На палях Петрыкаўскага раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў. Каб даведацца, як ідзе праца ў ААТ “Чалюшчавічы”, мы адправіліся на кукурузнае поле сельгаспрадпрыемства.
На палетках усё працуе як адзіны зладжаны механізм: трактары, кормаўборачныя камбайны, МАЗы. Да магутнай машыны з поўным кузавам кукурузнай масы адразу пад’язджае наступная, утвараючы своеасаблівы “кукурузны караван”. Асаблівая ўвага сёння надаецца ўборцы кукурузы на сілас. Гэты сакавіты корм складае 60–70% рацыёну жывёлы, таму ад яго якасці напрамую залежаць будучыя надоі і эфектыўнасць жывёлагадоўчай галіны.
– Праца на палях не спыняецца ні на хвіліну. На сённяшні дзень ужо ўбраны 1141 гектар кукурузы на зялёную масу. Валавы збор склаў 17,384 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 150–160 цэнтнераў з гектара. Паралельна вядзецца ўборка і на зерне: убрана 105 гектараў, намалочана 310 тон пры ўраджайнасці 29–30 цэнтнераў з гектара.
За лічбамі стаіць штодзённая карпатлівая праца механізатараў, вадзіцеляў і спецыялістаў гаспадаркі. Дзякуючы іх адказнасці і прафесіяналізму, «царыца палёў» своечасова трапляе ў траншэі, каб стаць надзейнай кармавой базай для статка.
Падчас наведвання гаспадаркі мы заспелі за работай на кормаўборачных камбайнах Сяргея Качэлю і Віталія Кананчука. Механізатары адказна падыходзяць да тэхнікі: штодзённы агляд асноўных вузлоў дазваляе пазбегнуць паломак у полі.
– Калі прырода спрыяе, то і настрой бадзёры, – дзеліцца Віталій Уладзіміравіч. – У сельскай гаспадарцы працы хапае заўсёды, і на надвор’е спадзявацца не варта. Галоўнае – выконваць тэхналогію.
Тэхналагічны працэс у ААТ “Чалюшчавічы” адладжаны да дробязяў: граблі-валкавальнікі забяспечваюць аптымальную вільготнасць, затым ідзе здрабненне і закладка ў траншэі. Як адзначае Сяргей Ракіцкі, менавіта трывалая кармавая база стала асновай для ўстойлівага росту, які гаспадарка дэманструе ў апошнія гады.
– Нельга прапусціць самую прадуктыўную фазу, калі ў раслінах утрымліваецца максімум вітамінаў. Важныя, менавіта пажыўныя кармы, – адзначае Сяргей Мікалаевіч.
– Пасля закладкі масу старанна трамбуюць і кансервуюць пад плёнкай. Ужо праз 30 дзён атрыманы сілас можна будзе выкарыстоўваць для кармлення жывёлы.
Пасля размовы з кіраўніком мы накіраваліся на месца закладкі траншэі, каб на свае вочы ўбачыць, як фарміруецца будучы кармавы запас гаспадаркі.
Трамбаваць кукурузную масу ў траншэі на “Амкадоры” дапамагае механізатар Дзмітрый Герасіменка, у задачы якога ўваходзіць раўнамерна і максімальна шчыльна ўтрамбаваць масу, каб выціснуць паветра. Аграрый працуе ў сельскай гаспадарцы год, але ўжо паспеў паказаць высокія вынікі і ўзяў запаветную тысячу тон, стаўшы камбайнёрам-тысячнікам на жніве 2026 года.
Са слоў аграрыяў, расслабляцца і думаць пра адпачынак ім яшчэ рана. Чарада сельскіх спраў працягваецца. Што ж, для паспяховых восеньскіх палявых работ створаны ўсе ўмовы. Пажадаем хлебаробам здароўя, пагодлівых дзянькоў і паспяховага завяршэння сезону.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.






Оставить комментарий