
У Год беларускай жанчыны гераінямі нашых матэрыялаў станавіліся зямлячкі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу. Сёння мы вырашылі пазнаёміць вас, паважаныя чытачы, з маладым спецыялістам, чый жыццёвы шлях натхняе.
Гераіня артыкула – Крысціна Шамаль, майстар лесу Мышанскага лясніцтва. Прыехаўшы ў раён па размеркаванні ў 2020 годзе, гэтая маладая жанчына ўжо трывала прарасла каранямі ў наш край: выйшла замуж, нарадзіла сына, набыла ўласную кватэру і звязвае сваю будучыню толькі з Петрыкаўшчынай. Яе гісторыя – у нашым матэрыяле.
Бацькава мудрасць і лясныя карані
Лёс Крысціны быў звязаны з лесам з дзяцінства: абодва яе прадзядулі былі леснікамі, дзядзька – вальшчыкам, а бацька ўсё жыццё працаваў на пілараме. Менавіта тата навучыў дачку ўсяму – паказаў лесапасадкі, навучыў збіраць жывіцу, грыбы і ягады.
Пасля школы дзяўчына спрабавала паступіць у медыцынскі каледж, але не прайшла па конкурсе. Бацька даў мудрую параду – ісці ў Ганцавіцкі аграрны каледж на лесніка. Крысціна паслухалася і ніколі не пашкадавала. Зразумеўшы, што гэта яе прызванне, яна працягнула навучанне ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы. Бацькоў ужо няма побач, але наша гераіня ўдзячна ім за жыццёвую школу і пасля кожнага поспеху думкамі звяртаецца да іх, адчуваючы нябачную падтрымку.
Свядомы выбар і планы на будучыню
У Барысаўскім каледжы Крысціна знайшла і сваё каханне – будучага мужа Дзмітрыя. З першага курса яны былі разам і па размеркаванні вырашылі ехаць толькі ўдваіх. Адзіная прапанова адразу на два месцы паступіла з Петрыкаўскага лясгаса, і маладыя людзі не раздумвалі.
У Мышанскім лясніцтве іх сустрэлі з усёй душой, выдзелілі службовую кватэру. Тут яны згулялі вяселле, тут нарадзіўся сынок Яраслаў. Адпрацоўка даўно скончылася, але з’язджаць сям’я і не думае. Скарыстаўшыся ільготным крэдытам для маладых сем’яў, у 2024 годзе Шамалі набылі ўласную кватэру ў пасёлку, якую зараз з любоўю абустройваюць.
Сёння пара мэтанакіравана ідзе наперад – у іх планах набыццё вышэйшай адукацыі. Крысціна плануе паступаць у ГДУ імя Ф. Скарыны, а Дзмітрый – у БНТУ. Сёлета не ўсё атрымалася, але на будучы год яны абавязкова паўтораць спробу. Гэта імкненне расці ў прафесіі – найлепшае сведчанне таго, што з выбарам справы жыцця яны не памыліліся.
Будні, напоўненыя любоўю
Крысціна і Дзмітрый працуюць на роўных – абодва майстры лесу. Абавязкі сур’ёзныя: водпуск лесапрадукцыі, адвод дзялянак, прыёмка, нарыхтоўка і вывазка лесу. Зона адказнасці Крысціны – два майстарскія ўчасткі і больш за 3,5 тысячы гектараў угоддзяў! Асабліва яна любіць час лесааднаўлення.
“Лес – гэта жывая душа, – дзеліцца Крысціна. – Калі ты сваімі рукамі саджаеш крохкае дрэўца, а праз гады бачыш яго моцным – адчуваеш каласальную адказнасць і радасць. У такія моманты разумееш, што пакідаеш след на зямлі”.
На працы іх аб’ядноўвае агульная справа, дома – сыночак Яраслаў, які кожны дзень цешыць новымі навыкамі. У вольны час Крысціна займаецца алмазнай вышыўкай – карпатлівым хобі, якое адлюстроўвае яе акуратны характар.
На пытанне аб жаночай мудрасці і шчасці гераіня адказвае: “Маё жаночае шчасце трымаецца на трох кітах: каханым мужы, які з’яўляецца надзейнай апорай; сыночку, дзеля якога хочацца станавіцца лепшай; і любімай справы. Я шчаслівая, што ўсё гэта знайшла тут, у Мышанцы. Наша сям’я плануе жыць, працаваць і гадаваць сына на гэтай зямлі, робячы яе яшчэ больш утульнай і прыгожай.
Крысціна Шамаль – разумная, актыўная дзяўчына. Вось яны – нашчадкі сямейных традыцый і прыклад сучаснай моладзі, якая сваёй працай стварае будучыню роднай Беларусі.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.







Оставить комментарий