Раённае выданне – гэта не толькі друкаваная газета, але і старонкі “ПН” у сацыяльных сетках. Гэта дапамагае нам, карэспандэнтам, падтрымліваць сувязь з чытачамі.
Пост у сацыяльных сетках пра тое, што з 1 ліпеня 2026 года ў горадзе Мінску падатак на сабаку будуць налічваць па факце пражывання жывёліны, не залежна ад таго, зарэгістраваў гаспадар свайго гадаванца ці не, выклікаў водгукі падпісчыкаў. Адзін з іх выказаўся наконт таго, што ў нашай краіне ўводзіцца шмат падаткаў. Параўнаем?
У Беларусі падатак на сабак быў уведзены ў 2010 годзе. Зразумела, што падатак не ўводзіцца раптоўна, перад гэтым ідзе вывучэнне пытання, у тым ліку і міжнароднага вопыту.
Якім жа чынам вырашаюць гэта пытанне ў розных краінах свету? – задаліся мы пытаннем і пачалі вывучаць яго.
Падатак на сабак існуе шмат у якіх замежных краінах. У першую чаргу гэты вылік накіраваны на фінансаванне грамадскіх прастор (уборка, стварэнне пляцовак для выгулу), рэгуляванне колькасці хатніх жывёл і фарміраванне адказных адносін да сваіх гадаванцаў.
Напрыклад, у Германіі падатак на сабаку абавязковы і вар’іруецца ад 30 да 700 еўра ў год на адну асобіну: гэта залежыць ад мясцовых уладаў і памераў гадаванца. У Польшчы гэты вылік таксама існуе і з 2026 года ён павялічваецца і складзе 186 злотых у год. Дзейнічае падатак і ў Швейцарыі ў памеры 100-200 швейцарскіх франкаў.
У Нідэрландах у 102 муніцы-палітэтах зборы на сабак таксама выплачваюцца. Абавязковым з’яўляецца такі падатак і ў Аўстрыі, але яго велічыня залежаць ад мясцовай адміністрацыі. У Вялікабрытаніі і Аўстраліі адсутнічаюць падаткі на сабак, але існуюць абавязковыя зборы за рэгістрацыю гадаванца і мікрачыпіраванне.
Доўгі час падаткі на сабак дзейнічалі ў краінах Паўночнай Еўропы: Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі. У апошні час гэтыя краіны адмянілі вылік, але ўзмацнілі кантроль за абавязковай рэгістрацыяй і чыпіраваннем сабак, якія аплачваюцца гаспадарамі.
Расце тэндэнцыя да ўзмац-нення кантролю за ўтрыманнем хатніх жывёл у краінах Азіі. Напрыклад, у Пекіне дзейнічае абавязковая сістэма рэгістрацыі сабак, першасная рэгістрацыя каштуе 1000 юаняў, а штогадовае падаўжэнне рэгістрацыі – 500. За стэрылізаванага сабаку дзейнічае зніжка. У Сінгапуры кожны сабака павінен мець ліцэнзію, якая складае 15 сінгапурскіх долараў для стэрылізаванага сабакі і 90 – для не стэрылізаванага. Калі сабак утрымліваецца больш за 3, кошт узрастае да 180. У Японіі няма падатку за ўтрыманне сабак, але існуе рэгістрацыйны ўзнос каля 3000 ен, і такога ж памеру штогадовы ўзнос за прышчэпку ад шаленства.
Падатак на сабак – практыка, якая прымяняецца ў свеце, і Беларусь не выключэнне. Выбар застаецца за чалавекам: заводзіць гадаванца альбо ўтрымацца ад гэтага кроку.
Надзея Сігай.






Оставить комментарий