Уборачная кампанія ў разгары. Пакуль сонца яшчэ не паспела высушыць ранішнюю расу, на палетках ужо кіпіць праца. Ад світання да позняга вечара аграрыі шчыруюць на збожжавых нівах, разумеючы: кожная хвіліна на вагу золата. У гэтыя спякотныя дні плячо ў плячо з радавымі працаўнікамі нярэдка можна ўбачыць і людзей, якія кіруюцьна месцах працэсам уборачнай кампаніі. Для іх удзел у жніве – не проста службовы абавязак, а справа гонару і асабістай адказнасці.

Для ўпраўляючага аддзялення “Вялаўск” СУП “Палессе-Аграінвест” Васілія Казачэнкі праца на палетках – звыклая справа. Васілій Уладзіміравіч перакананы: каб па-сапраўднаму разумець патрэбы гаспадаркі і адчуваць рытм жніва, трэба быць у самым эпіцэнтры падзей.
Сустрэцца з упраўляючым аддзялення аказалася задачай няпростай.
– Шукайце ў полі або на збожжасховішчы. Ён з самай раніцы на трактары – адвозіць збожжа ад камбайнаў, – падсказалі работнікі гаспадаркі .
Сапраўды, праз некалькі хвілін да току пад’ехаў трактар, за рулём якога Васілій Казачэнка.
– Жніво – гэта экзамен для ўсіх нас. Калі бачыш, як працуюць людзі, як яны выкладваюцца на 100 %, ты проста не маеш маральнага права быць убаку. Неабходна быць разам з імі. Калі трэба – то і сесці за руль. Гэта і ёсць камандная праца. Перад намі кіраўніцтва “Палесся-Аграінвест” паставіла вытворчыя задачы. Мы павінны іх выканавіць якасна і ў тэрмн, – дзеліцца суразмоўца.
На палетках “Вялаўска” завяршыўся важны этап – уборка ранніх збожжавых культур. Праца была арганізавана зладжана, што дазволіла сабраць ураджай у аптымальныя тэрміны.

Справа гонару і асабістай адказнасці
У гэтым сезоне пад збожжавыя было адведзена 440 гектараў плошчаў. Агульны намалот склаў 1081 тону. Сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы зафіксавана на адзнацы 27 цэнтнераў з гектара. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што, нягледзячы на капрызы надвор’я, аграрыі змаглі захаваць ураджай і якасна правесці ўборачную кампанію.
Аднак, са слоў Васілія Казачэнкі, пра адпачынак механізатарам думаць яшчэ рана: у аддзяленні ўжо дала старт уборка наступных культур. Фронт работ на бліжэйшы час вызначаны дакладна. Зараз асноўныя сілы сканцэнтраваны на ўборцы аўса, якім у гэтым сезоне засеяна 170 гектараў.
Паралельна з гэтым работнікі рыхтуюцца да жніва іншых культур. У планах гаспадаркі – убраць 410 гектараў жыта, а таксама 100 гектараў трыцікале.
На зернетаку ўпраўляючы аддзяленнем затрымліваецца нядоўга – яго чакаюць у полі. Мы накіроўваемся следам за ім, каб на свае вочы ўбачыць працэс збору аўса.
Варта адзначыць, што шлях Васілія Казачэнкі ў сельскую гаспадарку быў не зусім звычайным. У аграрнай сферы ён працуе пяць гадоў, а да гэтага доўгі час прысвяціў педагогіцы – быў дырэктарам мясцовай школы да яе рэарганізацыі. Магчыма, менавіта гэты педагагічны вопыт дапамагае яму сёння знаходзіць падыход да людзей, выхоўваць маладыя кадры і з такой адказнасцю ставіцца да даручанай справы.
Сёння Васілій Уладзіміравіч не шкадуе аб змене прафесіі. Кажа, што праца на зямлі дае асаблівае адчуванне патрэбнасці і выніковасці.
На полі нас сустракае залацістае мора збожжавых. Трактар плаўна пад’ехаў да бункера камбайна, і густым струменем у яго кузаў пасыпаўся авёс. За штурвалам камбайна – Уладзіслаў Марціновіч. Цікавы факт: малады механізатар – былы вучань Васілія Казачэнкі. Гэта сімвалічна: настаўнік і вучань сёння разам працуюць на адной ніве, забяспечваючы харчовую бяспеку раёна, краіны.
– Калі бачыш, што твой начальнік не баіцца цяжкай працы і дзеліць з табой усе цяжкасці “гарачага” сезона, працаваць становіцца лягчэй. Гэта стварае асаблівую атмасферу ўзаемавыручкі, – адзначыў малады камбайнёр.
Дачакаўшыся пакуль зерне даплыло да борцікаў кузава, упраўляючы аддзяленнем “Вялаўск” спяшаецца выконваць узятыя на сябе абавязкі. Ніякіх “перакураў” ці доўгіх размоў – машына павінна ісці ў рэйс без затрымак. Мы праводзім яго позіркам з думкай: пакуль такія людзі стаяць на чале працоўных калектываў, уражай будзе сабраны своечасова.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтра.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о