Я з партызанскай сям’і

0
96

Я з партызанскай сям’і

Большасць драўлянай забудовы ў гарадскім пасёлку Капаткевічы ўзведзена рукамі людзей, якія прайшлі ваеннымі шляхамі, а пасля ўзнаўлялі пасёлак, разбураны да тла. Адна з такіх хат і зараз красуе насупраць сярэдняй школы – абкладзеная белай цэглай, яна была пабудавана сям’ёй партызан Яротаў.

Менавіта іх сын, жыхар аграгарадка Колкі, Леанід Яўгеньевіч Ярота стаў ганаровым госцем на мерапрыемстве, прысвечаным адкрыццю ваенна-патрыятычнага турыстычнага аб’екта “Патрызанская быль”.

Нарадзіўся мужчына у сям’і Вольгі і Яўгенія Яроты ў цяжкім 1946 годзе ў гарадскім пасёлку Капаткевічы. Тут жа скончыў сярэднюю школу. А пасля амаль усё працоўнае жыццё Леаніда Яўгеньевіча было звязана з сельскагаспадарчым прадпрыемствам у вёсцы Колкі, якое неаднаразова рэарганізоўвалася і мяняла назву.

Працаваў спачатку інжынерам, затым загадчыкам комплексу. З жонкай выгадавалі дваіх дзяцей: сына Леаніда і дачку Таццяну, маюць чатырох унукаў, ужо дачакаліся праўнука.

Але карані працавітасці, упартасці, жадання дасягнуць мэты і выканаць пастаўленыя задачы закладзены былі бацькамі – Яўгеніям Захаравічам і Вольгай Трафімаўнай. Бацька нашага героя да вайны скончыў тэхнікум сувязі і працаваў у Капаткевічах. З пачаткам вайны партыйныя органы загадалі знішчыць радыёабсталяванне. Калі прыйшлі немцы, частка апаратуры была разбіта, затоплена ў балоце.

Але Яўгеній захаваў радыёпрыёмнік і элементы сілкавання для яго. З пачатку вайны – у Капаткевіцкім партызанскім атрадзе. Пасля таго, як атрад распаўся на часткі, знаходзіўся ў акупіраваным гарадскім пасёлку. Пад пагрозай быць спайманым, мужчына па начах атрымліваў звесткі інфармбюро і распаўсюджваў іх сярод жыхароў.

У студзені 1942 года, пасля ўзнаўлення дзейнасці Капаткевіцкага атрада, Яўгеній Захаравіч разам з жонкаю і двухгадовым сынам Валерыем пайшлі ў партызанскі атрад. Яўгеній працягваў прымаць звесткі інфармбюро, Вольга працавала тэлеграфісткай і падтрымлівала сувязь з Вялікай зямлёй.

– Дзень Перамогі для нашай сям’і быў асаблівай датай. Я памятаю сустрэчы партызан пасля Вялікай Айчыннай вайны, – згадвае Леанід Яўгеньевіч. – Бацька і маці не любілі расказваць пра ваенны час, толькі падчас гэтых сустрэч усплывалі ўспаміны і яркія моманты партызанскага мінулага. Вельмі радуе, што ў Капаткевічах так дбайна захоўваюць памяць пра тыя далёкія і цяжкія падзеі.

Красуюць кветкі на сядзібах гарадскога пасёлка Капаткевічы, закладзеных рукамі мужнага пакалення пераможцаў. Жывуць іх нашчадкі не толькі тут, а і ў розных канцах нашай краіны, і памятаюць пра подзвіг сваіх бацькоў і дзядоў – і Леанід Яўгеньевіч адзін з іх.

Надзея СІГАЙ.
Фота Галіны КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о