
Днямі падведзены вынікі нацыянальнага конкурсу “Прадпрымальнік года”. Прыемна адзначыць, што ў намінацыі “Паспяховы старт” адным з лепшых у краіне прызнана таварыства з абмежаванай адказнасцю “Рэгнум Профіт”. Гэта маладое прадпрыемства працуе на тэрыторыі нашага раёна з 2023 года, а кіруе ім наш зямляк Аляксандр Міхееў.
Каб даведацца, у чым крыецца сакрэт такога высокага прызнання, мы накіраваліся непасрэдна на аб’ект, дзе зараз кіпіць асноўная праца кампаніі, і пагутарылі з яе дырэктарам.
Калі трапляеш на кар’ер на беразе Прыпяці, здаецца, што апынуўся ў нейкім міні-гарадку: тут спакойна і ўпэўнена працуе адзін экскаватар, там – другі, а магутныя самазвалы адзін за адным па чарзе пад’язджаюць на пагрузку і сыходзяць у рэйсы. Мала хто ведае, што за гэтым маштабным відовішчам стаіць смелая мара нашага земляка, які пасля 20 гадоў працы ў дрэваапрацоўцы вырашыў крута змяніць жыццё і пачаць усё з нуля.

Ад двух аўтамабіляў – да рэспубліканскага прызнання
– Я больш за 20 гадоў аддаў дрэвапрацоўчай галіне, – распавядае кіраўнік кампаніі. – Але жыццё склалася так, што вырашыў паспрабаваць сілы ў абсалютна іншым, новым для сябе накірунку – лагістычным бізнесе. Разам з Русланам Маславым мы заснавалі ТАА “Рэгнум Профіт”. Як бачым, рызыка апраўдала сябе, і сёння мы паспяхова займаемся грузавымі перавозкамі.
Пачыналі ўсяго з двух уласных МАЗаў, а сёння ў аўтапарку кампаніі іх ужо сем. Акрамя таго, сур’ёзна пашырылася тэхнічная база: набылі ўласны экскаватар і франтальны пагрузчык. Каб спраўляцца з вялікімі аб’ёмамі, дадаткова прыцягваюць яшчэ да 10 адзінак тэхнікі па дагаворах арэнды. Кантора і калектыў працуюць па-сапраўднаму сур’ёзна.
Наш суразмоўца згадвае, што напачатку “Рэгнум Профіт” працавала па прамых дагаворах, зараз жа кампанія паднялася на новую прыступку: выйграны тэндар на сур’ёзныя аб’ёмы – і гэта новы ўзровень, безумоўнае прызнанне і заваяваны аўтарытэт на рынку.
Аўтарытэт, падмацаваны лічбамі
Аб’ёмы, якія ажыццяўляе прадпрыемства, сапраўды каласальныя – ад 80 да 100 тысяч кубічных метраў пяску ў месяц! Калі перавесці гэта ў разлік на адзін працоўны дзень, атрымліваецца каля 2,5–3 тысяч кубоў (прыкладна па 11–12 рэйсаў на кожную машыну).
Працэс выбудаваны выразна: намыты РУЭСП “Днепра-Бугскі водны шлях” пясок ТАА “Рэгнум Профіт” выкупляе і з дастаўкай пастаўляе для патрэб рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Шахтабуд”. Гэтая сыравіна ідзе на ўзвядзенне першай чаргі паверхневага комплексу солеадвала Петрыкаўскага горна-абагачальнага камбіната ААТ “Беларуськалій”.
Калі ж паглядзець на фінансавую справаздачнасць, то эфектыўнасць гэтай невялікай каманды проста ўражвае. Выручка прадпрыемства ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг па выніках 2025 года ў параўнанні з 2024-м вырасла ў тры разы. Чысты прыбытак павялічыўся ў два разы, расце і рэнтабельнасць продажаў, што сведчыць аб высокай эканамічнай устойлівасці. Але галоўнае – гэта важкі ўклад у лакальную эканоміку: сума падаткаў, унесеных у бюджэт нашага раёна, вырасла ў 20 разоў!

Галоўны сакрэт – зладжаная каманда
Для маладога калектыву гэта першая высокая ўзнагарода рэспубліканскага значэння. Кіраўнік кампаніі Аляксандр Міхееў падкрэсліў, што за гэтым дасягненнем стаіць праца кожнага чалавека:
– Канешне ж, прыемна быць прызнанымі лепшымі ў рэспубліцы. Я ўдзячны ўсяму нашаму калектыву за зладжаную, дружную і добрасумленную працу. Толькі ра-зам, адзінай камандай, мы змаглі дабіцца такога выніку.
Са свайго боку дзякуем землякам за тое, што яны ўмеюць працаваць і забяспечваюць бесперапынны рух на такой важнай будоўлі. Калі нашы людзі займаюць такія высокія прыступкі на ўзроўні рэспублікі, гэта сведчыць аб тым, што ініцыятыва мясцовых жыхароў мае вялікі поспех. Жадаем ТАА “Рэгнум Профіт” новых прафесійных вышынь!
Галіна КАЗАК, фота аўтара.







Оставить комментарий