Ужо тры дзесяцігоддзі на фінансавым небасхіле раёна ззяе зорка пад назвай «Алімп і К».

Нехта лічыць, што наша палеская глыбінка – гэта не пра бізне. Столя прыватных ініцыятыў – індывідуальнае прадпрымальніцтва. Але гэта не так, пра што яскрава сведчыць прыклад Прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Алімп і К”, гісторыя якога пачалася 26 чэрвеня 1996 года. Лічыце самі: у мінулым годзе таваразварот склаў 3 мільёна 907 тысяч, падаткаў у бюджэт раёна выплачана 276 тысяч, сярэдні заробак – 1400 беларускіх рублёў. Лічбы кажуць самі за сябе. Стваральнік і кіраўнік прадпрыемствам – наш зямляк, ураджэнец вёскі Ляскавічы, цяпер жыхар вёскі Галубіца, Анатолій Мячын.
У 1996 годзе, калі наша краіна толькі-толькі стала на шлях незалежнасці і самастойнасці, а многія прадпрыемствы і арганізацыі банкруціліся і знікалі, Анатоль Уладзіміравіч вырашыў пачаць сваю справу. Яго выбар лёг на дрэваапрацоўку. Прадпрыемства стваралася і развівалася ў няпростых умовах цяжкіх 90-х гадоў, калі прыватныя вытворчасці з’яўляліся, як грыбы пасля дажджу, а потым лопаліся як мыльныя пузыры. Але дзякуючы прыроджанай эканамічнай “жылцы”, уменню прадбачыць, знаходзіць агульную мову з людзьмі, наш зямляк не толькі захаваў сваю справу, але і развіў яе ў рознапланавае прадпрыемства. У 2000 годзе з’явілася АЗС ў вёсцы Радкаў. На той час, калі заправачных станцый не было яшчэ ні ў Муляраўцы, ні ў Капаткевічах, АЗС стала не толькі выратаваннем для аўтамабілістаў раёна, прадпрыемстваў і арганізацый, але і дапамагла ўтрымаць на плыву і сваю дрэваапрацоўчую вытворчасць. Зразумеўшы, што рознавектарнасць дапамагае развіццю, прадпрыемства адкрыла ў горадзе Петрыкаве краму будаўнічых матэрыялаў, якая з цягам часу пашырыла свой асартымент і зараз носіць назву “Тавары для дома”. У 2010 з’явілася і прадуктовая крама “Алімп”, якая доўгі час працавала на патрэбы насельніцтва.
– Пару гадоў таму паступіла прапанова ад сеткі крам “Копеечка” здаць памяшканне прадуктовай крамы ім у арэнду. Палічыўшы рызыкі і выдаткі, згадзіліся і не пашкадавалі, – расказвае Анатоль Уладзіміравіч. – Але, трэба адзначыць, што петрыкаўчане нашу краму памятаюць і ўспамінаюць добрым словам.
Галоўны сакрэт поспеху, лічыць прадпрымальнік, моцны сямейны падмурак. Менавіта жонка Галіна Іванаўна той арыенцір, які не дазволіў апусціць рукі і збочыць з намечана шляху. Яе разуменне, падтрымка, надзейны тыл і жыццёвая мудрасць дазволілі працаваць і развіваць справу. Дарэчы Анатолій і Галіна ў чэрвені адзначылі 40-гадовы юбілей сумеснага жыцця.
Асаблівы гонар Анатолія Уладзіміравіча – дзве дачкі, Ганна і Алеся, якія скончылі школу з залатымі медалямі, а пазней і ВНУ з адзнакай. Адна жыве і працуе ў Мінску, а другая – у Петрыкаве. Прыватнае прадпрыемства – гэта амаль заўсёды сямейнасць. Вось і для Анатолія Мячына гэта так – дачка Ганна з’яўляецца яшчэ і намеснікам дырэктара і выконвае свае абавязкі адказна і бездакорна.
Адзін з напрамкаў дзейнасці “Алімп і К” – дабрачыннасць, справа, якая ідзе не па прымусу, а ад шчырага сэрца. Кіраўнік прадпрыемства ўзнагароджаны Ордэнам Серафіма Сароўскага ад патрыярха Алексія, медалём Алексія Лельчыцкага ад епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда – гэтыя высокія ўзнагароды паказваюць, што дабрачыннасцю арганізацыя займаецца на рэгулярнай аснове. Мясцовыя школа і садок, аддзяленне Чырвонага Крыжа, састарэлыя людзі і проста землякі – усім Анатолій Уладзіміравіч імкнецца дапамагчы.
– Калі ёсць фінансавая магчымасць, а ў людзей ці ўстаноў сацыяльнай сферы праблема, якую яны не могуць вырашыць самі – заўсёды лічу неабходным прыйсці на дапамогу. Нельга жыць на зямлі і не прымаць дзейсны ўдзел у жыцці землякоў. Ты робіш патрэбную справу і атрымліваеш маральнае задавальненне ад гэтага, – упэўнены прадпрымальнік.
У свой 30-гадовы юбілей ПВУП “Алімп і К” трывала стаіць на нагах і з’яўляецца прадпрыемствам, якое працуе на дабрабыт рэгіёна, жыве яго клопатамі і патрэбамі. Пажадаем яго ўласніку, і супрацоўнікам і ў далейшым паспяховай працы, новых вытворчых гарызонтаў!
– Віншую сваіх супрацоўнікаў, хто зараз працуе і хто ўжо на заслужаным адпачынку, з юбілеем прадпрыемства і ад ўсяго сэрца хачу пажадаць моцнага здароўя і дабрабыту! – пажадаў напрыканцы размовы Анатолій Мячын.

Надзея СІГАЙ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о