Новы дом на Палессі

0
332

Беларуская зямля прыцягвае да сябе іншаземцаў не толькі сваёй прыгажосцю і турыстычным патэнцыялам. Усё больш жыхароў іншых краін разглядаюць “сінявокую” як надзейнае месца для працаўладкавання і пабудовы будучыні.

У канцы мінулага года калектыў СУП “Палессе-Аграінвест” папоўніўся новымі кадрамі – на працу прыбыла група грамадзян з далёкага Туркменістана. Пры наведванні МТФ “Церабаў” карэспандэнты “ПН” пазнаёміліся з адным з іх – жывёлаводам Нурагды Атаевым. Мужчына добра размаўляе на рускай мове, што і дазволіла нам пагутарыць пра яго жыццё на Петрыкаўшчыне.

– У Туркменістане, пад гарачым сонцам, зусім іншы рытм жыцця, іншыя традыцыі і прырода. Аднак склалася так, што сваім працоўным месцам я выбраў Беларусь, – пачаў свой расказ мужчына. – Рашэнне прыехаць у гэтую краіну было свядомым, першапачаткова вывучыўшы прапановы рынку працы. Вырашыў паспрабаваць свае сілы менавіта на Петрыкаўшчыне таму, што ўмовы працаўладкавання ў Палессі-Агранвест былі вельмі прывабныя.

Нурагды прызнаецца: першыя ўражанні ад Палесся былі самыя станоўчыя. Новае месца працы сустрэла ветліва і гасцінна Кіраўніцтва прадпрыемства паклапацілася пра бытавыя ўмовы: прадаставілі жыллё ў Церабаве, а таксама забяспечылі харчовым пайком. Ды і работнікі комплекса, мясцовыя жыхары, аднесліся да туркменаў, па-брацкі.

– Работы на прадпрыемстве шмат, і яна патрабуе вялікай адказнасці. Пад маёй апекай знаходзіцца больш за 100 галоў цялят ва ўзросце да трох месяцаў, – працягвае суразмоўца. – Гэта той перыяд, калі жывёла патрабуе асаблівай увагі, карпатлівага догляду.

Распавядаючы пра свае будні, уражэнец Туркменістана адзначае, што яго працоўны дзень пачынаецца ў паўвосьмага раніцы з абходу цялятнікаў. Важна праверыць стан кожнага гадаванца, пераканацца, што ўсе яны здаровыя і бадзёрыя. Пасля гэтага ідзе падрыхтоўка да выпайкі жывёлін – працэс адказны, які патрабуе дакладнасці і ўвагі.

Спіс абавязкаў жывёлавода аб’ёмны: пасля выпайкі трэба ачысціць кармушкі, раздаць жывёле камбікорм, старанна памыць вёдры, забяспечыць наяўнасць свежай вады і абнавіць подсціл. Пасля абеду праца працягваецца: паўторная раздача сена і вады, уборка гною, а таксама падтрыманне чысціні ў памяшканнях, уключаючы іх своечасовую пабелку. Завяршаецца дзень зноў жа выпайкай цялят. Заняты жывёлавод на вытворчасці да 18-ці гадзін вечара.

Са слоў мужчыны ўсе дзеянні ўжо адпрацаваны да аўтаматызму.

– Вядома, спачатку было няпроста. Давялося адаптавацца да мясцовага клімату, да рытму жыцця на ферме, – прызнаецца Нурагды. – Але да працы я прывучаны з дзяцінства. Сёння я маю добрую заработную плату, жаданне і настрой працаваць.
Размаўляючы пра асабістае, суразмоўца быў шчырым. Яго гісторыя – гэта гісторыя чалавека, які шукае спакою і стабільнасці. Бацькі мужчыны пайшлі з жыцця, у сястры – свая сям’я і свае клопаты. За час працы на Петрыкаўшчыне жывёлавод паспеў ацаніць прыгажосць нашага краю, ветлівасць людзей, і магчымасць годнага жыцця. Ён не выключае, што ў далейшым канчаткова звяжа свой лёс з нашай мясцовасцю.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о