“Мы ведаем, што, пакуль не называем навязаныя нам звонку традыцыі, прынцыпы, меркаванні сваёй палітыкай, мы будзем незалежныя. Мы ведаем, што, пакуль ганарымся сваёй гісторыяй, сваім народам, сваёй краінай, мы будзем вольныя. Пакуль у нас родная зямля і гістарычная памяць, мы – народ. Мы будзем беларусамі! І гэта не лозунгі – гэта рэальны статус”.

Сёння, калі наша краіна сустракае сваю 82-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святкуе Дзень Незалежнасці, гэтыя словы Кіраўніка дзяржавы гучаць як ніколі актуальна і як нельга лепш адлюстроўваюць сутнасць галоўнага свята нашай краіны.
Дзень Незалежнасці – не проста прыгожая дата ў календары, гэта свята сцвярджэння, росквіту і дабрабыту, якое стала магчымым толькі таму, што тады, у ліпені 1944-га, нашы дзяды і прадзеды вярнулі Беларусі права на жыццё.
Аднак за мірным небам, якое мы ўспрымаем як дадзенасць, заўсёды павінна стаяць памяць аб страшнай цане суверэнітэту. Перамога, а разам з ёй і Незалежнасць нашай Радзімы літаральна здабыты крывёю – крывёю кожнага трэцяга беларуса. Гэтая лічба – не сухая статыстыка, гэта мільёны абарваных жыццяў, разбураныя гарады і спаленыя вёскі, памяць аб якіх да гэтага часу адклікаецца болем у кожнай сям’і і жыве ў мемарыялах і брацкіх магілах, сямейных альбомах і музеях. Яна не мае права адысці ў нябыт, бо, як трапна заўважыў Кіраўнік дзяржавы, “калі мы забудзем дарогу да гэтых святынь – усё можа паўтарыцца”.
Быць спадчыннікамі пераможцаў – гэта каласальная адказнасць. І пачынаецца яна з самага малога, але самага святога – з нашага стаўлення да мінулага. Ні адзін помнік у цэнтры пасёлка, ні адзін сціплы абеліск на ўскраіне, ні адна закінутая ў лясах брацкая магіла або адзіночнае воінскае пахаванне ў месцах былых баёў не павінны быць пакінуты або забыты… Прыйсці туды, прыбраць пажухлае лісце, абнавіць фарбу, пакланіцца і проста памаўчаць – гэта наш абавязак.
Час няўмольны, але наша памяць павінна быць мацнейшай за час. Пакуль не забытыя гэтыя магілы, мы застаемся людзьмі, якія ведаюць цану сваёй свабоды.
А яшчэ вернасць подзвігу дзядоў і прадзедаў правяраецца нашымі штодзённымі справамі. Таму наша галоўная перамога сёння – гэта захаванне гістарычнай праўды без скажэнняў і купюр, сумленная праца, а таксама выхаванне дзяцей, якія будуць шчыра любіць родны край. Гэта адзінства і ўзаемадапамога, якія робяць нас мацней перад любымі выклікамі. Калі мы будзем адзіныя ў сваім імкненні ствараць, спакойна і ўпарта працаваць на сваіх месцах – мы застанемся моцнымі, а значыць, і незалежнымі.
З Днём Незалежнасці, паважаныя землякі! Са святам велічы нашага духу і мірнага стварэння!

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о