Чаму з крана цячэ ржавая вада і што з гэтым рабіць

0
73

У апошні час у рэдакцыю пачасціліся звароты ад жыхароў раёна: вада з крана ідзе мутная, з жаўтаватым адценнем, часам з непрыемным пахам.
За тлумачэннем сітуацыі і пошукам шляхоў рашэння праблемы мы звярнуліся да намесніка начальніка цэха Петрыкаўскага ўчастка Калінкавіцкага філіяла ДП “Гомельводаканал” Юрыя Кузняцова.

– Юрый Мікалаевіч, чаму ўвогуле вада бывае ржавай – на вадазаборах яе ж ачышчаюць?
– Усё так. На гарадскім вадазаборы і на станцыях абезжалезвання ў сельскіх населеных пунктах ваду ачышчаюць, пераважна ад павышанага ўтрымання жалеза, і адтуль яна сыходзіць у сістэму належнай якасці. Але да вашага крана вада праходзіць па трубах, і менавіта ў размеркавальнай сетцы могуць узнікаць так званыя другасныя забруджванні. Трубы з цягам часу зарастаюць вапнай і ржой. Калі вада з крана жаўтаватая – гэта як раз солі жалеза, якія трапляюць у яе з самых труб.

– І што, фільтры не выратуюць?
– Бытавы фільтр механічнай ачысткі, вядома, затрымае частку ржы. Але гэта барацьба з вынікам, а не з прычынай. Правільнае рашэнне – прамыўка і дэзынфекцыя вадаправода. Гэта не наша выдумка, а патрабаванне санітарных правілаў. Паводле пастановы Міністэрства аховы здароўя № 69 ад 16 верасня 2014 года, прафілактычная прамыўка знешняй і ўнутрыдамавой вадаправоднай сеткі павінна праводзіцца не радзей аднаго разу на тры гады – па графіку, узгодненым з органамі дзяржсаннагляду.

– Як адбываецца прамыўка?
– У два этапы. Спачатку – уласна прамыўка: гідрадынамічная, гідрапнеўматычная або механічная. Пад націскам вады, часам з паветрам, з труб вымываюцца вапнавыя адкладанні, ржа, акаліна ад зваркі, пясок – усе механічныя адклады. Спосаб падабіраецца індывідуальна, у залежнасці ад стану труб, іх дыяметра і даўжыні.
Другі этап – хімічная дэзынфекцыя. Трубы запаўняюць растворам хлорзмяшчальнага прэпарата, напрыклад гіпахларыту. Гэта знішчае патэнцыйна небяспечную мікрафлору. Пасля дэзынфекцыі сістэму зноў прамываюць чыстай вадой, і толькі пасля гэтага яна вяртаецца ў эксплуатацыю.

– А чаму прамыўку не робяць усюды?
– Магістральныя сеткі наш вадаканал прамывае рэгулярна, па зацверджаных графіках. Акрамя таго, праводзім непланавыя прамыўкі – у тым ліку па пісьмовых зваротах абанентаў. Праблема часцей узнікае на ўчастках, якія знаходзяцца на балансе не вадаканала, а саміх спажыўцоў.
З прыватнымі домаўладаннямі сітуацыя асабліва складаная. Вельмі часта вадаправод прамываюць адзін раз – перад здачай дома ў эксплуатацыю. А праз пяць-сем гадоў людзі пачынаюць скардзіцца на ржавую, мутную, дрэнна пахнучую ваду. Прычына простая: за гэты час у трубах скапіліся адклады, і ніхто іх не вымываў. Тое ж самае датычыцца ўнутрыдамавых сетак у шматкватэрных дамах.

– Ці ёсць сітуацыі, калі прамыўка фізічна немагчыма?
– Такое таксама бывае. Часам няма тэхнічнай магчымасці прамыць трубаправод – напрыклад, адсутнічаюць вадаправодныя калодзежы з запорнай арматурай у месцах далучэння да магістралі. Гэта так званыя “глухія ўрэзкі”. У такіх выпадках мы прапануем спажыўцам выканаць работы па ліквідацыі такіх урэзак – устанавіць калодзеж з засланкамі. Гэта дае магчымасць прамыць сістэму, палепшыць якасць вады і стабілізаваць ціск. Такія работы выконвае наш вадаканал і іншыя спецыялізаваныя арганізацыі, якія маюць адпаведнае дазвол.
Яшчэ адзін момант, пра які варта сказаць асобна – тупіковыя ўчасткі вадаправода. Гэта тупікі, дзе вада застаецца. Санітарныя правілы патрабуюць, каб уладальнік вадаправода забяспечыў на тупіковых участках спецыяльныя прылады для падключэння абсталявання і зваротнай прамыўкі. Калі гэтага няма – вада ў тупіку застаецца, і менавіта адтуль часта ідзе брудная вада да спажывацоў.

– Які вывад напрошваецца і што вы параіце сваім спажыўцам?
– Просты: якасная вада з крана – гэта вынік сумеснай працы. Вадаканал адказвае за магістралі і прамывае іх па графіку. Але ўнутрыдамовыя сеткі, падводкі да прыватных дамоў – гэта зона адказнасці ўладальнікаў. Калі ваш вадаправод не прамываўся некалькі гадоў – не чакайце, пакуль вада стане зусім непрыдатнай. Звяртайцеся, мы дапаможам. Толькі выконваючы патрабаванні санітарных правілаў і дагаворных абавязкаў з абодвух бакоў, мы вырашым праблему якасці пітной вады ў раёне.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о