“Мультфільм! Няхай жыве мультфільм!”

0
334

“Мультфільм! Няхай жыве мультфільм!”З цікавасцю заўсёды гляджу анімацыйныя фільмы, але ніколі не задумвалася пра працэс іх стварэння.

Міжнародны дзень кіно, які адзначаецца 28 снежня, стаў нагодай даведацца пра гэта.
Мы завіталі да Юліі Вашковай, кіраўніка аб’яднанняў па інтарэсах “Фішка” ДУА “Капаткевіцкая сярэдняя школа” і “Мульціманія” ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, каб даведацца пра яе дзейнасць у гэтым накірунку.
– Першай з’явілася “Фішка”. Чаму такая назва ў аб’яднання?
– Калі вы будзеце глядзець нашы фільмы, то звернеце ўвагу, што назва складаецца быццам бы з дзвюх частак: англійскай “фіш” – рыба і “ка”. Такая двухсэнсавая назва: “фіш” – рыба, рыба – сімвал хрысціянства, акрамя таго, мы нібыта ловім “рыбу”, выхопліваем цікавыя факты і падзеі, каб з іх стварыць анімацыйны фільм. А яшчэ “Фішка” – нейкая цікавая асаблівасць, тое, што адрознівае ад іншых.
– З чаго пачынаецца стварэнне анімацыйнага фільма?
– Спачатку мы шукаем ідэю: пра што будзе наш фільм, затым пішацца сцэнарый. Выхаванцы пішуць яго самі: уручную або на камп’ютары. Гэта можа быць як свая нейкая гісторыя, так і існуючая казка, апавяданне, адаптаваныя пад наш кароткі анімацыйны фільм.
– Як далей працягваецца праца над фільмам?
– Пасля напісання сцэнарыя ствараем “раскадроўку”, малюем кадры, з подпісамі і схематычнымі малюнкамі: дзе знаходзіцца герой, стрэлкамі паказваем, куды рухаецца.
– Сцэнарый напісалі, раскадроўку зрабілі, куды рухацца далей?
– Калі у нас ёсць сцэнарый і макет, мы ўсё ўзгаднілі паміж сабою, пачынаецца падрыхтоўчая работа. Мы ствараем аснову, фон, на якім будзе праходзіць наша апавяданне, у выглядзе вялікага малюнка. Фонаў можа быць некалькі.
– Адкуль бяруцца лялькі для фільмаў?
– Герояў мы з выхаванцамі таксама ствараем сваімі рукамі: малюем, лепім з цеста, пляцём з паперы, з тканіны, нават можам выпякаць у духавой шафе. Фігуры могуць быць пласкасныя ці аб’ёмныя. Яны павінны перамяшчацца ў прасторы, хадзіць, таму рукі, ногі, галаву фіксуем так, каб яны рухаліся.
– Для здымак патрэбен толькі тэлефон?
– Не, для здымак патрабуецца спецыяльнае абсталяванне мультстанок, на якім нерухома замацоўваецца тэлефон. Мы здымаем фільмы ў тэхніцы стоп-моўшэн. Стоп-моўшэн – у перакладзе азначае стоп-кадр. Існуе спецыяльная праграма, якая дазваляе гэта рабіць.

“Мультфільм! Няхай жыве мультфільм!”– Калі гатова ўжо ўсё, і лялькі ў тым ліку, пачынаюцца здымкі?
– Мы пачынаем здымаць. Кла-дзем аснову, яшчэ нам патрэбны літары для цітраў, звычайна літары малюем і з іх збіраем цітры.
Як правіла, фільм мае 25 кадраў у хвіліну, мы робім трошкі менш 12-13, але ўсё роўна на 1-хвілінны фільм налічвае больш за тысячу кадраў.
– Што адбываецца пасля здымак?
– Калі мы знялі наш фільм, зманціравалі з дапамогаў праграмы, мы яго агучваем.
Агучваюць выхаванцы, дзеці. Затым музыку і голас накладваем на відэа – і наш анімацыйны фільм гатовы.
– Якія фільмы ў цэнтры вашай увагі?
– Тэмы вельмі разнастайныя: святы, паданні, гістарычныя падзеі, энергаэфектыўнасць, экалогія, здароўе.
Напрыклад, здымалі фільм пра сувязістаў, сваіх родных, якія прайшлі вайну ў гэтым родзе войск і служылі ў войску у мірны час па гэтай вонскай спецыяльнасці.
– Пасля здымак застаюцца асновы, лялькі. Які іх лёс, вашых герояў анімацыйных фільмаў?
– Адны ляжаць у папках, а з іншымі мы ствараем 3-D пано, мастацкія інсталяцыі, альбо “музей ў чамадане”, які можна выкарыстоўваць падчас правядзення экскурсій у “Музеі гісторыі Капаткевіч”:
– Якія планы ў юных аніматараў?
– Працаваць далей, здымаць новыя фільмы, шукаць цікавыя ідэі.
Юлія Мікалаеўна і выхаванцы-аніматары ўжо засвяціліся на відэапрасторы, адзначаны вялікай колькасцю дыпломаў і ўзнагарод.Нашы героі – удзельнікі разнастайных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў.Хочацца спадзявацца, што “Фішку” чакае доўгае, шчаслівае плаванне на прасторах анімацыі.

Надзея Сігай,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о