Каля 40-ка гадоў на сцэне – салідны ўзрост для кожнага артыста. А калі гэты артыст не прафесійны, а самадзейны? Што кліча чалавека год ад году наведваць рэпетыцыі, выступаць не толькі на сцэне свайго Дома культуры, а і ездзіць па суседніх вёсках, гарадах, выступаць, у тым ліку, і пад адкрытым небам падчас выхадных і пасля працоўнага дня? Прычым, заўважце, рабіць гэта не на аплатнай аснове, а па клічу душы. Пэўна, захапленне і вялікая любоў да народнай песні і танца.
Такі самадзейны артыст з салідным сцэнічным багажом – Уладзімір Семяніцкі, удзельнік ансамбля песні, музыкі і танца “Лявоніха” філіяла “Капаткевіцкі гарадскі Дом культуры”.
Нарадзіўся наш герой у вёсцы Курыцічы. Пасля арміі Уладзімір уладкаваўся на працу ў Курыціцкі клуб, дзе працаваў з 1968 па 1970 год. У гэты ж час лёс звязаў яго і з нашай раёнкай – ён быў мясцовым “селькорам” і пісаў нататкі ў газету пра жыццё роднай вёскі. Затым родныя прапанавалі паехаць у Магілёў, дзе хлопец асвоіў прафесію слесара-сантэхніка. Але гарадское жыццё не спадабалася – сэрца рвалася ў вёску.
Вярнуўшыся на Петрыкаўшчыну, наш герой уладкаваўся ў саўгас “Навасёлкі”, працаваў у вёсцы Новыя Галоўчыцы заатэхнікам і вучыўся завочна ў тэхнікуме.
Тут знайшоў свой лёс – палеская прыгажуня Галіна з вёскі Грабнікі паланіла яго сэрца.
Спачатку маладая сям’я жыла ў Навасёлках, затым пераехалі ў гарадскі пасёлак Капаткевічы.
Душа ў душу пражылі Уладзімір і Галіна 55 гадоў, выгадавалі траіх дзяцей – сыноў Сяргея і Мікалая, дачку Наталлю, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. 42 гады аддаў Уладзімір Захаравіч ПМК-4, дзе працаваў трактарыстам. І пасля выхаду на пенсію наш герой не сядзеў склаўшы рукі, яшчэ каля дзесяці гадоў працаваў начальнікам аховы, ахоўнікам у прыватным прадпрыемстве.
Шлях Уладзіміра Захаравіча на сцэну пачаўся ў другой палове 80-х гадоў. Па запрашэнні дырэктара Дома культуры Ядвігі Суботка мужчына патрапіў у самадзейнасць: выйшаў на сцэну і “прыкіпеў”. А арганізаваны ў 1989 годзе пры Капаткевіцкім гарадскім Доме культуры ансамбль песні, музыкі і танца “Лявоніха” стаў яго “сцэнічным” лёсам.
“Лявоніха” – гэта не толькі спевы, але і музычныя нумары і танцы, у тым ліку бытавыя. Пры неабходнасці мужчына мог і на руках танчыць, як, напрыклад, пару гадоў таму падчас сцэнічнага нумара “Дар’я – ты душа”.
Са сваімі партнёркамі па танцах (а іх ва Уладзіміра Захаравіча было за гады ўдзелу ў самадзейнасці шасцёра) наш артыст пакарыў не адзін танцавальны фестываль і конкурс бытавога танца. Пералічым толькі тыя, дзе мужчына са сваімі партнёркамі займаў прызавыя месцы: Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў 2013 і 2016 гадах, V-ты, VI-ты і VIII-мы абласныя конкурсы выканаўцаў народных бытавых танцаў “Вытокі”. Сваім найвышэйшым дасягненнем Уладзімір Захаравіч лічыць дыплом 1 ступені Рэспубліканскага конкурсу беларускіх танцаў “Мяцеліца”. У гэтым конкурсе удзельнічалі танцоры з усіх куточкаў Беларусі. За сваё самадзейнае сцэнічнае мастацтва артыст адзначаны Граматай аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама ў 2014 годзе. Уладзіміру Семяніцкаму ўжо 77 гадоў, але са сцэнай развітвацца наш самадзейны артыст пакуль не спяшаецца. Такое сцэнічнае “даўгалецце” выклікае глыбокую павагу і захапленне.
Здароўя, моцы духу і даўгалецця пажадаем Уладзіміру Захаравічу!
Надзея СІГАЙ,
фота з архіва “ПН”.








Оставить комментарий