У ААТ “Агра-Ляскавічы” працягваюцца работы па закладцы траў у сенажныя траншэі, што з’яўляецца адным з ключавых этапаў падрыхтоўкі гаспадаркі да зімовага перыяду.

Прадпрыемства нарыхтавала ўжо больш за пяць з паловай тон кармоў для жывёлы з 538 гектараў траў першага ўкосу (паказчыкі на 25 чэрвеня – заўвага аўтара).
Карэспандэнт раённага выдання наведала палеткі “Агра-Ляскавіч”, каб на свае вочы ўбачыць, як праходзіць гэты адказны працэс, пагаварыць з героямі палёў.
Недалёка ад Дарашэвіч, на адным з участкаў сельгаспрадпрыемства “кіпела” праца. Кормаўборачны камбайн, няспынна рухаючыся па полі, збіраў зялёную масу. Магутны механізм імгненна здрабняў траву ў дробную сечку, якая праз сіласаправод загружалася ў бункер побач ідучага МАЗа. На полі назіралася яшчэ дзве адзінкі тэхнікі, якія чакалі сваёй чаргі на загрузку. Нам пашчасціла пагутарыць з вадзіцелям камбайна – Паўлам Краменскім: кіроўца заўважыў прысутнасць журналістаў на полі і цікавасць да працэсу, падабраўшы да канца валок падвяленай травы, зрабіў невялікі перапынак.
– У сельскагаспадарчым сектары кожны сезон мае сваю важнасць, але першы ўкос травы – гэта не проста пачатак корманарыхтоўкі, а сапраўдны барометр будучага ўраджаю, – пачынае размову Павел Вячаслававіч. – У гэтым годзе першы ўкос травы ў гаспадарцы выдаўся нядрэнны. Бачыце самі як хутка запаўняюцца прычэпы тэхнікі, якія адвозяць зялёную масу да сенажных ям.
Механізатар прызнаецца, што ў такія спякотныя дні, якія ў апошнія дні стаяць у рэгіёне, працаваць нялёгка. Але пераносіць усе нягоды дазваляюць створаныя неабходныя ўмовы працы. Гэта і сучасная тэхніка, наяўнасць усяго неабходнага для яе абслугоўвання, арганізацыя абеду на полі і дастаўка вады.
Суразмоўца адзначае: поспех гаспадаркі – гэта вынік карпатлівай калектыўнай працы.
– На прадпрыемстве працуюць людзі, якія разумеюць важнасць выканання пастаўленых задач і з павагай ставяцца да кожнага кавалка зямлі.
Сам Павел родам з Брынёва і ўжо больш за дзесяць гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы. Пасля заканчэння мясцовай школы адразу прыняў свядомае рашэнне звязаць свой лёс з зямлёй. За гэты час прайшоў шлях ад пачаткоўца да вопытнага майстра сваёй справы. Ён ведае ўсе нюансы апрацоўкі глебы, пасадкі і ўборкі ўраджаю. Яго рукі, загартаваныя працай, умела кіруюць тэхнікай. Наш герой уладкаваўся з сям’ёй у Петрыкаве. Аднак мужчына адзначае, што праблема дабірацца з райцэнтра на працу і дадому для яго і яго калег вырашана – гаспадарка арганізавала зручны падвоз.
– Праца механізатара – гэта не толькі фізічная нагрузка, але і вялікая адказнасць. Ад нашай дакладнасці і ўважлівасці залежыць якасць пасяўной, своечасовасць уборкі і, у канчатковым выніку, колькасць і якасць ураджаю. Людзі, якія сядзяць за штурвалам сельгастэхнікі, сутыкаюцца з рознымі выклікамі, але заўсёды знаходзяць выйсце, дзякуючы сваёй настойлівасці і прафесіяналізму, – адзначыў напрыканцы размовы Павел Краменскі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий