Нашай сям’і пашанцавала: у нас захаваліся старыя дарэвалюцыйныя фотаздымкі і фотакарткі ваенных гадоў. Я хачу спыніцца на фотадакументах нашага сямейнага архіва, якія праз гады ўзнаўляюць постаці продкаў па бацькавай лініі: прапрадзеда Івана Яхімавіча, прадзеда Васіля Іванавіча і дзеда – Фёдара Васільевіча.
Як спадчына ад Івана Вашкова праз гады і ваеннае ліхалецце дарэвалюцыйная фатаграфія перайшла праўнуку Сяргею Фёдаравічу, майму бацьку. Цяпер яна беражліва захоўваецца ў нашай сям’і як рэліквія.
Бяру яе ў рукі і адчуваю подых далёкай эпохі: на ёй маладыя вайскоўцы, прызваныя ў гады Першай сусветнай вайны ў дзеючую Расійскую Імператарскую армію на фронт. Дарэвалюцыйны майстар сфатаграфаваў майго прапрадзеда разам з яго сябрам Кіркевічам Пятром, як сведчыць надпіс на адваротным баку фотакарткі. На сайце “Памяці герояў Вялікай вайны 1914-1918” адсутнічаюць звесткі пра прапрадзеда Івана Яхімавіча Вашкова. А вось дадзеныя пра сябра са старой фотакарткі мы адшукалі, але ў прозвішчы зменена адна літара. Гэта мае месца быць, так як надпіс мог быць зроблены ўжо пазней. Куркевіч Пётр І (Ігнатавіч) нарадзіўся ў Хомскай губерніі, у горадзе Тамашове, быў радавым 66-га пяхотнага Бутырскага палка, удзельнічаў у Віленскай аперацыі, прапаў без вестак 29 жніўня 1915 года каля вёскі Навелі-Слены Віленскай губерніі. З гэтых звестак можна зрабіць выснову, што і прапрадзед Іван Яфімавіч Вашкоў мог прымаць удзел у баявых дзеяннях Першай сусветнай вайны, але дакладных дадзеных не знойдзена. Пра жыццё прапрадзеда вядома, што ў 1937 годзе ён быў арыштаваны з 28 аднавяскоўцамі па паклёпе аднаго з землякоў. А ў 1938 годзе яго расстралялі ў горадзе Мазыры.
Перагортваю старонкі сямейнага альбома і перада мною наступная гісторыя – Васіля Іванавіча Вашкова, майго пра-дзеда, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, я нарадзіўся ўжо пасля яго смерці і не ўбачыў яго. Але ў сям’і захавалася некалькі яго фотаздымкаў. Першы датаваны 1933 годам. На ім прадзед прыгожы, статны. Тут яму ўсяго 21 год, але выглядае ён старэйшым.
Другая фатакартка ўжо ваенных гадоў. На ёй прадзядуля са сваімі баявымі таварышамі: Іванам і Мікалаем. Фотакартка падпісана: “Тры шчырыя сябры фронту”. Такі подпіс сведчыць пра сяброўства, узаемавыручку і разуменне агульнай ваеннай справы. Прадзядуля стаіць у цэнтры, хачу адзначыць, што ён апрануты ў ваенную форму новага ўзору. На адваротным баку маецца і яшчэ адзін надпіс для любімай жонкі: “Фатаграфія зроблена ў горадзе Рыга. 26.03.1945” Я гляджу на фатаграфію і адчуваю гонар за гэтага мужнага чалавека, які прайшоў цяжкімі шляхамі Вялікай Айчыннай.
Нарадзіўся Васіль Іванавіч у вёсцы Хільчыцы Тураўскага раёна ў 1912 годзе. Ён меў пачатковую адукацыю: скончыў два класы школы ў 1925 го-дзе. 15 кастрычніка 1934 года прадзядуля быў прызначаны Тураўскім раённым ваенным камісарыятам да нестраявой службы і залічаны ў запас. Але, нягледзячы на гэта, 23 ліпеня 1944 года Васіль Вашкоў прымае ваенную прысягу пры 36-м запасным стралковым палку. Са жніўня 1944 года па 9 мая 1945 года – прадзядуля ў дзеючай арміі, прымае ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ў складзе 893 стралковага палка – тэлефаністам. Тэлефаніст – прафесія няпростая ва ўмовах баявых дзеянняў. Гэта нервы фронту, няйронная сувязь паміж камандаваннем і баявымі часткамі, паміж фронтам і тылам. За час баявых дзеянняў прадзядуля ўзнагароджаны медаллём “За перамогу над Германіяй” ад 6 мая 1946 года і шэрагам юбілейных медалёў. На мой вялікі жаль, узнагароды не захаваліся, але пасведчанні да іх – сямейныя рэліквіі, якія мы з братамі і сястрой часта пераглядаем. Пасля дэмабілізацыі Васіль Іванавіч уздымае зруйнаваную вайной гаспадарку, аддана працуе на сваёй малой радзіме. 20 жніўня 1976 года за шматгадовую і добрасумленную працу прадзядуля ўзнагароджаны медалём “Ветэран працы”.
На трэцім, пасляваенным фотаздымку, мой прадзед разам са сваёй жонкай Варварай і дзецьмі, сярод якіх мой дзед – Фёдар Васільевіч Вашкоў, хлопчык гадоў шасці, і яго сёстры Ганна і Марыя.
Крочым далей у падарожжа па сямейным альбоме Вашковых. На наступным фотаздымку – Фёдар Васільевіч Вашкоў падчас праходжання тэрніновай вайсковай службы. На адваротным баку надпіс: “На доўгую і вечную памяць бацькам ад сына Фёдара, падчас маёй службы. Горад Мінск-23. 14.11.1966 года”. Акрамя гэтага фотаздымка захаваўся яшчэ ваенны білет майго дзеда – крыніца гістарычнай інфармацыі. З яго я даведаўся, што ваенную прысягу дзядуля прыняў 25 снежня 1966 года ў вайсковай часці 28212 у званні радавога тапографа ВУС-134.
Вось такія фотарэліквіі захоўваюцца ў маёй сям’і, з іх глядзяць на нас з далёкага мінулага вочы непадкупных сыноў сваёй Айчыны, якія стаялі на яе абароне ў розныя гістарычныя часы.
Арсеній ВАШКОЎ,
фота з сямейнага архіва.







Оставить комментарий