15 красавіка свой юбілей адзначыла выдатная жанчына, працаўніца, захавальніца хатняга ачага Ева Лук’янаўна Якубенка, ураджэнка вёскі Фаставічы. Карэспандэнт сустрэлася ў гэты святочны дзень з гераіняй артыкула.

У свае 90 гадоў Ева Лук’янаўна захавала дзіўную яснасць розуму і жыццялюбства, выдатна памятае ў падрабязнасцях сваю доўгую нялёгкую працоўную біяграфію. За плячыма зямлачкі – цэлая эпоха. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна маленькай Еве было ўсяго пяць гадоў. Разам з маці яна спазнала жахі нямецкага палону. На той момант у сям’і расло трое дзяцей: маленькая Ева і два яе браты Мікалай і Міхаіл. Бацьку, які пайшоў на фронт, яны, на жаль, так і не дачакаліся. Вайна забрала яго, пакінуўшы сіротамі дзетак.

– Не жадаецца ўспамінаць тыя страшныя, ваенныя гады. Хапіла ўсяго: і страху, і хвароб, і нястачы, – з болем успамінае суразмоўца. – Але мы справіліся. – Я вельмі хацела вучыцца, але скончыла толькі 5 класаў. Нашай шматдзетнай сям’і патрэбны былі працоўныя рукі. Каб унесці хоць нейкую сваю лепту, дзяўчынка не стала працягваць вучобу, а пайшла працаваць у палявую брыгаду.
Ішлі гады. Тая самая дзяўчынка, вырасла, стала сапраўднай прыгажуняй. Лёс падарыў ёй сустрэчу з Мікалаем Лук’янавічам.

Маладыя купілі дом у вёсцы Фаставічы, дзе адразу ж закіпела жыццё. Хатняя гаспадарка ў сям’і была вялікая: трымалі жывёлу, птушак, саджалі агароды. Працавалі не пакладаючы рук. У Евы Лук’янаўны і Мікалая Лук’янавіча нарадзіўся сын Іван. Разам з мужам пражылі доўгіх і шчаслівых 38 гадоў, стварыўшы моцную і надзейную сямь’ю.

Практычна ўсё жыццё жанчына аддала працы на зямлі. Калі пачаліся праблемы са здароўем, сын Іван забраў матулю ў Петрыкаў. Але і ў райцэнтры наша гераіня займаецца хатняй гаспадаркай, мае невялікі, але дагледжаны агарод.

– Без справы сядзець – сябе губіць,– жартуе імянінніца.
Галоўнае багацце Евы Лук’янаўны – гэта яе сям’я. Побач з ёй сын, клапатлівая нявестка Тамара Паўлаўна, унукі,праўнукі, якія душы не чаюць у бабулі. Свой юбілей яна сустракае сярод сям’і – вялікай, шумнай і вельмі дружнай.
У чым жа сакрэт даўгалецця і стойкасці гэтай дзіўнай жанчыны?

– Трэба любіць жыццё і працаваць сумленна, не гледзячы на іншых. Ніколі не сумаваць, нават калі здаецца, што сіл больш няма. І шанаваць кожнае імгненне, якое табе адпушчана, – дзеліцца Ева Лук’янаўна.

За вялікім дружным сямейным сталом было сказана вельмі шмат цёплых, шчырых слоў любімай матулі і бабулі.

Пабачыўшы за свае годы і радасці, і нягоды, яна вынесла ўсе выпрабаванні, якія выпалі на яе долю. Не здаецца ўзросту гераіня артыкула, трымаецца добра і на жыццё глядзіць з аптымізмам!

Жадаем Вам, шаноўная Ева Лук’янаўна, моцнага здароўя, душэўнага спакою, мірнага неба і дабрабыту!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о