Прафесійнае свята – Дзень работнікаў пракуратуры – гэта не толькі нагода для віншаванняў, але і магчымасць для нас, журналістаў, зірнуць на будні тых, чыя праца звычайна ўтоена ад вачэй абывацеля за строгімі фармулёўкамі законаў. Скарыстаўшыся нагодай, журналіст раённай газеты правёў адзін дзень у пракуратуры Петрыкаўскага раёна, каб убачыць, з чаго складаецца працоўны дзень людзей у сініх мундзірах.
Наш гід па прафесіі – пракурор раёна Андрэй Аляксандравіч Лявончык, а таксама яго зладжаная каманда: намеснік пракурора Алег Паўлавіч Мінаў і памочнік пракурора Алена Андрэеўна Панасейка.

Раніца пачынаецца з людзей: звароты і асабісты прыём
Працоўны дзень у пракуратуры не мае строгага фіналу, але пачынаецца заўсёды максімальна дынамічна. Раніца пракурора раёна Андрэя Лявончыка – гэта, як правіла, работа з поштай і прыём грамадзян. Па інфармацыі Андрэя Аляксандравіча, з пачатку бягучага года ў пракуратуру раёна паступіла каля шасцідзесяці зваротаў.
– За кожнай гэтай лічбай – рэальныя праблемы чалавека: працоўныя спрэчкі, сямейныя рознагалоссі, пытанні камунальна-бытавога характару. Наша задача – не проста даць сухі юрыдычны адказ, а дэталёва разабрацца, аднавіць парушаныя правы і справядлівасць. Пракуратура – гэта той орган, куды людзі ідуць за канчатковай праўдай, і мы не маем права падвесці іх давер, – падзяліўся ў час сустрэчы пракурор раёна.
У цесным кантакце: падтрыманне дзяржаўнага абвінавачання і ўдзел у судах
Пасля разгляду зваротаў, прадстаўнік пракуратуры адпраў-ляецца ў залу судовых пася-джэнняў. Пытанні ўзаемадзеяння судовай сістэмы і нагляднага органа каардынуе намеснік пракурора Алег Мінаў. На прафесійнай мове гэта называецца забеспячэннем законнасці судовых пастаноў і падтрыманнем дзяржаўнага абвінавачання.
Як адзначыў Алег Мінаў, узаемадзеянне з судом – каласальны пласт працы. Гэта не толькі непасрэдны ўдзел у судовых пасяджэннях у якасці дзяржаўных абвінаваўцаў па крымінальных справах або абаронцаў інтарэсаў грамадзян у грамадзянскім працэсе. Гэта скрупулёзнае вывучэнне крымінальных і грамадзянскіх спраў, праверка законнасці і абгрунтаванасці кожнага вынесенага прыгавору і рашэння.
– Закон павінен перамагаць, а пакаранне – адпавядаць цяжару зробленага. Памылкі тут недапушчальныя, – перакананы Алег Паўлавіч.
Вектар кантролю: ад Петрыкаўскага лясгаса да фермы ў Бялавічах
Бліжэй да поўдня пачынаецца выязная наглядная дзейнасць. Пракурорскі нагляд ахоплівае абсалютна ўсе сферы жыцця раёна, аднак асаблівая ўвага – эканоміцы і захаванасці дзяржаўнай маёмасці. У дзень нашага прафесійнага ўзаемадзеяння па плане наведванне двух ключавых аб’ектаў. У Петрыкаўскім лясгасе памочнік пракурора Алена Панасейка вывучала пытанні выканання прыродаахоўнага заканадаўства, лесакарыстання і мэтавага расходавання ўстановай рэсурсаў.
– Пракуратура сочыць, каб “зялёнае золата” раёна выкарыстоўвалася строга ў адпаведнасці з законам, а пару-шэнні правілаў высечкі або пажарнай бяспекі спыняліся на корані, – пазначыла ў час рэйду нашаму карэспандэнту Алена Андрэеўна.
На малочна-таварную ферму ў Бялавічах наведаліся з пракурорам раёна Андрэем Лявончыкам. Тут у цэнтры ўвагі прадстаўніка закона – выкананне Дырэктывы №1 і заканадаўства аб аграпрамысловым комплексе.
– Парадак на ферме, умовы ўтрымання жывёлы, нарыхтоўка кармоў і дысцыпліна кадраў – гэта эканамічная бяспека рагіёна. Таму пытанні гэтыя пракуратура пастаянна трымае на жорсткім кантролі, – патлумачыў Андрэй Аляксандравіч.
Галоўная інвестыцыя: дзеці і прафілактыка
Другая палова дня прысвечана тым, дзеля каго вядзецца ўся гэтая вялікая праца. Законапаслухмяныя грамадзяне, упэўнены супрацоўнікі пракуратуры, фарміруюцца са школьнай лавы. Прафілактычную работу з непаўналетнімі курыруе памочнік пракурора Алена Панасейка. Адпраўляемся на сустрэчу з наведвальнікамі спартыўна-аздараўленчага лагера, які гэтымі днямі працуе на базе ДЮСШ.
– Дзеці – гэта наша будучыня, і якімі яны вырастуць, залежыць ад нас. Прафілактычная работа з непаўналетнімі – прыярытэтны напрамак. Мы не палохаем рабят артыкуламі Кодэкса, а тлумачым ім наступствы неабдуманых крокаў: распавядаем аб лічбавай гігіене, небяспецы наркабізнесу, абароне палавой недатыкальнасці і важнасці павагі да закона. Наша мэта – зберагчы, прадухіліць правапарушэнне да таго, як яно будзе здзейснена, – падзялілася Алена Андрэеўна.
Чыстыя рукі: антыкарупцыйны шчыт у працоўных калектывах
Завяршаецца працоўны дзень супрацоўнікаў пракуратуры яшчэ адным важным мерапрыемствам – сустрэчай у калектыве аднаго з прадпрыемстваў раёна па пытаннях супрацьдзеяння карупцыі.
Пасля візіту ў калектыў Алег Мінаў патлумачыў:
– Барацьба з карупцыйнымі праявамі – задача бескампра-місная. Але акрамя выяўлення злачынстваў, мы робім вялізны ўпор на іх папярэджанне. Сустрэчы ў працоўных калектывах, тлумачэнне антыкарупцыйнага заканадаўства службовым асобам, аналіз зон рызыкі – гэта прафілактычны шчыт, які дапамагае захаваць чысціню шэрагаў і празрыстасць працы ўсіх звёнаў раённай вертыкалі.
Працоўны дзень работнікаў пракуратуры фармальна завершаны, аднак у вокнах будынка на вуліцы Ленінскай усё яшчэ гарыць святло. Заўтра будуць новыя звароты, новыя судовыя працэсы і новыя выезды на аб’екты. Таму што законнасць не ведае выхадных, а спакой жыхароў Петрыкаўшчыны знаходзіцца пад надзейнай і прынцыповай абаронай.
Са святам, паважаныя работнікі пракуратуры!
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий