29 чэрвеня без бою быў вызвалены гарадскі пасёлак Капаткевічы, а 30 чэрвеня ў ходзе баёў – горад Петрыкаў.
Вызваленне ад нямецкай акупацыі ішло на Петрыкаўшчыне доўгіх паўгода: са студзеня да канца чэрвеня 1944 года. Нямецкія войскі падрыхтавалі ў раёне трывалыя пазіцыі, узмацнілі сваю абарону. На руку захопнікам працавала і дрыгвяністая, перасечаная рэкамі мясцовасць з наяўнасцю прыродных высот. Кожная вёска – асобны пункт абароны, кожная рачулка – непераадольны рубеж. Пачатак вызваленню паклала Калінкавіцка-Мазырская аперацыя, у ходзе якой у студзені ў руках савецкіх войскаў апынуліся вёскі Баянаў і Гарадзішча. У пачатку лютага вызвалена вёска Паўлаўка, у сярэдзіне – Першая Слабодка. А вось спроба савецкіх войск узяць вёску Колкі не дасягнула поспеху. Напрыканцы лютага фронт канчаткова спыніўся, стралковыя часці былі зменены на пазіцыях інжынернымі часцямі, якія, удасканаліўшы лінію абароны агнявымі кропкамі і міннымі палямі, трымалі фронт меншай колькасцю: гэта былі 153, 161 і 119 палявыя ўмацаваныя раёны.
Сітуацыя змянілася з пачаткам аперацыі “Багратыён”, у ходзе якой і былі вызвалены Капаткевіцкі і Петрыкаўскі раёны.
Вайна, грукочучы гарматамі і стрэламі, пакацілася далей, на захад, каб скончыцца недзе там, у далёкім Берліне, дзе і нарадзілася ідэя жудаснага нечалавечага знішчэння цэлых народаў, у першую чаргу яўрэяў, цыган, а пасля і славян. Усіх тых, хто жыў і ў нас на Петрыкаўшчыне. Але гэта быў толькі першы крок да мірнага жыцця.
1067 дзён і начэй, 2 гады і 11 месяцаў раён знаходзіўся ў руках ворага. За гэты час будынкі і прадпрыемствы былі зруйнаваны, а шырокія калгасныя палі захапіў хмызняк і пустазелле. Адступаючы, вораг знішчаў населеныя пункты і камунікацыі, чыгуначныя шляхі.

Задача адбудаваць вёскі, пасёлкі і горад, зноў вярнуць жыццё на Петрыкаўшчыну легла на рукі жанчын, дзяцей, падлеткаў і старых. Зямля чакала працоўных рук, а глеба – зерня і насення. Не было скідак на ўзрост – была праца, адна на ўсіх, хто колькі можа і больш таго. Насенне, жывёла, механічныя сродкі для апрацоўкі – усё патрэбна было даставіць альбо з усходу, альбо з захаду. Выдзеленае дзяржавай для калгаснікаў раёна насенне прыбывала на чыгуначныя станцыі, а коней у калгасах не мелася. Па каштоўны груз выпраўляліся пешшу жанчыны і дзяўчаты. Рухаліся туды парожнія, назад з мяшкамі за плячыма вагой па 20 кілаграмаў да родных вёсак. Шлях быў цяжкі, па лесе і сярод балот, дзе былі пракладзены кладкі і грэблі. Пад грузам з кладак часта зрываліся, падалі ў багністую твань, але выцягвалі адзін аднаго і ішлі далей. І так на працягу тыдняў, пакуль усё зерне, прызначанае для калгаса, не будзе дастаўлена. Араць зямлю даводзілася таксама дзяўчатам і жанчынам, хлапчукам. Плуг цягнулі па 6-8 чалавек, а за аратага станавіўся стары дзед ці падлетак. Для Палескай вобласці былі выдзелены 500 галоў буйной рагатай жывёлы, якая знаходзілася ва Усходняй Прусіі. З калгасаў жанчыны, якія ніколі не былі далей абласнога цэнтру, адпраўляліся ў далёкі шлях, які зусім нядаўна быў арэнай баявых дзеянняў. Туды пешшу, назад сваім ходам ужо са статкам. Праз палову Еўропы, босыя, па палявых і лясных сцежках, з жывёлаю, за якую адказвалі. Гэты шлях заняў у адважных жанчын амаль цэлы год. Але жывёлу прыгналі. Нашы землячкі Ганна Сокал і Яўгенія Яновіч былі ўзнагароджаны за такое падарожжа медалямі “За адвагу” – баявыя ўзнагароды, якія яны атрымалі за самаадданасць і адказнасць.
Узнаўленне гаспадаркі пасля Перамогі – гэта яшчэ адзін подзвіг беларускага народу, стваральнага і працавітага.
Дзень Незалежнасці – светлае свята са слязамі на вачах, прызнанне стойкасці, мужнасці і непахіснасці беларускага народа. Давайце памятаць, як Петрыкаўшчына змагалася за сваё вызваленне і адраджалася з попелу.
Надзея СІГАЙ.
Фота з архіва «ПН».






Оставить комментарий