Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў альбо День гістарычнай спадчыны, які адзначаецца штогод 18 красавіка, праходзіць пад дэвізам: “Захаваем нашу гістарычную радзіму”.
Вырашылі і мы расказаць вам пра помнік драўлянага дойлідства на Петрыкаўшчыне. Дрэва – адзін з самых старажытных будаўнічых матэрыялаў і самы звыклы для Палесся, танны і даступны. З яго будаваліся архаічныя сялянскія хаты, храмы і панскія сядзібы. Матэрыял хоць і лічыцца нетрывалым, але ёсць будынкі, якія існуюць ужо не адно стагоддзе на нашай зямлі і даказваюць, што нават самае нетрывалае можа добра захавацца.
Памятаеце выявы будынкаў паўночна-рускіх храмаў: разныя, нібы з карунак? Наша палеская архітэктура больш стрыманая, простая, функцыянальная. Я мяркую, гэта не таму, што ў нас не было адмысловых майстроў – дрэва на Палессі любілі і апрацоўваць умелі. Хутчэй за ўсё тут дакладны разлік палешукоў: у разных элементах затрымлівалася вільгаць і яны хутчэй псаваліся. Простасць, роўныя формы ў нашым палескім вільготным асяроддзі і маглі захавацца надалей. Практычныя палешукі аддавалі перавагу больш трываламу варыянту. Драўляная архітэктура мінулага вылучаецца яшчэ і тым, што будаўніцтва ішло без металічных цвікоў. І рэч не пра кошт, а хутчэй пра ўзаімадзеянні між сабой гэтых матэрыялаў.
Адным з архітэктурных помнікаў Петрыкаўшчыны, які ўнесены ў “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь” з’яўляецца будынак драўлянай Успенскай царквы, што ў вёсцы Кашэвічы. Пабудавана яна была ў другой палове 17-га стагоддзя.
Храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Кашэвічы – гэта дзівоснае месца, у якім захоўваюцца старажытныя абразы, пісаныя на дошках, у тым ліку абраз Сямі мучанікаў Макавеяў, які мае цудадзейную сілу.
Можна адзначыць, што гістарычна-прыродным аб’ектам з’яўляецца не толькі сама царква, а ўвесь комплекс з прылягаючымі да яго могілкамі. Пры чым тут прыродныя каштоўнасці? – спытаеце вы. А вось пры чым: каля храма захаваліся дубы, якім не адно стагоддзе. Адзін з іх з вялікім дуплом. Гэты дуб – яшчэ адно месца пакланення веруючых: паглыбленне нагадвае выяву Божай Маці. Па ўспамінах мясцовых старажылаў, волат пашкоджаны даўно, што не перашка-джае яму расці. З цягам часу дупло павялічылася (два-тры дарослых чалавека могуць схавацца ў ім).
Месца знаходжання царквы ўнікальнае яшчэ і тым, што колькі існуе царква, столькі існуюць пры ёй і могілкі. Гісторыя перамешалася ў гэтым месцы, само гэта месца – гісторыя. Крыжы суседнічаюць з пяцікрылымі зоркамі, пахаванні святароў з магіламі ярых абаронцаў савецкай улады і атэістаў. І сярод сучасных гранітных помнікаў, помнікаў савецкага часу і драўляных крыжоў, “растуць” вялікія камяні. Грубыя, амаль не апрацаваныя, з выявамі крыжоў. Бадай, ні на адных хрысціянскіх могілках нашага раёна не знойдзеце такой колькасці камянёў. З цягам часу, іх з’яўляецца больш: яны паказваюцца з-пад слоя глебы і ігліцы, а затым павялічваюцца з кожным годам. Па адной з версій, камянямі стаялі на старых захаваннях і з цягам часу зніклі ў зямлі, а ў наш час іх пачало вышторхоўвать наверх.
Мінаюць стагоддзі, а ў глыбіні Палесся стаіць невялічкая драў-ляная царква – сімвал майстэства старажытных дойлідаў. Праз стагоддзі нясе храм сваю вялікую місію – захоўвае спрадвечную праваслаўную веру.
Надзея СІГАЙ, фота аўтара.








Оставить комментарий