначэння наяўнасці нітратаў і іншых шкодных рэчываў. Для забеспячэння стабільнасці і эфектыўнасці работы працуем у цесным узаемадзеянні з кіраўніцтвам гаспадарак
Спецыяліст упэўнена: таксікалогія і біяхімія – ключ да разумення здароўя жывёлы. Як таксіколаг, яна займаецца выяўленнем і ідэнтыфікацыяй таксінаў у кармах і біялагічных матэрыялах жывёл. Як біяхімік – аналізуе склад кармоў, вызначае наяўнасць пажыўных рэчываў і выяўляе парушэнні біяхімічных працэсаў.
– Дадзеныя навукі – неад’емныя часткі адзінай сістэмы, якая дазваляе зразумець, як розныя рэчывы ўплываюць на арганізм жывёлы на малекулярным і клеткавым узроўні. Гэта дае нам магчымасць не толькі дыягнаставаць атручванне, але і прагназаваць яго наступствы і распрацоўваць эфектыўныя стратэгіі лячэння і прафілактыкі.
Наша гераіня, ураджэнка Віцебска, у свой час за навуковыя работы ў галіне біялогіі была ўладальніцай стыпендыі спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, закончыла сельгасакадэмію. Суразмоўца прызнаецца, што спачатку ідэя працаваць з прадукцыяй сельскай гаспадаркі здавалася ёй незвычайнай. Аднак, цікавасць да навукі і жаданне быць карыснай у гэтай галіне перамаглі любыя сумненні. У мінулым годзе яна прыехала на першае працоўнае месца на Петрыкаўшчыну, дзе ёй былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для жыцця і працы.
Працоўны дзень маладога спецыяліста напоўнены разнастайнымі задачамі. У лабараторыі яна займаецца даследаваннем не толькі сіласу і сенажу, але і сена, камбікарму, збожжа. Праводзіць даследаванне крыві ў жывёлы. Гэта адказная праца, якая патрабуе ўважлівасці, дакладнасці і глыбокіх ведаў.
– Праца з прадукцыяй сельскай гаспадаркі не толькі актуальная, але і захапляльная, – дадае напрыканцы размовы ветэрынарны ўрач. – Акрамя таго, я разумею важнасць галіны для забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Усё гэта надае маёй працы асаблівы сэнс.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.








Оставить комментарий