Гаспадарскі падыход ва ўсім. Чаму Беларусі важна развіваць дрэваапрацоўку і вытворчасць пялет

0
291

Гаспадарскі падыход ва ўсім. Чаму Беларусі важна развіваць дрэваапрацоўку і вытворчасць пялетГаворым пра энергаэфектыўнасць, беражлівасць, выкарыстанне мясцовых відаў паліва, пра тое, як абагрэць краіну, асабліва ў падобныя цяперашнія маразы. Тэма зноў гучала на мінулым тыдні. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назначыў старшынёй Віцебскага аблвыканкама экс-пасла Беларусі ў Расіі Аляксандра Рагожніка і, гаворачы пра развіццё прамысловага сектара вобласці, указаў на неабходнасць яшчэ больш задзейнічаць патэнцыял прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Размова, у прыватнасці, пра вытворчасць пялет. Аналізуем з экспертамі, што ў гэтым плане ўжо зроблена ў Беларусі і які эфект.

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка:
– Гэта добра для нас. Тым больш у нас столькі лесу знікае, перапрацоўваем у пялеты. Дык давайце ў сябе будзем гэта рабіць. Паставіў кацёл, бункер, аўтаматычна загружаецца… Катлы вырабляюць і маленькія, і вялікія, і на пасёлак на цэлы. Трэба займацца гэтым. Гэта ж сабекошт. Які б танны прыродны газ ні быў з Расіі, тым не менш ён будзе ў тры-пяць разоў даражэйшы, чым уласная драўніна. Шукайце, дзе зарабляць грошы.
У час разгляду кадравых пытанняў, 15 студзеня 2026 года.

Расце вытворчасць і спажыванне

Экалагічна, даступна, энергаёміста – менавіта так эксперты характарызуюць пялеты. Іх спажыванне ў нашай краіне расце дзякуючы рэалізацыі праграмы будаўніцтва і пераводу міні-кацельняў на мясцовыя віды паліва, а таксама мерам падтрымкі насельніцтва, што прымаюцца на дзяржаўным узроўні. І калі яшчэ пяць гадоў таму асноўным рынкам збыту паліўных гранул быў Еўрасаюз, сёння сітуацыя зусім іншая. Санкцыі. Кірунак атрымаў маштабную падтрымку па выкарыстанні дзяржавай унутры краіны. Саўмінам, напрыклад, вызначаны шэраг мерапрыемстваў у розных галінах эканомікі, рэалізацыя якіх павінна павялічыць спажыванне экапаліва. У Мінлясгасе прыводзяць прыклады: размова, скажам, ідзе пра будаўніцтва энергакрыніц з устаноўкай кацельнага абсталявання ў шэрагу населеных пунктаў краіны. Таксама ўведзена абмежаванне на ўзвядзенне кацельняў магутнасцю да 1 МВт з выкарыстаннем імпартуемых відаў паліва. Праводзіцца рэканструкцыя трох энергакрыніц “Белэнерга” з устаноўкай новых катлоў на паліўных гранулах. Чаканы аб’ём спажывання імі пялет складзе каля 54,2 тысячы тон за год пачынаючы з 2028-га. Плюс пялеты спальваюць разам з іншымі відамі паліва на розных энергакрыніцах, ужываюць у тэхналагічным працэсе прадпрыемствы цэментнай галіны, на іх спажыванне арыентавана сацсфера пры ўвядзенні аб’ектаў інфраструктуры ўжо ў гэтай пяцігодцы. У трэндзе і модульныя кацельні на паліўных гранулах, якія робяцца на базе бытовак і дазваляюць аператыўна вырашаць пытанне з ацяпленнем невялікіх вытворчых участкаў.

Гаспадарскі падыход ва ўсім. Чаму Беларусі важна развіваць дрэваапрацоўку і вытворчасць пялет

– Сёння толькі з адходаў лесапілавання створаныя ў сістэме Мінлясгаса пялетныя вытворчасці могуць выпускаць 200 тысяч тон паліўных гранул у год. На гэтую лічбу мы і арыентуемся. Дарэчы, усяго ў сістэме Мінлясгаса працуюць 22 пялетныя вытворчасці ў розных рэгіёнах краіны, – уводзіць у курс справы начальнік упраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса Андрэй Мацкевіч. – Расце попыт на пялеты і з боку насельніцтва, нягледзячы на тое, што пакуль у структуры сыравіны для ацяплення ўсё яшчэ лідзіруюць дровы – з доляй у 87 працэнтаў. Так, калі ў 2024-м грамадзяне ў цэлым набылі 1,84 тысячы тон пялет, то ў 2025 годзе продажы павялічыліся да 4,8 тысячы тон.

Што да агульных лічбаў, у 2021-м, калі толькі сталі сур’ёзна развіваць унутранае спажыванне пялет, пачыналі з 21 тысячы тон рэалізацыі. У 2024 годзе было ўжо 44 тысячы тон. У 2025-м выйшлі на лічбу 72 тысячы тон. У 2026-м разлічваем узяць планку 130 тысяч тон. Да 2030 года выйдзем на 260 тысяч тон – гэта аб’ём вытворчасці па галіне. Пры гэтым арганізацыі Мінлясгаса рэалізавалі ўнутры краіны ў 2023-м 19 тысяч тон гранул, у 2024-м – амаль 35 тысяч тон, а ў 2025-м – 52 тысячы тон.

Арыентавацца на сваё

Гаспадарскі падыход ва ўсім. Чаму Беларусі важна развіваць дрэваапрацоўку і вытворчасць пялетСтаршыня таварыства “Веды” Аляксей Аўдонін, гаворачы аб даручэнні Кіраўніка дзяржавы па выкарыстанні мясцовых відаў паліва, робіць наступны акцэнт. Прэзідэнт, паводле яго слоў, у першую чаргу звяртае ўвагу на тыя праекты, якія зараз вельмі запатрабаваны не толькі на ўнутраным рынку, але і на рынках краін ЕАЭС, Саюзнай дзяржавы, у суседзяў Беларусі ў Еўропе. Эксперт, акрамя таго, прапануе ацаніць геапалітычны аспект. Падкрэслівае: з улікам энергетычных канфліктаў, якія разгараюцца ў свеце, на глебе кантролю нафты, падрыву газавых магістраляў арыентавацца трэба на сваё.
– Чаму цяпер важна развіваць напрамак вытворчасці пялет? – задаецца ён пытаннем. – Таму што сыравіны, якая ўмоўна не можа ісці для будаўнічай галіны, але можа перапрацоўвацца, а не проста гніць, на самой справе даволі шмат. І з дапамогай такіх вытворчасцей (а іх, што самае галоўнае, у нас нямала) яна ў далейшым можа ўжо выкарыстоўвацца як паліва. Мы выдатна разумеем, што і цяпер ёсць тыя прадпрыемствы, гаспадаркі, прыватныя падворкі, якія катлы, печы выкарыстоўваюць і дагэтуль, дзе такі від паліва вельмі эфектыўны. Мы здольныя задаволіць унутраны попыт, але можна ствараць і адпаведныя стратэгічныя рэзервы.

Мы разумеем, што зараз ідзе бітва за энерганосьбіты: сёння кошт адзін, а заўтра можа быць зусім іншы. Беларусь усё робіць для таго, каб павысіць свой узровень энергетычнай бяспекі. Такія праекты ў галіне стварэння пялет, іх папулярызацыя ў тым ліку ўкладаюцца ў стратэгію па павышэнні нашай энергетычнай незалежнасці.

ПРАМАЯ МОВА

Гаспадарскі падыход ва ўсім. Чаму Беларусі важна развіваць дрэваапрацоўку і вытворчасць пялетЮрый АПАНОВІЧ,
Генеральны дырэктар Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”:
– Дрэваапрацоўка – адзін з асноўных накірункаў эканамічнай дзейнасці нашай прыродаахоўнай установы. Пры гэтым для нас прынцыпова важна ісці да павышэння эфектыўнасці вытворчасці праз мадэрнізацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, укараненне сучасных сістэм.
Дрэваперапрацоўчы комплекс “Ляскавічы” ўпэўнена заняў сваю нішу, заваяваўшы аўтарытэт аднаго з найбуйнейшых вытворцаў паркету ў Беларусі. Спажыўцам прапануюць шырокі асартымент вырабаў: дошку для падлогі, вагонку, плінтус, налічнікі, абразныя і неабразныя піламатэрыялы, палетныя і тарныя нарыхтоўкі, іншую высакакласную прадукцыю, якая адпавядае тэхнічным патрабаванням і еўрапейскім стандартам. Яна карыстаецца папулярнасцю на ўнутраным і знешнім рынках, пастаўляецца ў Азербайджан, Турцыю, Узбекістан і Расію.
У 2023 годзе была ўведзена сучасная аўтаматычная лінія па вытворчасці паліўных гранул. Час паказаў, што гэта перспектыўны напрамак як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Больш за тое – адзін з экалагічна чыстых паліўных рэсурсаў.
У нас у гэтым сэнсе, як і патрабуе Кіраўнік дзяржавы, безадходная вытворчасць: перапрацоўваецца пілавінне, абрэзкі і рэшткі з комплекса – такім чынам адходы ідуць у даходы.
Сумненняў няма: пераход на пялетныя кацельні сапраўды кірунак перспектыўны. На сённяшні дзень адміністрацыйны будынак “Прыпяцкага”, новы шматпавярховы дом, мадэрнізаваны МТК “Ляскавічы” абаграваюцца пялетнай кацельняй. Каля 40% кацельняў нашых лясніцтваў таксама працуюць на пялетах. У бліжэйшы час усе яны будуць пераведзены на гэты экалагічна чысты і эканамічна выгадны від паліва. Па выпрацоўцы цяпла пялеты не саступаюць іншым альтэрнатыўным відам паліва.
У мінулым годзе мы вырабілі амаль 4200 тон пялет. Частка была рэалізавана на ўнутраным рынку. Партыя паляцела ў Паўднёвую Карэю.
І вытворчасць, і рэалізацыя пялет нашай установай будзе толькі расці.

Канкрэтны прыклад эфектыўнасці

Пялетную вытворчасць эксперты прапануюць ацаніць і з пункту гледжання развіцця прамысловасці канкрэтных рэгіёнаў. У прыватнасці, на Віцебшчыне, на якую звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Гаспадарскі падыход ва ўсім. Чаму Беларусі важна развіваць дрэваапрацоўку і вытворчасць пялет

– Раней Прэзідэнт праводзіў пашыраную нараду, дзе абазначыў, што па шэрагу параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця (а эканоміка – гэта ключавое) у Віцебскай вобласці ёсць адставанне, – нагадвае палітолаг Вадзім Баравік. – А пастаянна дазваляць аднаму з суб’ектаў – вобласці нашай краіны – спасылацца на нейкія, няхай і аб’ектыўныя цяжкасці мы не можам. Сітуацыю трэба выпраўляць. На пасаду назначаны чалавек, які працаваў паслом у нашага стратэгічнага саюзніка, які ра-зумее, што можа быць запатрабавана не толькі на суседніх рынках, але і ў прынцыпе, што можна рабіць, каб быць канкурэнтнымі і эфектыўнымі. Прычым пытанне патрабуе неадкладнага рэагавання.

Дрэваапрацоўка – гэта канкрэтны прыклад. Мы сёння маем лішак адыходаў драўніны. Чаму б нам не ўкараняць вопыт малых прадпрыемстваў, напрыклад, па перапрацоўцы лесу, па продажы канчатковага прадукта з высокай дабаўленай вартасцю? Катлы, якія робяць у Гомелі, паказваюць высокі каэфіцыент карыснага дзеяння. Чаму б такія не выкарыстоўваць на невялікіх прадпрыемствах, у невялікіх населеных пунктах? Альтэрнатыва такая: або драўняныя адходы гніюць, або прадаем за капейкі, або накіроўваем у электраэнергію. Няхай мы зэканомім пяць працэнтаў, але ў маштабах эканомікі гэта вялізныя грошы. А калі мы гэта прададзім з высокай дабаўленай вартасцю, то атрымаем дадатковыя сродкі ў бюджэт. І гэта пытанне пра гаспадарчы падыход.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о