У суботу, 23 мая, петрыкаўскі стадыён “Прыпяць” прымаў чарговы матч чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. Тры хатнія сустрэчы запар, у рамках турніру, дазволілі мясцовым аматарам футбола пазнаёміцца з усімі сапернікамі петрыкаўскай каманды. Нагадаем, папярэдне футбольны клуб “Петрыкаў” упэўнена абыграў “Лельчыцы” і “Акцябрскі”, абедзве гульні скончыліся з лікам 7:2. На гэты раз у якасці гасцей на пляцоўку выйшлі спартсмены з Жыткавічаў.
З першых хвілін абедзве дружыны ўзялі шпаркі тэмп. Госці адразу пачалі ціснуць: адыгрывалі шчыльна, кемліва выкарыстоўваючы ўсю наяўную прастору. Жыткаўчане нядрэнна рухаліся, удала абіралі пазіцыі на пляцоўцы і аддавалі дакладныя перадачы, адкрыўшы лік на 9-ай хвіліне розыгрышам вуглавога.
Гаспадары не хацелі доўга заставацца ў якасці даганяючых, пачалі адказваць і ў час чарговай такой атакі жыткаўчане груба адыгралі ў абароне, за што і былі пакараны пенальці – 1:1 на 17 хвіліне. У гульні назіралася раўнавага. Мясцовыя футбалісты ўсё часцей выходзілі да варот супернікаў, але такія штурмы ці то мелі заканчэнне недакладным ударам, ці то былі даволі простымі для жыткавіцкага варатара.
Напружанасць узрастала, што стала следствам яшчэ двух 11-метровых: спачатку пенальці быў прызначаны ў вароты “Петрыкава” – 2:1, а потым зноў у напрамку варот жыткаўчан – 2:2. У далейшым тэмп крыху запаволіўся, атакі страцілі папярэднюю вастрыню і гульня праходзіла, у большасці сваёй, у цэнтры поля. Справа ішла да канца тайма, калі госці нечакана, але даволі спакойна, нават незаўважна, змянілі лік: адзін з нападаючых прайшоў па правым фланзе, а калі абарона землякоў пачала сціскацца, зрабіў навес на левы фланг і асістэнту толькі і заставалася, што падставіць нагу і скіраваць мяч у сетку варот – 2:3.
Пасля перапынку сярод балельшчыкаў з’явілася надзея, што ў другой палове гульні мясцовыя футбалісты наўпрост “перабегаюць” апанентаў: у супернікаў сярод запасных ігракоў быў толькі варатар, у той час “Петрыкаў” меў у сваім распараджэнні дастатковую колькасць футбалістаў. З гэтага вынікала, што “Жыткавічы” будуць рабіць стаўку на пачатак другога тайма. Так і сталася – з-за пастаяннага ціску гасцей гульня разгортвалася на палове поля прымаючага боку і на 55 хвіліне абарона каманды з берагоў Прыпяці не вытрымала – 2:4. Да рэчы, пасля забітага гола суседзі не збавілі абаротаў і толькі бліжэй да апошніх 20-ці хвілін асноўнага гульнявога часу землякі пачалі часцей выходзіць да штрафной пляцоўкі супернікаў. Каля 73-й хвіліны двайная замена ў петрыкаўчан магла даць свой плён, але навес да пустога кута варот наўпрост не было каму замкнуць. Намаганні прывялі за выніковага штурму толькі на дадатковых хвілінах – 3:4, але ў хуткасці прагучаў фінальны свісток, і перамога, а разам з ёю і тры ачкі, былі запісаныя на карысць каманды з Жыткавічаў.
Такім чынам, лідарства ў падгрупе “Петрыкава” аспрэчылі “Жыткавічы” – абедзве каманды маюць па шэсць ачкоў у трох гульнях, тры ачкі з двух матчаў запісалі на свой рахунак футбалісты “Акцябрскага”, а замыкаюць табліцу “Лельчыцы” – клуб не мае балаў пасля двух сустрэч. Наперадзе ў нашай каманды сур’ёзны іспыт – другая палова дыстанцыі турніру з трыма выязнымі сустрэчамі. Будзем спадзявацца, што землякі зробяць патрэбныя высновы з праведзеных матчаў і пакажуць упэўненую гульню ў гасцях.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.







Оставить комментарий