Старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Верамееў:
– У цяперашні час у Петрыкаўскім раёне паводкавая сітуацыя кантралюемая. Даволі высокі снежны покрыў, з якім мы ўваходзілі ў вясну, дзякуючы плюсавой тэмпературы днём і ўстойліваму мінусу ноччу сыходзіць паступова. Узровень вады ў рацэ Прыпяць не дасягнуў небяспечных адзнак і на пойму вада яшчэ не выйшла. Чаго не скажаш пра Пціч.
Таму ўсімі раённымі службамі вядзецца комплексная падрыхтоўка да магчымай паводкі, зыходзячы з максімальных рызык. Па шматгадовых назіраннях, у выніку разліву Прыпяці і яе прытокаў на тэрыторыі раёна магчыма падтапленне 15 населеных пунктаў, размешчаных у непасрэднай блізкасці да берагавой лініі. Адзін з іх – вёска Мардзвін у выпадку прарыву дамбы. Тэхнічны стан дамбы быў абследаваны камісіяй у канцы лютага, да вялікай вады яна гатова.
На ўзроўні райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў, накіраваных на безаварыйны пропуск вясенняй паводкі 2026 года. Гаворка ідзе пра максімальную гатоўнасць экстраных служб да работы ва ўмовах падтапленняў. Так, ужо створаны манеўраныя пасты МНС і ТВВод, задачай якіх у першую чаргу будзе аказанне дапамогі жыхарам, якія апынуцца ў зоне падтаплення. На сённяшні дзень у раёне адпрацавана альтэрнатыўная лагістыка на выпадак сур’ёзнага падтаплення паводкавымі водамі аўтадарогі Лучыцы-Хвойня. Працягласць падтопленага ўчастка на 12 сакавіка – 100 метраў, глыбіня падтапленняў – 10 сантыметраў. Пакуль па гэтым участку курсіруе і легкавы, і грузавы транспарт, на жыццязабеспячэнне насельніцтва падтапленне ніяк не паўплывала. Аднак раённай камісіяй па НС распрацаваны дэталёвы план забеспячэнні падтопленых населеных пунктаў прадуктамі харчавання, пітной вадой, сфарміраваны рэзерв фонду жылля для часовага размяшчэння людзей. Гэта што датычыцца работы служб ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі. Разам з тым, па меры сходу снегу ідзе ачышчэнне меліярацыйных каналаў, вадасцёкаў, падрыхтавана спецтэхніка вадаканала для адпампоўкі вады. Не менш важным момантам у гэты перыяд з’яўляецца тлумачальная работа з людзьмі. Спецыялісты санэпідслужбы раёна сустракаюцца з насельніцтвам, рыхтуць інфармацыйныя буклеты з парадамі і алгарытмам дзеяння пры падтапленні падворкаў, жылых і гаспадарчых пабудоў. Нашы людзі ведаюць, што важна прывесці ў парадак двары, вызваліць канавы ад смецця для свабоднага пропуску вады, зрабіць запас бутыляванай вады, а калодзежнай карыстацца толькі пасля абавязковага кіпячэння. Адным словам, у дзеянне ўключаны ўвесь механізм падрыхтоўкі да паводкі, які на Палессі правераны дзесяцігоддзямі і неаднаразова даказваў сваю эфектыўнасць.






Оставить комментарий