У першыя выхадныя ліпеня адбыліся заключныя занальныя гульні Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе другой лігі, пасля чаго вызначыліся ўсе каманды-ўдзельніцы фіналу. Прыемна адзначыць, што ў чацвёрку фіналістаў выйшла і зборная нашага раёна.
Каляндар гульняў фінала складзены. Усе каманды сустракаюцца паміж сабою: адна гульня дома, другая – у гасцях. За перамогу ў матчы камандзе прызначаецца тры ачкі, за нічыю – 1, за паражэнне ачкі не налічваюцца. У выніку месцы каманд будуць размяркоўвацца па найбольшай суме набраных ачкоў ва ўсіх гульнях. А ў выпадку іх роўнай колькасці, мацнейшы будзе вызначацца па дадатковых паказчыках.
Патрэбна гуляць напоўную, выкарыстоўваючы ўсе свае магчымасці – вось і ўся арыфметыка футбольных баталій. Таму што кожнае згубленае ачко, кожны забіты ці прапушчаны гол можа істотна паўплываць на канчатковае размеркаванне месцаў у выніковай табліцы. А гэта вельмі важна ў фінале! Акрамя зборнай нашага раёна ў фінале Лоеў, Ельск і Рагачоў.
Гульні пройдуць: Ельск-Петрыкаў – 25-26 ліпеня, Петрыкаў-Лоеў – 8-9 жніўня, Петрыкаў-“Днепр” Рагачоў – 15-16 жніўня, Лоеў-Петрыкаў – 22-23 жніўня, Петрыкаў-Ельск – 5-6 верасня, “Днепр” Рагачоў-Петрыкаў – 12-13 верасня.
Хачу адзначыць, што зборная Петрыкава ўпершыню згуляе з камандамі Лоева і Рагачова. З яльчанамі наша каманда ўжо сустракалася і трэба адзначыць, даволі паспяхова іх абыгрывала.
Хачу звярнуцца да балельшчыкаў Петрыкаўшчыны – горада і раёна: прыходзьце на стадыён і падтрымайце нашу зборную. Каб даведацца пра дакладныя даты гульняў на нашым стадыёне, сачыце за афішамі і сацыяльнымі сеткамі.
Аляксей КАЮКАЛА.
Оставить комментарий