Восеньскія клопаты ААТ «Чалюшчавічы»

0
43

Восеньскія клопаты ААТ "Чалюшчавічы"

Днямі мы наведаліся на палеткі ААТ “Чалюшчавічы”, каб пагутарыць з земляробамі і даведацца, як праходзяць работы па падрыхтоўцы глебы і сяўбе азімых культур.

Восеньская сяўба – адзін з самых адказных у сельскагаспадарчым календары перыядаў, бо менавіта цяпер закладваецца падмурак будучага ўраджаю і трывалай кармавой базы. Ад таго, наколькі старанна будзе падрыхтавана глеба, залежыць, як перазімуюць пасевы і якім будзе ўраджай наступнага года.

Мы адправіліся на палеткі бліз Капаткевіч. На сеялцы працуе адзін з перадавых механізатараў гаспадаркі Аляксандр Бялько, які заняты на сяўбе азімага ячменю. Плошчы вялікія, але тэхніка надзейная, ды і вопыту механізатару не займаць: у гаспадарцы ён працуе больш за 15 гадоў і дакладна ведае, як правільна “пакласці” зярнятка ў глебу. Аграрый робіць кароткія прыпынкі, каб праверыць сеялку і выехаць на чарговае кола.

Падчас размовы Аляксандр кажа, што вывучыў кожную дэталь агрэгата, тэхніка любіць беражлівыя і ўважлівыя адносіны, толькі пры такім стаўленні можа быць забяспечана бесперабойная праца. Механізатар сочыць за глыбінёй апрацоўкі глебы, падачай насення. Пасля размовы аграрый зноў заводзіць магутны трактар “Беларус-3522”, пакідаючы за сабой роўныя разоры раллі і аблокі пылу.

Восеньскія клопаты ААТ "Чалюшчавічы"

Па словах кіраўніка гаспадаркі Сяргея Ракіцкага, агульны аб’ём пасяўных плошчаў складае 2200 гектараў.

– На сённяшні дзень ужо пасеяна 500 гектараў пшаніцы, прыступаем да сяўбы азімага ячменю, – адзначае Сяргей Мікалаевіч.

Тэрміны сяўбы для кожнай культуры маюць вялікае значэнне, бо з імі непарыўна звязаны рост і развіццё раслін, іх устойлівасць да зімоўкі. Кіраўнік адзначае, што да азімай сяўбы ў гаспадарцы рыхтаваліся грунтоўна. Агратэхналогія вырошчвання складаецца з мноства ключавых элементаў, і грэбаваць ніводным з іх нельга: апрацоўка глебы, унясенне ўгнаенняў, падбор насення, дакладнасць сяўбы – усё гэта імкнуцца выконваць па максімуме.

Восеньскія клопаты ААТ "Чалюшчавічы"

Як кажуць, восень – работ восем. І ў сучасных аграрыяў іх нават больш. Акрамя азімай сяўбы, на першы план выходзяць ворыва, унясенне мінеральных угнаенняў і нарыхтоўка кукурузнага сіласу. Праца кіпіць, і кожны працаўнік гаспадаркі разумее: ад іх стараннасці сёння залежыць дабрабыт гаспадаркі заўтра.

Марыя ТАМКО, фотра аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о