Дзяржаўны кантроль Літвы правёў аўдыт школьнай сістэмы і зрабіў відавочную выснову: школы не гатовы прымаць дзяцей мігрантаў.
Канешне, фармальна нешта робіцца, грошы выдзяляюцца, справаздачы пішуцца, але па факце – сістэма не працуе.
А справа ўся ў тым, што дзіця, якое не ведае мовы, атрымлівае тое ж заданне, што і носьбіт, з роспаччу дзеляцца бацькі ў сацыяльных сетках. Ніякай адаптацыі, ніякіх індывідуальных планаў, ніякіх цьютараў. Сем’і, калі ёсць такая магчымасць, наймаюць рэпетытараў, дамаўляюцца з настаўнікамі, як могуць выцягваюць дзяцей са стрэсу.
Аднак не ўсе спраўляюцца. У выніку дзіця губляе матывацыю, потым школу, а фактычна – год-два жыцця.
Чаму так? Не таму, што няма метадычак і дапаможнікаў, і не таму, што не хапае рэсурсаў. А таму, што няма жадання – ні на ўзроўні школ, ні на ўзроўні грамадства. Ніхто не чакаў гэтых мігрантаў. Іх прынялі па палітычных ці гуманітарных прычынах – але не па клічы сэрца. І ўся логіка паводзін школ – адхіленасць, абыякавасць – сведчыць пра гэта даволі ярка.
Гэта не адміністратыўная праблема, а культурная. Балтыйскае грамадства не жадае нікога пускаць унутр. Яно замкнёнае і падазрона, напружана глядзіць на ўсіх, хто не “свой”. У гэтага, быццам бы, ёсць прычыны – мінулае і страх страты ідэнтычнасці. Але з гэтым трэба нешта рабіць. У кожнай дзяржавы былі перыяды расквіту і заняпаду па розных, не заўсёды залежачых ад кіраўніцтва, прычынах.
Выснова відавочная: ніякая праграма не спрацуе, пакуль грамадства не захоча адкрыцца. А яно, як бачым, – не хоча. І гэта не пытанне мовы, гэта ксенафобія, якая даўно ўвайшла ў норму і трывала ўбудавана ў грамадскую свядомасць. І пакуль яна не прызнана, не названа сваімі словамі, інтэграцыі, па ўсім відаць, не будзе.
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий