“Зямля не адразу аддае свае таямніцы, з ёй трэба ўмець
размаўляць на мове цярпення…”
Петрыкаўшчына – гэта радзіма многіх вядомых у нашай рэспубліцы людзей. У Год беларускай жанчыны хочацца нагадаць імя нашай знакамітай зямлячкі. Гэта паважаная постаць беларускай археалогіі, даследчык і мудрая жанчына Валянціна Сяргееўна Вяргей, якая прысвяціла сваё жыццё служэнню Радзіме праз навуку.
28 верасня яна адзначае свой выдатны юбілей – 80-годдзе. Нарадзілася ў горадзе Петрыкаве, тут скончыла сярэднюю школу №2. Яе інтарэс да старажытнасцяў выявіўся яшчэ ў юнацтве, пераросшы з захаплення кнігамі ў сур’ёзны навуковы намер.
Пасля заканчэння школы без ваганняў адразу паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.I. Леніна. Затым навучанне працягнула ў аспірантуры Інстытута гісторыі AН БССР.
Навуковую і прафесійную дзейнасць пачала з працы ў БДУ. Затым у Гродненскім педагагічным інстытуце, а з 1978 года ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Кола сваіх навуковых інтарэсаў Валянціна Сяргееўна заўсёды пашырала: гістарыяграфія археалогіі Беларусі, гісторыя насельніцтва Беларускага Палесся ў жалезным веку і раннім сярэднявеччы, гісторыя ранніх славян.
Больш за чатыры дзесяцігоддзі навуковай працы шаноўная юбілярка прысвяціла вывучэнню помнікаў I стагоддзя н.э. у Беларускім Палессіі, у тым ліку на сваёй малой Радзіме. На працягу сваёй працы яна прыняла ўдзел у дзясятку маштабных экспедыцый, якія падарылі навуцы ўнікальныя артэфакты перавярнуўшыя ўяўленні аб жыцці ў старажытныя эпохі. Праводзіла археалагічныя раскопкі на помніках: Лемяшэвічы, Курадава, Гарадзішча, Сошна, Струга, Петрыкаў, Снядзін, Бяланавічы, Мардзвін, Івашкавічы, Макарычы і інш. Таксама ў археалагічных раскопках на тэрыторыі Мсціслаўля, Слоніма, Мазыра. Выявіла і даследавала каля 100 археалагічных помнікаў Прыпяцкага Палесся.
Дзесяцігоддзі навуковай працы прынеслі багаты плён: звыш 300 навуковых работ, энцыклапедычных артыкулаў і 4 манаграфіі. Сярод апошніх пачэснае месца займаюць раздзелы па археалогіі жалезнага веку і перыяду Вялікага перасялення народаў, падрыхтаваныя да другого тома “Археалогіі Беларусі”.
Манаграфія Валянціны Сяргееўны “Археалагічная навука ў Беларускай ССР у 1919-1941 гг.” з’яўляецца адной з настольных прац для аматараў айчыннай гісторыі. У ёй асветлена адна з найбольш трагічных старонак у развіцці беларускай навукі XX ст. – перыяд рэпрэсій 1930-х гг., дзе яна ўшанавала памяць міжваеннага “расстралянага пакалення” археолагаў – ахвяр сталінскага рэжыму ў Беларусі.
У перыяд 1980-2000 гады даследавала амаль усе археалагічныя помнікі Петрыкаўшчыны. Таксама многія раней вядомыя месцазнаходжанні археалагічных артэфактаў і адкрыла новыя помнікі з матэрыяламі каменнага і бронзавага вякоў каля Снядзіна, Мардзвіна, Петрыкава.
Асабліва варта адзначыць вынікі даследаванняў на комплексе помнікаў каля вёскі Снядзін, дзе экспедыцыя пад яе кіраўніцтвам з невялікімі перапынкамі працавала амаль два дзесяцігоддзі. У склад гэтага комплексу ўваходзіць грунтовы могільнік, тры селішчы пражскай культуры, а таксама ўнікальны металургічны комплекс сярэдзіны 1 тысячагоддзя з печамі-домніцамі.
Значны матэрыял па гісторыі Петрыкаўшчыны нашай навукоўцы зараз ўтрымліваецца ў папулярнай гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Петрыкаўскі раён”. Сярод навукова-даследчых прац, прысвечаных гісторыі асобных мясцовасцей, вылучаецца навукова- даследчая публікацыя “Сляды сівой даўніны”.
У выданні “Археалагічныя помнікі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці”, пад рэдакцыяй Валянціны Сяргееўны і вядомага мясцовага настаўніка гісторыі і краязнаўца з аграгарадка Навасёлкі Міхаіла Селеха, змешчаны кароткі нарыс старажытнай гісторыі нашага раёна, рэканструяваны на аснове археалагічных матэрыялаў. Таксама прыведзены звесткі аб усіх помніках археалогіі па стане на 1993 год, пададзена іх месцазнаходжанне, культурная прыналежнасць.
Яна ўнесла вялікі ўклад у арганізацыю і правядзенне навуковага даследавання гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, выпрацоўку канкрэтных рэкамендацый па яго практычным выкарыстанні. Вынікам вялікай і плённай працы з’явілася манаграфічнае даследаванне тэрыторыі гэтага рэгіена ад старажытных часоў да нашых дзён.
Яе палявыя справаздачы і матэрыялы па археалогіі Петрыкаўшчыны захоўваюцца ў Цэнтральным навуковым архіве НАН Беларусі, а сабраныя артэфакты прадстаўлены ў экспазіцыі Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. У яе ўвайшлі археалагічныя матэрыялы, сабраныя ў ходзе правядзення на тэрыторыі нашага раёна беларуска- амерыканскай экспедыцыі над кіраўніцтвам Валянціны Вяргей. У экспазіцыі прадстаўлены экспанаты, пачынаючы з сярэдняга каменнага веку і заканчваючы перыядам Вялікага княства Літоўскага. Каменны век прадстаўляюць крэмневыя вырабы, стрэлы, дзіды, сякеры, нажы. Цікавая вітрына, прысвечаная жалезнаму веку, з фрагментамі керамікі мілаградскай культуры: жаночыя ўпрыгожванні, бронзавае кольца, екіфскі наканечнік стралы, жалезная шпілька рымскага перыяду, бронзавы браслет зарубянецкай культуры, фібулы і многае іншае. Шматлікія матэрыялы, атрыманыя падчас раскопак на нашай тэрыторыі, зараз маюць важнае значэнне для айчыннай і зарубежнай навукі. Дзякуючы нашай навукоўцы ў цяперашні час археалагічная калекцыя музея налічвае звыш 12 тысяч адзінак.
Вядома, што не мы выбіраем сваю працу, а яна, праца, – няспынна выпрабоўвае на трываласць і ўпартасць наш лёс. Таксама і ў археалогіі асноўная тэма навуковай працы, спецыялізацыя, не толькі выбірае свайго даследчыка, але таксама вучыць і фарміруе яго. Вынікам гэтай працы стаў яе высокі прафесійны ўзровень ведаў і ўменняў: беларускі археолаг, кіраўнік рэдакцыйна-выдавецкай групы “Гісторыка- археалагічны зборнік” (2000-2007), кандыдат гістарычных навук, аўтар дысертацыі “Развитие археологической науки в БССР 1919- 1939 гг.”.
Увесь шлях Валянціны Сяргееўны ў археалогіі зараз з’яўляецца прыкладам разумення, а таксама ўзбагачэння гісторыі і памяці свайго народа. Яе жыццё параўноўваецца з неацэнным культурным пластом, поўным мудрасці, дасягненняў, яскравых, фундаментальных адкрыццяў. За яе плячыма ляжыць вялікі, прафесійны шлях і вернасць прызванню.
Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.







Оставить комментарий