Штогод Петрыкаўшчына вітае маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць у наш раён, каб пачаць свой прафесійны шлях. Сярод тых, хто ў гэтым годзе папоўніў шэрагі медыкаў Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы – паставая медсястра гінекалагічнага аддзялення Дар’я Ястрэмская.
Дар’я нарадзілася і вырасла ў Петрыкаве. Мара звязаць сваё жыццё з медыцынай з’явілася ў дзяўчыны яшчэ ў дзяцінстве. Галоўным прыкладам для яе заўсёды была мама – Алена Тоўсцік. Алена Мікалаеўна прысвяціла медыцыне больш за 30 гадоў, а свой працоўны шлях пачынала менавіта тут, у гінекалагічным аддзяленні, працуючы медсястрой у палаце нованароджаных.
Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Дар’я прыняла цвёрдае рашэнне вярнуцца ў родны горад.
– Атрымалася менавіта так, як я і марыла: вярнуцца дадому не толькі па размеркаванні, але і па ўласным жаданні, – прызнаецца дзяўчына.
Адаптацыя на першым працоўным месцы прайшла паспяхова, шмат у чым дзякуючы падтрымцы калектыву. За Дар’яй замацавалі вопытнага настаўніка – Наталлю Носач, якая дапамагае маладому спецыялісту асвойвацца ў прафесійных тонкасцях.
Працоўны дзень Дар’і насычаны і адказны: пачынаецца ён з традыцыйнай пяціхвілінкі, пасля якой ідзе абход пацыентаў, выкананне прызначэнняў, назіранне за паказчыкамі КТГ і забор аналізаў.
– Спачатку было крыху нязвыкла, – шчыра дзеліцца Дар’я. – Але паколькі выбар прафесіі быў свядомым, я з вялікім задавальненнем вывучаю новае і пераймаю вопыт у сваіх калег. Зараз у гінекалагічнае аддзяленне прыязджаюць брыгады з Мазырскага радзільнага дома, і я з вялікай цікавасцю імкнуся даведацца як мага больш прафесійных сакрэтаў у калег з Мазыра.
Дар’я адзначае, што для працы ў аддзяленні створаны ідэальныя ўмовы: сучаснае абсталяванне, рамонт – працаваць у такіх умовах сапраўднае задавальненне.
Гледзячы на тое, з якім энтузіязмам і любоўю малады спецыяліст гаворыць пра сваю справу, становіцца зразумела: Дар’я Паўлаўна знайшла сваё пакліканне. Як прызнаецца сама дзяўчына, на працу яна заўсёды ідзе са шчаслівай усмешкай, бо ведае, што яе праца прыносіць карысць лепшай палове чалавецтва.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий