
У канцы мінулага тыдня на лінію 112 паступіла паведамленне аб пажары ў Петрыкаве.
Калі падраздзяленне гарадской пажарнай часці № 1 прыбыла на месца здарэння, з-пад даху дома ўжо вырываўся густы дым. Сітуацыя патрабавала імгненнай рэакцыі: кожная секунда была на вагу золата.
Пры правядзенні разведкі начальнік дзяжурнай змены Сяргей Чыгіроў і майстар-выратавальнік Дзмітрый Фіндзюкевіч у моцна задымленым пакоі знайшлі гаспадара дома. Мужчыну аператыўна вынеслі на свежае паветра і перадалі ў рукі медыкаў. З атручэннем прадуктамі гарэння пацярпелага экстранна шпіталізавалі. Дзякуючы зладжаным дзеянням агняборцаў пажар быў ліквідаваны, а чалавечых ахвяр удалося пазбегнуць. Асноўная прычына здарэння – неасцярожнасць пры курэнні.
Карэспандэнт «ПН» сустрэлася з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацый, чыя працоўная змена выпала на час здарэння. Абодва суразмоўцы працуюць у пажарнай службе больш за дзесяць гадоў. Сяргей Аляксандравіч родам з Калінкавічаў. Пасля заканчэння ўніверсітэта прыехаў на петрыкаўскую зямлю, дзе не толькі знайшоў сваё пакліканне, але і стварыў сям’ю. Яго калега, Дзмітрый Мікалаевіч – карэнны петрыкаўчанін. Выпускнік першай гарадской школы, пасля службы ў войску цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з высакароднай прафесіяй выратавальніка.
Мужчыны прызнаюцца: выбар службы ў МНС быў зроблены па клічы душы. І апошні выпадак у чарговы раз даказаў: у радах Петрыкаўскага РАНС працуюць людзі, для якіх выратаванне жыццяў – не проста работа, а сапраўднае пакліканне.
– Пажарнай бяспецы сёння нададзена вялікая ўвага: інфармацыя ў СМІ, сюжэты на тэлебачанні, сацыяльныя ролікі ў інтэрнэце, памяткі ў кожнай паштовай скрыні, рэгулярная прафілактычная работа нашага аддзела. Здавалася б, правілы бяспекі павінны ведаць усе, – дзеліцца Сяргей Чыгіроў. – Але калі бачыш наступствы надзвычайных сітуацый, разумееш: людзі дагэтуль не ўсведамляюць маштаб пагрозы.
Асаблівы акцэнт хочацца зрабіць на пажары, узнікшыя ў выніку незатушанай цыгарэты. Гэта не проста шкодная звычка, гэта рэальная крыніца смяротнай небяспекі, якую многія недаацэньваюць.
– Здавалася б, алгарытм дзеянняў вельмі просты: не куры ў ложку, пераканайся, што недакурак цалкам патушаны, не пакідай попельніцу побач з лёгкаўзгаральнымі рэчамі, шторамі або паперамі, – уступае ў размову Дзмітрый Фіндзюкевіч. – Але статыстыка ўпартая: пажары, выкліканыя неасцярожным абыходжаннем з агнём пры курэнні, працягваюць лідзіраваць у зводках МНС.
Выратавальнікі падкрэсліваюць: агонь не даруе халатнасці. Дастаткова некалькіх хвілін, каб недакурак ператварыўся ў полымя, якое ахопіць увесь пакой. У такіх сітуацыях кошт ідзе на секунды, і часцяком выратаваць чалавека, які знаходзіцца ў глыбокім сне, бывае немагчыма.
Работнікі Петрыкаўскага РАНС у чарговы раз звяртаюцца да землякоў: будзьце пільныя і адказныя. Захаванне элементарных правілаў пажарнай бяспекі – гэта не фармальнасць, а адзіны спосаб захаваць свой дом і, што самае важнае, сваё жыццё.
– Жыццё не дадзена нам для таго, каб так бестурботна ім распараджацца, – рэзюмуюць выратавальнікі.
Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий